— Косця, а мы ж можам ужо зрабіць гэта. Калоны ўстаноўлены.
— Пакінь, Сеня, дазволу яшчэ няма. А гэта ж небяспечна, бацька гаварыў.
— Дык ён, Вера, наогул пярэчыць.
— Але слушнае мы павінны ўлічваць, так і Алесь Антонавіч думае.
У гэты час увайшоў Кацуба.
— Ты? — спытаў Косця.
— Я. — Міхась прабраўся да кутка, дзе стаяў ягоны ложак. Яму менш за ўсё хацелася трапляць цяпер на вочы хлопцам. Але да яго падышоў Сяргей.
— Як маці?
— Што? — Міхась недаўменна зірнуў на Сяргея. — А-а!.. Нішто, лепш.
— А цяпер давайце ўсё-ткі займацца, а то мы цэлы вечар страцім, — каторы раз схіляўся Косця над чарцяжом.— Міхась, ідзі сюды.
Міхась падсеў да стала, але, задумаўшыся, слухаў няўважліва.
За свае невялікія гады Міхась паспеў ужо і ў калгасе папрацаваць, і ў дэпо, і цяпер вось на будоўлі. Ён не быў з пароды «летуноў», якія ўвесь час шукаюць, дзе даўжэйшы рубель. Проста яго заўсёды вабіла новае, здавалася, што менавіта тут, нарэшце, ён знойдзе самога сябе. Перакананне, што ён яшчэ павінен паказаць сябе, і вадзіла яго з месца на месца.
Дадому ён паехаў з думкай, што не вернецца больш на будоўлю. Ён так расказваў пра сваю брыгаду, што старшыня падумаў і пра яго, як пра аднаго з найлепшых, і прапанаваў пераходзіць у калгас, дзе вельмі патрэбны спецыялісты, якія ведаюць і любяць тэхніку. Не вытрымала сэрца ў Міхася. На будоўлі яго лаялі, а тут, нарэшце, ацанілі. Ён згадзіўся, з крыўдай думаючы: хай цяпер брыгада папрацуе без яго...
Два дні прабыў Міхась у калгасе, прыглядаючыся да работы механізатараў. I вось тады ўзнікла першае сумненне: ці зможа ён стаць тым, каго тут чакаюць? Як спатрэбіліся б калгасу такія спецыялісты, як Косця, Сяргей, Сеня! А ён?..
I ўсё ж не гэта было галоўнае. Кладучыся ўвечары спаць, Міхась раптам адчуў нейкую непрывычную пустэчу. Думкі міжволі перанесліся ў інтэрнат. Хлопцы цяпер, напэўна, усе дома, дзеляцца ўражаннямі, спрачаюцца. Так захацелася зноў у інтэрнат, што Міхась аж заскрыгатаў зубамі. Маці спалохана нахілілася над ім:
— Баліць, сынку?
— Не... — Міхась адвярнуўся да сцяны.
Ён не спаў усю ноч. Чуў, як на досвітку ўстала маці і запаліла ў печы. Чуў, як па вуліцы прайшлі людзі да брыгаднага двара. Трэба было ўставаць. Ён успомніў, што не хапае Сяргеевай каманды, Сяргея ў цяльняшцы, Косці і Сені з вядром і швабрай. «Сёння мая чарга прыбіраць кубрык», — падумаў Міхась, і ўпершыню ў яго варухнулася прыкрае пачуццё.
Ён застаўся яшчэ на дзень. I калі надвячоркам выпадкова апынуўся на калгасным стадыёне, дзе займаліся фізкультурнікі, то зразумеў, што абавязкова вернецца на будоўлю, што ўжо не зможа забыць ні Косцю, які, можа, часам залішне надакучліва стараўся перавыхаваць яго, ні Сяргея з яго любоўю да мінулай марской службы, ні свайго трэнера...
I вось ён зноў сярод сваіх. Яны нават не ведаюць, што адбылося ў ягоным сэрцы за гэтыя два дні. I няхай не ведаюць. Ён нікуды не паедзе адсюль, нікуды. Міхась правёў позіркам па тварах таварышаў, засяроджаных, уважлівых, і нечакана прамовіў:
— Нікуды не паеду...
У другіх абставінах Косця, напэўна, аднёсся б да Міхасёвых слоў інакш, ва ўсякім выпадку пагутарыў бы з хлопцам. Але цяпер яму было не да Кацубы. Цалюткі вечар, праводзячы заняткі з брыгадай, ён думаў толькі пра Марынку. I калі заняткі скончыліся, ён падумаў, што можна праведаць Марынку і, калі трэба, памагчы нечым, яна ж ляжыць з хворай нагой у сваім інтэрнацкім пакоі.
— Няма дома,— сказалі Косцю дзяўчаты, што жылі разам з ёю.
— У бальніцы?— захваляваўся Косця.
— На танцах,— сказала адна з дзяўчат, з жалем пазіраючы на Косцю. Косця паімчаўся на танцавальную пляцоўку. Не адразу ён заўважыў Марынку. Яна была... з Банжыным. Радасная, узбуджаная. «Гэта ўсё»,— зразумеў Косця. Хацелася плакаць, зрабіць нешта такое, каб Марынка пашкадавала, што пакінула яго, Косцю.
Але што? Што? I раптам, як маланка, прамільгнула думка: заўтра нядзеля. Кіеня, калі дазволіць збіраць кран, то толькі ў панядзелак. А заўтра на будаўніцтве нікога не будзе. Нават Банжына. Яны без Банжына і Кіені паспрабуюць самі ўстанавіць раму. Адны хлопцы. Веры і Марынцы — ні слова. Аднак ці згодзяцца хлопцы? Асабліва Сяргей... А ці трэба ім гаварыць праўду? Можна спаслацца на Банжына. А пераможцаў не строга судзяць. Затое слава будзе Косцю.
XVII
«Ля гэтай сасны»... Ён сказаў: «ля гэтай сасны а дзевятай гадзіне раніцы». I вось яна тут. А яго яшчэ няма. Заспаў. Яны ж так позна гулялі. Алесь... Саша... Неяк не прывычна яго так зваць. Падумаць толькі, яшчэ ўчора раніцай для яе ён быў «Алесь Антонавіч», а сёння ўжо Алесь, Саша... Ці асмеліцца яна назваць яго так? Калі нават не асмеліцца, то ў думках усё роўна будзе зваць так. Але чаму ён не ідзе? Ужо дзесятая гадзіна. А раптам не прыйдзе? Не. Ён сам сказаў: «Ля гэтай сасны». Яны так доўга ўчора стаялі тут. «Мне чамусьці сумна ля гэтай сасны,— сказаў ён,— Ведаеш чаму? Адшумелі сосны ў нашым горадзе, саступілі месца ліпам, бярозам. Сосны капрызныя, яны не могуць жыць у горадзе». I ёй таксама ад гэтага стала крыху сумна. А потым, дзівак, спытаў: «Ты не будзеш капрызная?» Яна засмяялася. Як можна быць з ім капрызнай... А ён не ідзе...