Выбрать главу

Пачаліся заняткі спевакоў. Акампаніраваў ім баяніст. Юнакоў і дзяўчат было многа, кожны займаўся сваім і ніхто не звяртаў увагі на Банжына. А таму гэта і трэба было. Аглядваючы залу, ён міжволі спыняў позірк на Марынцы. Яна, здавалася, не заўважала яго, стаяла строгая, задумлівая, час ад часу шэпчучы нешта сваёй суседцы. I толькі адзін раз паглядзела ў яго бок — пільным, доўгім позіркам.

Банжын непрыкметна выйшаў.

Цёплы ліпеньскі вечар вабіў кудысьці далёка-далёка, нашэптваў нешта таямнічае. Банжын спыніўся ля выхаду. Злева чулася гаманлівае жыццё галоўнай вуліцы. Звычайна ён любіў пахадзіць там увечары, палюбавацца на яркія агні ліхтароў. Яго заўсёды трохі здзіўляла, што моладзь, якая ў большасці гуляла тут, амаль перастала ўжо заўважаць гэта незвычайнае, што зусім нядаўна ўпісалася ў будаўнічы пейзаж.

Але сёння яму ўпершыню не захацелася на людзі. Ён збочыў за клуб, дзе ледзь угадваліся ў цемры абрысы будучага стадыёна. Ён і тут ведаў кожную сцяжынку сярод наваленай цэглы, штабялёў цёсу і выкапаных ям.

У левым сектары ўжо былі гатовы трыбуны. Банжын дабраўся да іх, узлез на самы верх і сеў на белую не пафарбаваную яшчэ лаўку. Адгэтуль панарама гарадка здавалася нібы шырэйшай. Недзе там, ля Беразіны, што адбівалася агеньчыкамі пасёлка, быў яго дом. Халасцяцкі пакой, пусты, па-роднаму прывычны, цяпер здаўся яму чужым. Банжын ужо не мог зразумець, як гэта ён цэлы год не заўважаў свайго адзіноцтва.

XIII

Косця хутчэй адчуў, чым заўважыў нешта новае ў паводзінах Марынкі. Раніцай на мантажную пляцоўку заглянуў Банжын. Ён вітаўся з рабочымі, гутарыў. Прывітаўся і з Марынкай, відаць, пры гэтым пажартаваўшы, бо дзяўчына ўсміхнулася ў адказ. Яна смяялася часта, ніхто на гэта нават увагі не звярнуў. Ніхто, акрамя Косці. Ён адзін прыкмеціў, як раптам імгненна запалымнелі яе шчокі, як засвяціліся вочы.

Неўзабаве Банжын падышоў і да Косці. I тут інжынер, які заўсёды быў з ім шчыры, ветлівы, раптам адвёў позірк. Што магло здарыцца?

— Клубовіч, зайдзіце да мяне.

Такі зварот яшчэ больш збянтэжыў Косцю. Аднак размова, што неўзабаве адбылася паміж імі, на некаторы час развеяла яго падазронасць. Банжын падрабязна расказаў, як думае манціраваць кран узбуйненымі вузламі.

Слухаючы Банжына, Косця ківаў галавой, паказваючы, што ўсё разумее. Ён толькі яшчэ не ўяўляў сабе, чаму Банжын расказвае гэта яму аднаму, а не ўсім брыгадзірам.

— Бачыш, якая справа,— нібы згадаўшы Косцевы думкі, сказаў Банжын,— раптам можа аварыя здарыцца, Таму, бадай, лепш за ўсё буйныя вузлы ў нядзелю падымаць. Вось я і спадзяюся на тваю брыгаду.

— А калі Кіеня не зацвердзіць?

— То мы, мажліва,— Банжын усміхнуўся,— яму на практыцы дакажам, калі што якое.

Такі кірунак справы Косцю спадабаўся. Тут табе і таямнічасць, і рызыка, і ні з чым непараўнанае пачуццё першай сур’ёзнай адказнасці, якая раптам ляжа на твае плечы.

— Будзе зроблена!

— Але каб не перашкаджала планавай рабоце, — папярэдзіў Банжын.

— Вядома,— Косцю здавалася, што цяпер хопіць сіл зрабіць нешта самае цяжкае, самае вялікае.

...Сяргей выканаў абяцанне: узяў шэфства над Кацубам. Міхась з таго часу стаў яго падручным. Але гэта мала што змяніла. На работу Кацуба выходзіў, а працаваў як хацеў: калі работа аж кіпела ў ягоных руках, а калі ён соваўся з месца на месца, як сонны. Так было і сёння.

Гэта засмуціла Косцю. Ён быў упэўнены, што ніхто з яго брыгады не адмовіцца ад прапанаванай Банжыным работы. Вось толькі Кацуба... Ён адзін можа падвесці брыгаду. Каб гэтага не здарылася, з ім трэба нешта рабіць. А што?

Гэтае пытанне Косця задаваў сабе не адзін раз да канца змены, але адказу знайсці не мог. Сам тут рады не дасі. Трэба будзе параіцца з Сяргеем. I з Верай. Дзяўчына, здаецца, з паўслова разумее. Добрыя ж у яго сябры. I Сяргей, і Вера і... Марынка. Так, Марынка, любая, каханая. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Яна, седзячы на перакладзіне, прыкручвала вялікім ключом мацавальную гайку, зусім не зважаючы на вышыню. Косця хацеў быў крыкнуць, каб асцерагалася, але залюбаваўся і доўга потым не мог адвесці ад яе вачэй. Нейкая была яна цяпер не падобная на звычайную Марынку, скаваную, асцярожную. Яна, мусіць, не здагадваецца, колькі ягоных думак прызначана ёй. А сказаць аб гэтым — боязна, раптам пакрыўдзіцца і не будзе нават тых рэдкіх хвілін, калі Марынка па-сапраўднаму здаецца родным і блізкім чалавекам. Як хораша ў яго тады на душы! У такія хвіліны адлятаюць прэч усе сумненні, уяўляецца, што і яна, Марынка, любіць яго. Не, не можа быць, каб ён быў для яе абыякавы. Калі не каханне, то ва ўсякім выпадку прыязнасць ёсць.