— Як гэта часова? — шчыра здзівіўся Косця. — Як так можна працаваць?
— Некалі ж будоўля скончыцца, бацьку перавядуць на новае месца. Так было ўжо не адзін раз. А пакуль дадуць новую работу, маці кажа, што трэба мець недзе пастаяннае прыстанішча. Мінск ёй падыходзіць больш за ўсё. Горад вялікі, чаму не застацца там і назаўсёды.
Вера сказала гэта нібы знарок абыякава. Косця так і не зразумеў, ухваляе яна намеры сваёй маці, ці не.
— А ты? — спытаўся ён. — Таксама чакаеш, калі вернешся ў Мінск?
Вера зноў адказала не адразу, потым, шпурнуўшы каменьчык з усёй сілы, шчыра загаварыла:
— Не крыўдзі мяне, Косця. Я яшчэ і сама не ведаю, што хачу. Вось, здаецца, працую і нічога мне больш не трэба. А іншы раз як падумаю, што магу тут застацца адна, пачынаю баяцца. Раптам захочацца следам за бацькамі паехаць. Ты не думай, я не такая ўжо самастойная, як можа каму ўяўляецца. Я прывыкла да ванны і не прывыкла пра вячэру ці абед клапаціцца. Табе гэта можа і смешна...
— Прыдзецца застацца адной — пражывеш, як мы.— Для Косці самастойнае жыццё ўжо не было праблемай і ён не верыў, што яно можа быць праблемай для каго іншага.
Вера збоку зірнула на хлопца і весела засмяялася:
— Эх ты, суцяшальнік! Я колькі начэй не спала і нічога не магла рашыць. А ты раз і разматаў гэты вузел.
— Гледзячы, што для каго вузлом лічыць, — пакрыўдзіўся Косця.
— Ну, не злуйся... Можа і твая праўда. — Косця ў гэты момант нагадаў Веры пакрыўджанае дзіцё, і ёй захацелася зрабіць яму што-небудзь прыемнае. Яна не ўтрымалася і пагладзіла яго па галаве. Збоку гэта было, бадай, смешна, але калі яны зірнулі адно на аднаго, то раптам сумеліся.
— Дзе ж гэта Марынка? — першы схамянуўся Косця.
— Павінна была зайсці да мяне, — нельга сказаць, што Вера была задаволена яго пытаннем, але Косця зноў нічога не заўважыў. Ён зноў успомніў пра Марынку, і астатняе ўжо для яго перастала існаваць.
А Марынка ў гэты час сапраўды была ад іх недалёка. Яна ішла да Веры і прыкмеціла, як тая з Косцем выйшлі з магазіна. Гэта яе зацікавіла, і яна пайшла следам, стараючыся, аднак, каб яе не заўважылі. Але хутка ёй не спадабалася іх ажыўленая размова. Надта ўжо Косця захапіўся. Марынка занервавалася. Вера была дзяўчына разумная і ўмела пагаварыць, нездарма ж у любой сур’ёзнай кампаніі Марынка была пры ёй, як бедная сваячка: яе цярпелі, але за парадай не звярталіся. I яна рашыла ўмяшацца:
— Вось дзе вы.— Інтанацыя, з якой было гэта сказана, і ўсмешка, стрыманая, зняважлівая, сведчылі, што Марынка злуецца. Косця адчуў сябе вінаватым.
— Марыначка, пойдзем з намі, — прапанаваў ён.
Адразу дараваць? Не, гэтага рабіць Марынка не хацела. Трэба было даць адчуць Косцю, трэба паказаць, што ён не цікавіць яе ні кропелькі.
— Мне, відаць, з вамі не па дарозе. Вы гуляеце, а я ў клуб. Там сёння спеўка ў хоры.
— Але ж ты... — пачала была Вера.
— Рашыла спяваць, не турбуйся.
Косця зжахнуўся: там столькі хлопцаў будзе і, не зважаючы на Веру, рашуча сказаў:
— Пайду з табой.
— Як хочаш,— Марынка ласкава звярнулася да сяброўкі.— Даруй, Верачка, мы ж не праводзім цябе.
— А мне і не трэба!
— Вось мы і ўдвох...
Ад гэтых Марынчыных слоў Косця нібы ажыў. Марынка ўжо не злавалася, яна гдядзела на яго па-ранейшаму цёпла і прыязна. Яна даравала. Яны зноў удвох.
У клубе, як заўсёды ўвечары, было многа моладзі. Косця з некім гаварыў, некаму нешта адказваў. Жартавала, смяялася, размаўляючы са знаёмымі, і Марынка, але ён, бадай, нікога і нічога навокал не заўважаў. Ён бачыў толькі Марынку, прыгожую, вясёлую, і адчуваў, што яны і тут, сярод людзей, знаходзяцца ўдвох. Нават калі Марынка адна зайшла да кіраўніка хору, пачуццё, што Марынка побач, у Косці не прапала. 3-за дзвярэй ён чуў яе голас не надта моцны, але мілагучны, і здзіўляўся, як гэта ніхто з прысутных у калідоры не звяртае ўвагі на яе спеў.
Марынка затрымалася. Занепакоены, Косця пачаў хадзіць сюды-туды. Яго таксама ледзь не завербавалі ў самадзейнасць. Сустрэліся знаёмыя дзяўчаты, якія ведалі, што ён любіць і добра чытае вершы, і прапанавалі яму далучыцца да іх драматычнага гуртка. Але як ён мог згадзіцца, калі Марынка будзе ў харавым? Ён у гэты час шчыра бедаваў, што не мае голасу.
Нарэшце вярнулася Марынка. Радасная, узрушаная. Яна паведаміла:
— Буду спяваць. Сола. Песню «Куды бяжыш, сцяжынка мілая». Ведаеш такую?
— Вельмі люблю.
— Праўда? А то можа наўмысля кажаш? Не? То прыходзь паслухаць, як я спяваю. Канцэрт праз месяц.
Косцю непрыемна ўразіла гэта «прыходзь паслухаць». Ён жа спадзяваўся, што Марынка будзе сюды хадзіць кожны раз з ім.
— Толькі акампаніраваць няма каму. Пад баян я не хачу,— раптам сказала Марынка.