Выбрать главу

Вада ціха плёскала ў борт дэбаркадэра. Косця любіў слухаць гэты плёск, які адганяў стому, супакойваў, даваў прастору фантазіі. Часам прачнецца на досвітку, хлопцы яшчэ спяць, а ён выйдзе да борта, схіліцца над вадой... Колькі ўспамінаў ажыве ў памяці ў такія хвіліны.

Вакол гарадка — лес, балоты... Здалёк здаецца, што лес густы-густы і няма яму канца-краю, як той тайзе, пра якую так многа і цікава расказваў некалі іх сусед. Косця зайздросціў яму. Вось гэта біяграфія ў чалавека. Адным з першых прыехаць на будаўніцтва Камсамольска, у час вайны скокнуць з парашутам у тылу ворага... Што яшчэ мог пажадаць сабе хлапчук у дванаццаць гадоў? Мінаў час, Косця сталеў. Многае з расказаў суседа забывалася. А як некалі будавалі Камсамольск — помнілася. Нібы сам быў там, жыў у палатках, карчаваў тайгу, узводзіў заводы. Дзіцячая мара пасталела разам з ім. Адно засмучала — думалася, што на яго долю ўжо не засталося ніякай рамантыкі. Гэтая думка асабліва не давала спакою, калі ўжо на яго вачах камсамольцы — яго аднагодкі — паехалі асвойваць цаліну, Усходнюю Сібір. А ён, студэнт Магілёўскага машынабудаўнічага тэхнікума, не мог быць разам з імі. Яго проста не пусцілі, сказалі, што трэба канчаць вучобу.

Косця спадзяваўся, што пасля заканчэння тэхнікума яго пашлюць на Усход, дзе з’явіліся Брацк і Ангарск, дзе неўзабаве запаляцца домны Тайшэта і Сарбая. Назначэнне на будаўніцтва Палескай ДРЭС ён прыняў як удар па сваіх надзеях. Гэта ж тут, побач... Не адразу ён змірыўся са сваім лёсам. Не цешылі ні палаткі, якіх у пачатку і тут хапала, ні адчуванне, што ты ў ліку першых пачынаеш будаўніцтва. Пачуццё задавальнення, адчуванне, што і ты тут гаспадар, прыйшло пазней, калі давялося сустрэцца з сапраўднымі цяжкасцямі, часам недасыпаць, мерзнуць, працаваць з усіх сіл.

На будоўлі Косцю прызначылі брыгадзірам. Ён сустрэў прызначэнне як заканамерную з’яву: у яго ёсць веды, якіх няма ў многіх ягоных аднагодкаў, што прыйшлі сюды са школ і калгасаў. Ён зрабіў вывад, што можа і павінен даць будаўніцтву больш. Заўсёды, прачынаючыся, Косця абдумваў планы на сённяшні і на будучыя дні. Гэта стала яго звычкай, патрэбай. I раптам усё парушылася.

Рака, як і раней, плёскалася за бортам дэбаркадэра, нешта сваё шапталі хвалі. Толькі на душы ў Косці не было ранейшай раўнавагі і спакою. Думалася ўжо не пра работу ў брыгадзе, а пра ўчарашняе спатканне. Косця быў лёг, але ні сон, ні спакой не прыходзілі. Промень сонца крануўся твару. Косця з асалодай пацягнуўся з ложка і выйшаў з пакоя. Рака вабіла свежасцю, абяцала вярнуць бадзёрасць. Ён зірнуў уніз. У вадзе, як у люстэрку, адбіўся яго заклапочаны твар, калматая галава.

Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяному люстэрку рабацінне. Косцеў твар у вадзе здзекліва перасмыкнуўся і знік.

Недзе на чыгунцы загуў паравоз.

— Эге-ге!.. — уторачы яму, шчасліва закрычаў Косця і даў глыбокага нырца.

— Лунацік, далібог, лунацік! Косця, шыбуй сюды, час палубу драіць, — пачуў ён, выплыўшы, голас з дэбаркадэра.

— Зараз, Сяргей, зараз...

Дэбаркадэр яшчэ ў мінулым годзе рабочыя мясцовай суднаверфі падаравалі будаўнікам электрастанцыі для інтэрната. Моладзь сустрэла гэта з радасцю. Не трывожыла, што адсюль далей да месца работы, што ўзімку тут халадней, а летам гарачэй, чым у другіх інтэрнатах, што няма тут асаблівых выгод. Хоць і стаіць дэбаркадэр на прыколе, але ўсё-такі судна. А калі разам з усімі пасяліўся дэмабілізаваны балтыец-марак Сяргей Шаранкоў, тут пачалі ўсталёўвацца сапраўдныя флоцкія парадкі. Пакой пачаў звацца кубрыкам, вонкавы калідор — палубай, лесвіца — трапам. Каменданта называлі не іначай, як боцманам, і шкадавалі, што няма ў яго свістка або дудкі. Але адсутнасць боцманаўскай дудкі зусім не адбівалася на чысціні. За парадкам на дэбаркадэры сачыў не столькі камендант, колькі Сяргей. Хлопцы нават жартам называлі яго за гэта мічманам.

III

Рыгор Карпавіч шпарка прайшоў міма сакратаркі, на хаду загадаў нікога не пускаць і шчыльна зачыніў за сабой дзверы. Толькі тады даў волю бяссільнай злосці, якая душыла яго ўсю дарогу да работы. Дома зноў адбыўся скандал. Жонка крычала, што яна ўжо не такая маладая, каб дазволіць сабе раскошу сядзець у гэтакай глухамані, што ў іх у Мінску добрая кватэра з гарнітурнай мэбляй і газам і што яна паедзе адсюль адна, а ён як сабе хоча. Можа нават на старасці год шукаць сабе новую жонку.

Рыгор Карпавіч, проста сказаць, уцёк з дому. Самае страшнае, аднак, было не гэта. Колькі б ён ні даказваў, што цяпер ён павінен працаваць тут, недзе глыбока-глыбока таілася думка, што можа жонка і мае рацыю. Хіба ён сядзеў бы на такой нязначнай пасадзе, каб... Але што зробіш? Рэпутацыю трэба ўзнавіць, а гэта не так лёгка. Яму патрэбен спакой, прынамсі ва ўласнай кватэры, каб адпачыць ад тых многіх турбот і клопатаў, якія прыбаўляюцца штодня. Ён кіраўнік, інжынер і павінен думаць, многа думаць, каб апраўдаць сваё званне, а разам з тым і вярнуць былое. А жонка гэтага не разумее, не хоча разумець. Вечныя скаргі, лаянкі. Яны перашкаджаюць, нервуюць, а спыніць іх няма сілы.