Банжын спяшаўся на спатканне і не яго віна, што спазніўся. Яго сустрэў разгневаны Кіеня.
— Гэта самаўпраўства! —закрычаў ён адразу.
Банжын разгублена спыніўся.
— Хто вам дазволіў? Хто? — насядаў Кіеня.
— Не разумею, Рыгор Карпавіч...
— Ах, вы не разумееце? Ну, то хадзем, я вам пакажу, што вы нарабілі... — сказаўшы гэта амаль спакойна, Кіеня зноў не вытрымаў і закрычаў: — Кран! Вы кран ледзь не загубілі!..
А здарылася вось што. Хлопцы згадзіліся выйсці на работу, не зважаючы на выхадны. Працавалі хутка і зладжана. Сеня стаў за кранаўшчыка. Да гатовай рамы падагналі дапаможны кран, падчапілі, павярнулі яе і пачалі падымаць, каб паставіць на калоны.
Косця, бы спрактыкаваны мантажнік-вышыннік, камандаваў: «майна», «віра»...
Рама ішла ўверх. Ужо Сяргей працягнуў рукі, каб ухапіць яе, ужо Косця паставіў нагу на лесвіцу, каб лезці яму на дапамогу, як раптам пачуўся роспачлівы крык Міхася:
— Куляецца!..
Каромысла з рамай парушыла раўнавагу, і пляцоўка цялежкі маленькага крана пачала намервацца стаць на дыбкі. Хвіліна і... катастрофа... Сяргей, не раздумваючы, скочыў з чатырохмятровай вышыні, замахаў Сеню:
— Стой!
Рама спынілася, хістаючыся, быццам у роздуме: вісець ці ляцець уніз.
— Брыгадзір! — тузануў Косцю за нагу Сяргей. — Злазь!
Косця апамятаўся, кінуўся да крана, узлез на цялежку, стараючыся сваёй вагой перавесіць раму. Але гэтага было мала. Кран пагрозліва хістаўся.
— Давайце сюды! — клікаў Косця. — Перацягнем.
Падбеглі хлопцы. Кран хіснуўся раз, другі і замёр. Трэба было нешта рабіць, але яны баяліся паварушыцца, тым больш пакінуць цялежку: хто ведае, колькі грузу трэба для раўнавагі. Так і стаялі, разгублена пазіраючы на раму.
Выручыў Міхась. Крыкнуўшы: «Я зараз», ён кінуўся да гарадка шукаць Банжына, але сутыкнуўся з Кіенем.
Кіеня прыбег напалоханы, трымаючы руку ля сэрца. I толькі ўбачыўшы хлопцаў, якія згрудзіліся на самым крайку пляцоўкі, перавёў дыханне:
— Скульптурная група. Аўтар... Банжын.
Кіеня быў упэўнены, што гэта работа Банжына. Ён бачыў, што ідэя ўзбуйненых канструкцый апраўдалася, але каб хлопцы здагадаліся раней пакласці з дзесятак добрых камянёў, то рама ўжо была б на месцы.
...Калі Кіеня прывёў Банжына да крана, той адразу зразумеў, што адбылося.
— Што за свавольства? — накінуўся ён на хлопцаў.
— А хіба вы...— здзіўлены Сяргей не змог нават дагаварыць.
— Я? Дазволіў? Клубовіч!
Косця маўчаў. Не мог жа ён вось так проста ўзяць і расказаць, чым кіраваўся, калі наважыўся падымаць раму.
— Ну, добра... Пасля пагаворым. Я зараз вярнуся. А работу — спыніць!
— Справы! — сказаў яму ўслед Сяргей і зірнуў на Косцю.
Вера даведалася пра здарэнне ад бацькі.
— Значыць, атрымалася? — спачатку ўзрадавалася яна. Пасля спахмурнела. — Кажаш, Банжын не дазволіў? Што ж з Косцем?
— Не ведаю. А ўсё таму, што не слухалі мяне, калі папярэджваў. Добра, што яшчэ аварыі не было.
— Папярэджваў... — пакрыўдзілася Вера. — Каго? Каб ты хацеў нам памагчы, гэтага не здарылася б. Ты ж ведаў, дзе галоўная небяспека? Ведаў? Што ж цяпер будзе?
— Зноў нагарыць, мабыць знімуць...
Вера пра гзта не думала. Былі ў бацькі няўдачы і раней, але яны неяк абыходзілі Веру. Ды і бацька ніколі не дзяліўся дома сваімі нягодамі. Сёння — упершыню. Ён нібы паставіў Веру побач, як дарослую. Ёй неяк стала шкада яго. Яна на імгненне ўявіла яго не сярод машын і рыштаванняў, як звычайна, а ў іх садзіку ля кветак, дзе ён часам любіў у вольны час пакорпацца, і жахнулася. Адарві бацьку ад прывычнай справы, — змарнее ён, бо і так ужо стаў зусім старэнькі і нейкі бездапаможны.
— Тата, — пачала супакойваць яго Вера. — Ты яшчэ папрацуеш...
— Не заўважыў, як ты вырасла ў мяне, — усміхнуўся Рыгор Карпавіч. — Не шкадуй мяне, я на пенсію пакуль не думаю.
...Косця шмат перажыў за якую гадзіну. Але нават сабе не змог бы цяпер растлумачыць, як гэта ўсё здарылася, як ён надумаўся пайсці на падман таварышаў. I разам з тым яму хацелася некаму адкрыцца, каб аблегчыць душу. Ён не чакаў спачування, бо прывык адказваць за свае ўчынкі.
— Размазня... — толькі і сказала Вера, калі знайшла яго і выслухала споведзь. — Я таксама кахаю аднаго дурня. Ён, між іншым, не здагадваецца. Што, і мне тады краны ламаць?