— А калі ў Мінску не адобраць, — папярэдзіў Кіеня, — такім жа чынам, у нерабочы час паставіце ўсё на сваё месца.
Банжын згадзіўся, упэўнены, што праўда на яго баку.
XV
Аб рашэнні Кіені Банжын паведаміў Косцевай брыгадзе.
— Паспяшайцеся, — папрасіў ён, — каб мы маглі, калі спатрэбіцца, адразу пачаць работу. Так, Вера Рыгораўна? — нечакана звярнуўся Банжын да Веры. У яго быў добры настрой, яму падабалася, што дачка Кіені разам з імі.
— Гэта мне падабаецца, — замест Веры сказаў Кацуба. — Або будзе, або не, як пугаю па вадзе. А мы працуй, вучыся.
— Баішся, што на танцах без цябе не абыдуцца? — запыталася Марынка. Ёй хацелася, каб і на яе звярнуў увагу Банжын.
— Адстала ад жыцця, — зняважліва адвярнуўся Кацуба. — Вера, чым я займаюся? Скажы ёй...
— Бегаць вучыцца, — пацвердзіў Сяргей, — можа на ногі стане.
— I піць меней будзе Міхасёк,— сказала Вера.
Нечакана загаварыў Банжын:
— Маё заданне трэба выконваць так, каб гэта не шкодзіла вашым асноўным планам.
— Для нас кран самае асноўнае, — запярэчыў Косця.
— Ну, калі вы не здолееце арганізаваць работу так, каб яна не шкодзіла адпачынку, прыдзецца даручыць каму іншаму.
— Алесь Антонавіч! — занепакоіліся хлопцы.
— Вось вам і Алесь Антонавіч... Я сказаў праўду. Выбірайце, але каб і на стадыён і на клуб часу хапала.
— Давайце так зробім, — прапанавала Марынка, — кожны дзень пасля работы збярэмся гадзіны на дзве і будзем манціраваць.
Усім спадабалася прапанова, толькі Кацуба нешта чмыхнуў сабе пад нос, ды Вера з цікавасцю зірнула на Марынку.
— Давайце на стадыён, — сказаў Косця.
— Чаго? — здзівілася Марынка.
— Як хочаш, а мы на стадыён...
Рушылі ўсе. Затрымаўся адзін Косця. Ён пакрыўдзіўся. Любое яе жаданне было для яго законам, а ён сёння ўпершыню папрасіў пайсці разам на стадыён, і яна адмовілася.
— Ну, а ты чаму застаўся? Ідзі.
— Расхацелася. Пайду ў клуб.
— Як хочаш...
Такая ж нецярплівая, нервовая была Марынка і ў клубе. 3 Косцем размаўляла рэдка і ўсё азіралася на дзверы, быццам чакала каго. Нарэшце яна выбегла з пакоя. Косця выйшаў следам.
Сумная была іх прагулка. Косця спрабаваў быў загаварыць з Марынкай, развесяліць. Яна або не адказвала, або прасіла адчапіцца. Косця вымушаны быў змоўкнуць.
Толькі ля свайго дома Марынка на хвіліну зрабілася ласкавай і папрасіла:
— Даруй, Косця, я такая нягодная.
Хіба мог ён крыўдзіцца?
Марынка счакала, пакуль схаваўся з вачэй Косця, і зайшла ў кветнік. Села на лавачку. Адкуль яно, гэтае хваляванне? Чаму раптам так хочацца заплакаць? Было сорамна за свае сённяшнія паводзіны, за крыўду на Косцю. Хіба можна вінаваціць чалавека за каханне? Сама вінаватая: хадзіла з ім, усміхалася.
Марынка асцярожна выглянула за агарожу. На вуліцы не было нікога. Яна выбегла за брамку і хутка апынулася ля дома Веры, зазірнула ў акно. Вера, лежачы на ложку, чытала. Марынка асдярожна пастукала ў шыбіну.
Пазнаўшы сяброўку, Вера адчыніла акно. Праз хвіліну Марынка апынулася побач з Верай пад коўдрай.
— Вера, ён любіць мяне?
— Хто? — недаўменна зірнула на Марынку Вера.
Не адказваючы, Марынка гаварыла:
— Іншы раз здаецца, што вось ён той, якому я даражэй за ўсё. Тады мне хочацца нават можа пайсці за яго замуж. А іншы раз не магу бачыць яго.
— Зразумей, калі ты яго не кахаеш...
— Я не ведаю, можа і не кахаю.
— А я ведала б нават, калі б ён маўчаў або ўвесь вечар пра кран расказваў. Усё роўна ведала б.
— Ты іншая справа, — сказала Марынка. — У цябе ўсё ясна ў жыцці.
— Нічога ты, Марыначка, не ведаеш... А яго ты не кахаеш. У сябровак пра гэта не пытаюць.
— Дык што мне рабіць?
Што магла адказаць Вера?
XVI
Недзе ўнізе грукнулі дзверы, зарыпела лесвіца. Косця, адарваўшыся ад чарцяжа, прыслухаўся, спыніўшы тлумачэнні на паўслове. Хлопцы пераглянуліся. Косця апамятаўся, падазрона зірнуў на таварышаў і, перадыхнуўшы, зноў пачаў вадзіць алоўкам:
— Калі вось гэтыя апорныя калоны ўстаноўлены, можна адразу ставіць на іх раму...
Нехта зноў падымаўся па лесвіцы, і Косця зноў прыслухаўся.
— Марынка не прыйдзе, — нібы між іншым сказала Вера, — нагу вывіхнула.
— I ты маўчала? — захваляваўся Косця.
— Ат, нічога сур’ёзнага, няма чаго гаварыць .
— Як гэта няма? — абурыўся Косця. — Яна ж член нашай брыгады.
— Міхася таксама няма ўжо другі дзень, — папракнула Вера.
— Дадому паехаў, — кінуў Сяргей, — маці захварэла.
— Ну, хопіць, прадоўжым. Значыць, на чым мы спыніліся? Ага, раму можна падымаць без папярэдняй зборкі ствала.