Выбрать главу

Кіеня падбіраў сабе здольных, часта таленавітых памочнікаў. Урэшце так і трэба. Аднак з цягам часу, баючыся за свой аўтарытэт, ён пачаў асцерагацца, каб выпадкова які памочнік не замяніў яго. Кіеня не заціраў сваіх памочнікаў. Ён дабіваўся пераводу іх на які-небудзь іншы аб’ект, прычым матывы заўсёды былі самыя грунтоўныя: моладзь трэба вылучаць.

Калі ў Мінску, у трэсце, Кіеню прапанавалі ўзяць інжынерам па мантажу Банжына, ён перш-наперш захацеў пагутарыць з ім.

Алесь Банжын, нядаўні выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута, за некалькі год набыў немалы вопыт на розных будоўлях краіны. Ён узводзіў электрастанцыі пад Масквой і на Урале, пад Ленінградам і на Паволжжы. Потым, калі пачалася ўзмоцненая электрыфікацыя Беларусі, яго пацягнула ў родныя мясціны. Да Палескай станцыі ён будаваў Смалявіцкую. На ўсіх іх быў радавым інжынерам-мантажнікам, што і прывабіла Кіеню.

Паступова ён перакладаў на Банжына ўсё, што датычыла мантажу.

I толькі, калі стала вядома, што кран безнадзейна позніцца, узяўся за справу сам. Тады з’явіўся гэты самы графік.

Кіеня рашыў пагаварыць з Банжыным. Але знайсці яго было не так проста. Не было Банжына ні на асноўнай пляцоўцы, ні на падсобных, дзе ляжалі канструкцыі, што былі падрыхтаваны да зборкі. Кіеня ўзлаваўся. Такі адказны момант, а інжынер, якому даручана важнейшая справа, знаходзіцца нямаведама дзе. Нехта з рабочых, пазнаўшы галоўнага інжынера, падказаў:

— Алесь Антонавіч у канторы.

— Дзе? — не паверыў сваім вушам Кіеня, адчуваючы, што ягонае залатое правіла быць гранічна ветлівым з падначаленымі пачынала здраджваць яму.

Да невысокага барака, які стаяў за агарожай тэрыторыі электрастанцыі і ў якім размяшчалася мантажнае ўпраўленне, было недалёка. Але Кіеня, пакуль дайшоў туды, паспеў добра задыхацца. Стрымліваючы злосць, тузануў клямку дзвярэй пакойчыка, у якім звычайна працаваў Банжын. Дзверы не паддаваліся. Кіеня бездапаможна азірнуўся.

— Ёсць, ёсць, — сказала дзяўчына-чарцёжніца, што сядзела ў суседнім пакоі.

Кіеня замалаціў кулаком.

— Хто там?..— пачуўся нездаволены голас Банжына.

— Я!..

Дзверы адчыніліся.

— Гэта чорт ведае што!.. — вылаяўся Кіеня.

— Не разумею, Рыгор Карпавіч.

Кіеня зірнуў у спакойныя, стомленыя

вочы Банжына і прабурчаў:

— Сапраўды не разумееце або прыкідваецеся — дапытвацца не буду. Але чаму вы, Алесь Антонавіч, знаходзіцеся тут, у кабінеце. Хіба мантаж ідзе па графіку?

— Таму і сяджу. Бо ні я, ні нават вы не паможам графіку, колькі б ні таўкліся ля крана.

— Аднак...

— Я прывык давяраць брыгадзірам, тэхнікам.

— Аднак, што вы тут робіце?

— Думаю.

— М-так... — Кіеня плюхнуўся ў крэсла і выцер хусткай успацелы лоб. — Дык што будзем рабіць?

— Думаць і яшчэ раз думаць.

Упартая самастойнасць, што раптам з’явілася ў Банжына, вельмі здзівіла Кіеню.

— Думаць не забараняю, нават раю. Аднак папрашу помніць: вы асабіста адказваеце за мантаж.

— Добра, — усміхнуўся Банжын, і Кіеня зноў адчуў сябе чамусьці няўпэўнена.

VIII

У кніжным магазіне адкрылася падпіска на збор твораў Фадзеева. Пасля работы Косця на хвіліну забег дадому, пераапрануўся і паспяшаўся ў магазін. Ля прылаўка ён сутыкнуўся з Верай.

— О, добра...— узрадавалася дзяўчына.

Косця азірнуўся па баках і расчаравана спытаў:

— Ты адна?

Лёгкі цень прабег па Верыным твары, але Косця не заўважыў яго. Ужо спакойна Вера адказала:

— Адна. Ты паможаш мне сёе-тое купіць?

«От ужо гэтая Вера, — падумалася Косцю, — здагадалася, няйначай, што я Марынку хацеў сустрэць». Трэба было неяк апраўдацца і ён сказаў:

— Пытаешся яшчэ...— Урэшце Вера ж Марынчына сяброўка і напэўна потым раскажа ёй, што бачыла яго, перадасць, пра што гаварылі.

Пачалі выбіраць кнігі. Вера захацела набыць «Разгром» і «Маладую гвардыю».

— Ты лепш бы падпісалася, — параіў Косця.— Поўны збор твораў мела б.

— У нас дома так павялося, што падпіскай бацька займаецца. У Мінску ў нас многа кніг. А тут ён не хоча падпісвацца, бо адсюль жа не перавядзеш падпіску, вунь бачыш, аб’ява папярэджвае аб гэтым.

— Навошта пераводзіць, паспееш усе тамы атрымаць, — прыкінуў Косця, колькі часу ім засталося тут працаваць.

Вера адказала не адразу. Яны выйшлі на вуліцу, пайшлі ў бок яе дома. Гуляючы каменьчыкам, што выпадкова трапіўся пад ногі, Вера сказала:

— Бацька лічыць, што мы тут часова. У нас у Мінску кватэра.