Выбрать главу

Калі крыху пацішэла, Косця загаварыў зноў:

— Так працавалі тады многія. Будаўніцтва ж толькі пачыналася, умовы былі цяжкія, нават не падумаеш, дзе цябе аварыя падсцерагае. Але ніхто не адмаўляўся, хаця бадай многія з нас не былі землякопамі.

— У мой гарод каменьчык? — ляніва павярнуўся на другі бок Кацуба.— Я таксама мазалі сёння нажыў.

— У твой гарод цэлую скалу трэба. Мазалі гэта адзінае, што ты карыснага зрабіў,— засмяяўся Сяргей.

— Ат, работнік! Абрыдала слухаць,— Кацуба ўсхапіўся і пакрочыў сцежкай да пасёлка.

— Не забудзь у бухгалтэрыю зайсці! — крыкнуў наўздагон Сеня.

— Пакрыўдзіўся,— сказаў Сяргей.

— Можа і добра, калі пакрыўдзіўся,— раздумліва адказаў Косця.— Неяк у нас ён на аднаасобніка ў брыгадзе падобны. Раўнадушны нейкі.

— То можа ты нас за гэтым і запрасіў? — іранічна зірнуў на сябра Сяргей. — Пагаварылі пра Кацубу і пойдзем.

— I за гэтым і за тым,— не зважаючы на іронію, адказаў Косця.— Хочацца мне размовы шчырай, таварыскай. Нас такія справы неўзабаве чакаюць! Восем чалавек у брыгадзе — гэта сіла, калі дружна ўзяцца.

— Лічы сем,— не супакойваўся Сяргей,— Кацуба табе не падтрымка. У нас на флоце...

— Абодва вы аднолькавыя,— узлаваўся Косця,— адзін аднаго, каб маглі, то з’елі б.

— Варты...

— Ды пачакай ты! — пачуліся галасы. Сяргей змоўк.

— Вось я і кажу,— прадоўжыў Косця.— 3 такімі хлопцамі мы можам для будоўлі многа зрабіць карыснага. А не робім. Надоечы давялося мне з Алесем Антонавічам гутарыць. Дарэчы, ён заняты цяпер, таму не прыйшоў. Колькі папрокаў наслухаўся! А чаму? Бо на рабоце, калі мы яшчэ разам, то трымаемся. А разышліся — хто куды. Нават у рэстаране пашумець можам. Параіў ён памазгаваць з вамі, як нам далей жыць, як працаваць, каб і сабе і людзям карысць была. Адно ясна, трэба неяк іначай, па-новаму ставіцца да жыцця.

— А ў чым яно, тое новае? — быццам думаючы ўголас, прамовіў Сеня.

Можа сам-насам не адзін раз задумваліся яны над тым новым, што немінуча павінна было ўвайсці ў іх жыццё, бо кожны хацеў гэтага. Але думкі былі пакуль неакрэсленыя, невыразныя для іх саміх. Хлопцы задумаліся, задумаўся і Косця.

Сонца ўдалечыні нібы апускалася ў ваду, і ад гэтага грабеньчыкі хваль рабіліся амаль чырвоныя. Паярчэла неба, і адразу рака дыхнула холадам і вільгаццю.

— Хараство якое ў нас! Га, хлопцы? — не вытрымаў Косця.

— А то не? — быццам хто спрачаўся з ім, падняў ад зямлі галаву Сяргей і, раптам кульнуўшыся, шпарка прабег некалькі метраў на руках, ледзь не сарваўшыся з крутога берага,— куды тая і стома дзелася.

— Асцярожна, марак...— папярэдзіў, жартуючы, Косця,— каб часам ратаваць не давялося.

— Косця, чуеш? — раптам дакрануўся да яго рукі Сеня Варывончык.— Як думаеш, каб нам больш патрабаваць ад сябе.

— Чаго? — не адразу зразумеў Косця.

Сеня быў хлопец не надта рашучы і адразу сумеўся:

— Ну, ведаеш, каб мы... усе, канешне, як бы гэта лепш сказаць... усе не адмаўляліся ні ад якой работы, калі для будоўлі, канешне, патрэбна.

— Адмаўляцца можа і не будзеш, а ці многа ты ўмееш? — запытаўся Сяргей. Заўважыўшы крыўду на Сеневым твары, супакоіў: — Я і сябе маю на ўвазе. Сёння, напрыклад, трэба было смецце выкінуць. Ну, гэта мы можам. А раптам пасля, як корпус паставім, мантаж катла даручаць?

— Вось, вось, я пра гэта таксама думаў, — падхапіўся Косця. — Вучыцца мы павінны, вучыцца. Каб з чацвёртымі разрадамі не заседжваліся. Каб у бутэльку не заглядалі. Быў я ўчора на камітэце камсамола. Актыў збіралі. Выступаў там Банжын. Спадабалася мне ягоная думка, калі ён сказаў: «Абмяркуйце, хлопцы, што вы можаце зрабіць. Вазьміце сацыялістычныя абавязацельствы. Ды не толькі пра план, працэнты. Пра людзей не забывайце».

— А ведаеш, Косця, — прапанаваў Сяргей, — што з гэтым спяшацца нельга. Тут думаць і думаць трэба. Давай зробім так. Хто што з нас прыдумае — табе скажа, а ты запісвай. А ўжо тады зноў збяромся: Згодны? — звярнуўся ён да хлопцаў.

V

Па дарозе на работу Марынка забегла да Веры.

— Вера мыецца, — сустрэў дзяўчыну Рыгор Карпавіч. — А вы заходзьце, заходзьце. Я зараз пайду. Ніна Паўлаўна яшчэ спіць.

Марынка ў прысутнасці Верыных бацькоў заўсёды адчувала сябе ніякавата. Рыгор Карпавіч заўважыў гэта і стараўся быць як мага ветлівым. Вось і цяпер, пасадзіўшы Марынку ля стала і наліўшы ёй чаю, хоць тая і аднеквалася, сеў сам і пачаў распытваць:

— Ну, то як, чулі, што нашы мантажнікі надумалі?

— Н-не...

— От я вам раскажу. Малайцы, адным словам, малайцы хлопцы! Шукаюць новыя формы спаборніцтва.

— Так ужо і новыя? — здзівілася Вера, ружовая, свежая пасля купання. — Есці хочацца-а...