Выбрать главу

— Ну, не бяда,— абнадзеіў Косця.— Адзін мой знаёмы на піяніна ўмее іграць.

Гаворачы так, Косця меў на ўвазе Банжына. Ён не вадзіў з ім блізкага знаёмства. Аднак цяпер здавалася, што гэта не мае істотнага значэння. Бо хіба можа хто адмовіць Марынцы.

— Будзе ў цябе акампаніятар!

— Я так любіла некалі выступаць,— усё не магла супакоіцца Марынка,— яшчэ ў школе. Стаіш на сцэне на віду ўсёй залы. I ўся ўвага толькі табе. I ведаеш, што самае страшнае? Той момант, калі ты скончыла песню і табе вось-вось пачнуць апладзіраваць. Так хвалюешся. А раптам апладысментаў не будзе?

— Ну, іх у цябе, відаць, хапала...

— Канешне. А табе што, не падабаецца гэта?

— Чаму... — схлусіў Косця.

— Бачу,— засмяялася Марынка.— А пра што гэта вы з Верай размаўлялі з такім захапленнем?

— Мы і пагаварыць не паспелі,— прызнаўся Косця.

— Перашкодзіла? Шкадуеш?

— Навошта ты? Ты ж ведаеш, што я з табой пайшоў...

Марынка спалохалася. Раптам ён вось цяпер адважыцца і скажа што-небудзь такое, пра што яна здагадвалася ўжо даўно сама і чаго, урэшце, баялася.

— Я пайду, Косця,— сказала Марынка.— Мой дом побач.

— Не,— запярэчыў Косця.— А я думаў, мы пагуляем...

Марынцы стала шкада хлопца. Яна падала яму руку на развітанне.

— Не магу, Косцечка, стамілася,— і раптам пацалавала яго ў лоб.

Пакуль Косця зразумеў, што здарылася, яна была ўжо за брамай. Косця доўга стаяў, чакаючы, што Марынка яшчэ вернецца. Але яна не вярнулася.

IX

Іх было дзве сястры: Марынка і малодшая — Ніна. Неяк ужо так павялося, што, як Марынка памятае сябе, заўсёды вылучалі з іх дзвюх яе адну. Што гэтаму было прычынай, яна не задумвалася. Можа так здарылася таму, што яна раней пайшла ў школу і раней падрасла. А можа таму, што была прыгажэйшая, байчэйшая і лепш вучылася? Толькі новыя сукенкі куплялі Марынцы, а Ніна хадзіла ў абносках. Марынку бралі ў кіно, Ніну пакідалі дома. Нават падручнікі і кнігі даставаліся Ніне пасля Марынкі.

Марынка хутка заўважыла сваё асаблівае становішча ў доме і навучылася ім карыстацца. Неўзабаве кожнаму яе жаданню павінны былі падпарадкоўвацца і Ніна, і маці, і бабулька. Перакананне, што яна лепшая, мацнела ў ёй усё больш і больш. Гэта перакананне яна прынесла з сабой і ў школу.

Вучылася Марынка добра. Не таму, што вучоба яе надта цікавіла. Яна і тут хацела быць першай. Спачатку так і было. Але паступова, у старэйшых класах, гэта першынство пахіснулася, а потым зусім было ўпушчана. Марынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. У той час, калі яе аднагодкі на камсамольскіх сходах, літаратурных дыспутах спрачаліся, шукаючы сваё месца ў жыцці, яна, седзячы побач з імі, слухаючы, заставалася абыякавай. У душы была надзея на нейкі іншы лёс. Які? Хто ведае, але не такі — не завод, не цяжкая праца. Жыццё павінна быць святам. Гэта не была канчатковая ўпэўненасць. Але такое перакананне пусціла ўжо свае карэньчыкі.

Маці з бабулькай не шкадавалі грошай, і Марынка заўсёды апраналася так, як патрабавала апошняя мода. Гэта вылучала яе сярод сябровак, рабіла сталейшай. Калі аднакласніцы яшчэ толькі ўпотай марылі аб каханні, яна ўжо назначала спатканні.

Адчуваючы сябе зусім сталай, Марынка ў дзесятым класе многа хадзіла на танцы, у кіно, гуляла позна па вечарах. Яна не задумвалася, што неўзабаве яе чакаюць экзамены, а за імі — самастойнасць.

На медаль Марынка не выцягнула. Без медаля паступіць у інстытут цяжка. Гэта Марынка ведала. Трэба было рыхтавацца, сядзець усё лета, паўтараць тое, да чаго, здавалася, ужо ніколі не прыдзецца вяртацца. Чым больш праходзіла дзён, тым часцей непакой халадзіў душу. У такія мінуты Марынка старалася весяліцца яшчэ больш, смяялася з тых, хто сядзеў над падручнікамі.

Паступаць у інстытут у Мінску Марынка не хацела. Яна вырашыла ехаць у Ленінград.

Провады былі ўрачыстыя. Дома зрабілі вечарынку. Упершыню, не тоячыся, пілі віно, гаварылі тосты, жадалі ўдачы. Гэткай жа шумнай кампаніяй адправіліся на вакзал. Стоячы ля вагона ленінградскага поезда, Марынка бачыла ўжо сябе студэнткай універсітэта і з адчуваннем гэтай новай сваёй годнасці лавіла позіркі сяброў, то поўныя прызнання яе незвычайнасці, то — зайздрасці. На развітанне яна нават не ўтрымалася і сказала: «У наступнае лета не чакайце мяне, у нас будзе замежная практыка».

Экзамены Марынка праваліла. Гэта быў неспадзяваны і моцны ўдар — першы на яе жыццёвым шляху.

Па-ранейшаму свяціла сонца, поўніліся натоўпам вуліцы Ленінграда, велічна несла свае воды прыгажуня Нява...

Марынка блукала па вуліцах, ездзіла да Фінскага заліва, купалася, а сама думала, што гэта цяжкі сон, які хутка павінен скончыцца. Ён сапраўды скончыўся: трэба было вызваляць месца ў інтэрнаце.