Малады, здаровы сон прыйшоў сам сабой, заглушыў непрыемны роздум.
Прачнуўся Косця апоўдні. Не пабудзіўшы хлопцаў, хуценька сабраўся і накіраваўся да Банжына. А там ужо ішла нарада. Сядзелі брыгадзіры, майстры, многія з тых, хто, як і ён, меў за плячыма вопыт другіх будоўляў.
Самы малады сярод брыгадзіраў, Косця сціпла прысеў у кутку і пачаў слухаць.
— Скарочанага графіка нам, відаць, не вытрымаць, — працягваў размову Банжын.— Такую махіну з ходу не збярэш. Адна пад’ёмная страла, ліха на яе, мае сорак метраў. Патрэбен час, і мы павінны знайсці яго...
— Па дзве змены працаваць, — прапанаваў нехта.
— Адзін аднаму перашкаджаць будзем... — пачуліся галасы.
— Так, гэта не выхад, — адхіліў прапанову Банжын, і Косця, уявіўшы сабе, як выглядае пляцоўка, вымушан быў згадзіцца з ім.
Брыгадзіры задумаліся, успаміналі розныя прыклады, падобныя выпадкі, але прыдумаць нічога не маглі.
— Адным словам, вышыня... — задумаўся Косця.
— Вышыня? — перапытаў Банжын, і раптам яго схуднелы, пахмуры твар ажывіўся. — Вышыня, кажаш?
— Алесь Антонавіч, але ж ад вышыні мы і плачам.
— Плакалі, дарагі, а цяпер не будзем. 3 вышынёй на зямлі змагацца будзем, брыгадзіры! А як — пазней скажу, калі сам абдумаю ўсё да рэшты.
Пасля нарады Косця затрымаўся ў Банжына. Больш зручнага выпадку выканаць Марынчыну просьбу не можна было і чакаць.
— I ўсяе просьбы? — на дзіва хутка згадзіўся Банжын.— Гэта якая? Тая шэравокая, што з дачкой Кіені сябруе?
— Яна, яна.
— Кахаеш?
Косця спачатку хацеў быў казаць праўду, бо вельмі любіў і паважаў Банжына. Але засаромеўся. Ды з кім у дваццаць год падобнага не бывае?
— Не, — сказаў ён, пачырванеўшы.
— Хлусіш, мабыць, — не паверыў Банжын, — дзяўчына яна прыгожая, закахацца можна.
— Вера таксама нішто сабе, — зноў не знайшоў сілы прызнацца Косця.
— Ну, як ведаеш, — чамусьці ўздыхнуў Банжын, — а мне яна падабаецца.
Незадаволенасць сабой доўгі час не пакідала Косцю пасля гэтых слоў Банжына. Ён, як толькі трапілася мінута, адразу пабег шукаць Марынку. У інтэрнаце сказалі, што яна напэўна пайшла да Веры. Косця ні разу не быў на кватэры галоўнага інжынера. Ды і адносіны з Верай пасля той сустрэчы ў кніжным магазіне зрабіліся халоднымі. Дзяўчына нечага крыўдзілася. Але не ў такім стане быў Косця, каб заўважыць і зразумець чужую крыўду.
Дзверы адчыніў сам Кіеня. Ён, відаць, не ўспомніў Косцю, з якім гутарыў на будоўлі толькі разы са два.
— Вам каго?
— Веру.
— Вера, да цябе, — сказаў некуды ў бакоўку Кіеня і прапусціў хлопца наперад.
— Тата, гэта ж Клубовіч, — сустрэла Косцю дзяўчына.
— Не пазнаў я... Прабачце, малады чалавек. Вочы мае ўжо дрэнныя.
— Нічога, Рыгор Карпавіч, — збянтэжыўся Косця ад увагі, якую праявіў раптам галоўны інжынер да яго.
А той не адставаў:
— У такім разе, дачка, і я да цябе зайду.
Рыгор Карпавіч прымусіў, нарэшце, Косцю зайсці ў Верын пакой.
Марынка была там. Яна сядзела ў мяккім крэсле з выглядам чалавека, які прывык бываць у гэтым пакоі. Яе не здзівіў прыход Косці з гаспадаром дома. Не звяртаючы на іх увагі, яна забаўлялася з плюшавым мядзведзем. Косця якое імгненне глядзеў на яе, чакаючы сустрэчнага позірку. Не дачакаўшыся, пачаў глядзець па баках. Мноства кніг — гэта было адзінае, што нечакана ўразіла яго. Кнігі ляжалі на стале, на тумбачцы, на канапе. Відаць, да іх звярталіся тут часта. Косця нават пазайздросціў такой магчымасці. У бібліятэцы клуба будаўнікоў на цікавую кнігу трэба было перачакаць чаргу. Аднак доўга стаяць моўчкі было няёмка. Добра, што выручыў сам гаспадар.
— Няўдача, малады чалавек? — загаварыў ён, зусім не цікавячыся, чаго Косця з’явіўся тут.
У голасе галоўнага інжынера не чулася строгасці, як гэта звычайна было на рабоце. Тут ён быў зусім свойскі, крыху састарэлы, лагодны дзядзька. Косця асмялеў, расказаў, чаму не выканалі план уначы.
— Вы павінны дабіцца, каб гэтага... як, Вера, яго?.. перавялі куды-небудзь.
— Кацубу, — падсказала Марынка.
— Яго выхоўваць трэба, — загарачылася Вера. Ёй вельмі было няёмка перад Косцем за тое, што бацька так абыякава сказаў пра члена іх брыгады.
— Не тое, дачка, гаворыш. Сама, мабыць, інакш думаеш. Якія з вас педагогі, кашы мала з’елі. Выхоўваць Кацубу трэба было значна раней. Так, брыгадзір?