Перад тым, як зрабіць апошні паварот, за якім ужо відаць будзе гарадок, Косця прыпыніўся. Ён часта глядзеў на будоўлю і з гэтага, і з іншых месц: здавалася, закрыўшы вочы, можа расказаць, дзе што знаходзіцца. Але сёння на фоне цёмнага сасонніку, што сцяной стаяў далей, на тым баку, гарадок здаўся як ніколі прыгожым. Адсюль добра можна было разгледзець правільныя квадраты кварталаў, прамыя скрыжаванні вуліц, светла-зялёныя двухпавярховыя домікі з чырвонымі чарапічнымі дахамі. Над усім гэтым нібы панаваў высачэзны комін, вакол якога ўнізе — катлаваны, карпусы, склады.
— Чакайце... — крануў Косця за руку Марынку.
Яна таксама азірнулася, спытала:
— Хіба пажар там?
— Давайце палюбуемся.
Як на карціну выдатнага мастака, Косця мог доўгія гадзіны глядзець на свой гарадок, штохвіліну адкрываючы ў ім новае і радуючыся гэтаму новаму. Вунь там, на будаўніцтве школы, узвялі трэці паверх, а там, ля бетоннага завода, з’явіўся яшчэ адзін штабель гатовых блокаў, а там вуліцу забрукавалі... А вунь іх участак, маленькі-маленькі на гэтай агромністай панараме. «Свае» аб’екты Косця пазнаваў беспамылкова.
Марынка раптам напомніла:
— Вера чакае.
Гэта было цудоўна: і лес, і гарадок, як на далоні, і яна, Марынка, побач. Косця пашкадаваў, што недзе там, за паваротам, чакае Вера.
Вера акінула іх уважлівым позіркам і нічога не сказала, быццам яны яе зусім не цікавілі.
— Косця гарадком захапіўся,— растлумачыла Марынка.
— Нават не верыцца, што гэта наш, — дадаў Косця.
— А што тут цікавага? — махнула рукой Марынка,— і так кожны дзень бачым. Каб што незвычайнае...
— Хіба вунь той падасінавік? — засмяялася Вера і нагнулася да куста, дзе з-пад лісця выбілася чырвоная шапка грыба.
— Дзе ён? — аж закрычала Марынка.
— Ды вунь, глядзіце як многа!
— Набяром, Вера? Дай тваю сумку.
— Спознімся, — коратка адказала Вера, зноў выходзячы ўперад.
На гэты раз Косця зразумеў, што паміж дзяўчатамі напэўна працягваецца нейкая старая спрэчка.
— Раскажы што-небудзь пра сябе, — нечакана звярнулася на «ты» Марынка да Косці, — толькі сур’ёзна, не так, як мінулы раз.
Каб не нагаварыць лішняга, Косця рашыў зноў пажартаваць:
— Нарадзіўся дваццаць гадоў таму назад. Подзвігаў яшчэ няма, але будуць абавязкова. Абяцаю. Тады на радзіме героя, гэта значыць маёй, у Магілёве, удзячныя землякі паставяць помнік...
— Толькі не з бронзы, як гэта звычайна робіцца, а са зборнага жалезабетону,— Вера, аказваецца, хоць і была наперадзе, уважліва слухала іх размову.
— А я думаў, што вы не чуеце.
— А я думала, — спынілася Вера, — што вы пра свае планы, брыгадныя, вядома, раскажаце. Інакш не падслухоўвала б.
— Пра іх вось так, на хаду, не раскажаш.
— Нават калі Марынка папросіць? — прыжмурылася Вера.
— Ох і злючка вы, — Косця губляўся перад тымі дзяўчатамі, якія падабаліся яму. Веры ж ён мог адказваць як хацеў, не задумваючыся.
Яна зразумела гэта.
— Я пажартавала.
— І я таксама.
— Ну, то можа, калі мір усталяваўся, раскажаце, — папрасіла Вера.
— Майго тут мала, — нехаця сказаў Косця. — Тут справа ўсёй брыгады. У суботу нашы хлопцы збяруцца, каб канчаткова вызначыць, што і як.
— А нам можна паслухаць? — не адставала Вера.
— Вам? Сакрэтаў тут, канешне, няма...
— Але...
Косця крыху падумаў і прапанаваў:
— Толькі пераходзьце да нас у брыгаду. Нас усё роўна папаўняць будуць.
— Марынка, чуеш?
— Чую.
— То як?
— Згодна.
— Праўда? — узрадаваўся Косця. — Я пагавару з Банжыным.
— Пасля некаторай дружалюбнай дыскусіі, — заключыла Вера, — бакі прыйшлі да згоды. Але што мы будзем рабіць у вашай брыгадзе?
— Заваёўваць вышыню,— Косця сказаў гэта так сур’ёзна, што дзяўчаты дружна засмяяліся.
— Ай, — спахапілася Вера, — вышыня — вышынёй, а мы спазняемся, краўчыха прачакалася напэўна.
Косцю гэта ўжо непакоіла мала. Ён быў у такім стане, што мог блукаць хоць да раніцы, абы разам з Марынкай. Ягоны настрой не пагоршыўся і тады, калі дзяўчаты зайшлі ў хату да краўчыхі, пакінуўшы яго аднаго чакаць на лавачцы ля плота. Косця цярпліва сядзеў, забываючы на час: Марынка сама папрасіла чакаць. Яго радавала ўсё — і тое, што дзяўчаты, відаць, затрымліваюцца, і тое, што гаспадыня хаты з цікавасцю пазірае праз акно на яго. Ён чакаў дзяўчыну ўпершыню так адкрыта. I калі вярталіся назад, ён у поцемках назбіраў кветак і падараваў іх Марынцы і Веры.
VI
Шырокая, крыху радасная і крыху сарамлівая ўсмешка выдала Косцю. Хлопцы адразу здагадаліся, што здарылася нешта незвычайнае і напэўна прыемнае. Аднак ён не ўдзельнічаў сёння ў агульнай рабоце, і Сяргей, хаваючы весялосць, пачаў выгаварваць яму.