— Алес Антонавіч, дзяўчаты нашы яшчэ гаварылі, што мы павінны і за вучобу ўзяцца.
— Дзяўчаты?
— Вера Кіеня, — удакладніў Сяргей. — Што з Марынай Акунец да нас перайшла.
— А-а, з комплекснай брыгады Саковіча. Помню, помню. Можа і дарэмна вы іх сарвалі адтуль, асабліва Веру. Яна там на месцы была. Але калі зроблена, няхай. Аднак слушна гаварылі, слушна. Абмазгуйце, раю...
— Да вас можна? — на парозе стаялі Вера з Марынкай.
— Прывёў, — высунуўся з-за іх Сеня.
— Правільна зрабіў, — узрадаваўся Косця. — Разам пагаворым.
— Калі гаспадар забыўся, — усміхнуўся Банжын, — я вазьму яго ролю. Хлопцы, садзіцеся на ложкі, дзяўчаты — да стала. Мэблі ў вас не надта...
— На гасцей мы раней неяк не разлічвалі, — праставата заўважыў Сяргей.
Вера прыйшла сюды ўпершыню, але адчувала сябе вольна. Марынка ж, на якую ў гэты момант пільна паглядзеў Банжын, сумелася:
— Мы вам перашкодзілі?
— Наадварот, — Банжыну спадабалася Верына рашучасць. — Мы тут пра вашу работу гаварылі. Думаю, што выдатныя абавязацельствы, але аднаго пункта не хапае. А раптам хто парушыць дагавор? Як тады?
— У нас такіх... — рашуча пачаў быў Сяргей.
— Ведаем, ведаем, — замахала рукамі Вера, — у вас такіх у маленстве з рагатак забівалі.
— Не, з брыгады выганялі! — сярдзіта сказаў Сяргей, бо Вера, як здалося яму, недарэчы ўспомніла яго любімую прымаўку.
— А ты, брыгадзір, што думаеш? — выслухаўшы гэту кароткую перапалку, звярнуўся да Косці Банжын.
— Сяргей гарачы ў нас, — Косця яўна не спяшаўся, узважваючы словы перш, чым адказаць. — Але тут хто ведае... Толькі думаю — дружную брыгаду не разваліш. Але задача брыгады не толькі ў тым, каб не разваліцца. Брыгада павінна справіцца і з тым, хто ёй не падпарадкоўваецца...
— Напэўна так, як мы з Кацубам? — спытаўся Сеня.
Вера з Марынкай засмяяліся.
— Кацуба таксама не прапашчы. Вунь з вамі лодку будаваў. Яго зацікавіць трэба, памагчы. Аб гэтым я і хацеў параіць. Хай жа дэвізам вашай брыгады будзе: «Адзін за ўсіх — усе за аднаго!».
— Як прыгожа! — першай адазвался Марынка.
Вера зірнула на яе строга:
— Прыгожа — не тое слова, нават несур’ёзнае...
— Навошта так, Вера, — Косця ўзяў пад абарону Марынку. — Хіба сапраўднае сяброўства не прыгожае?
Банжын зразумеў, што без яго цяпер можа атрымацца ў моладзі цікавая размова, і са шкадаваннем развітаўся.
Калі ён пайшоў, Марынка накінулася на сяброўку:
— Чаго ты прычапілася да маіх слоў?
— Таму, што толькі адну прыгажосць шукаеш, а сама сутнасць для цябе не мае значэння.
— Завялася. Мне дык ужо нельга быць, як усе.
— Заўсёды вы так, — перапыніў іх Сяргей. — У нас...
— Што ў вас, зноў з рагаткі? — не астыла яшчэ Вера.
— У нас былі дзве такія: вучылі адна адну заўсёды.
— Чым гэта скончылася? — падхапіў Сеня.
— Перасталі, як замуж павыходзілі.
— Ды ну цябе, — пачырванела Вера.
— Мастак ты, Сяргей, зубы скаліць,— заўважыў Косця,— а тут справа сур’ёзная.
— Хіба я што кажу? Канешне, сур’ёзная. Але ўсё гэта пацерпіць да заўтра. Няўжо сёння, у выхадны дзень, мы не можам даць сабе адпачынак?
— А сапраўды, — умяшалася Марынка, — пойдзем куды-небудзь.
— Пойдзем, пазней толькі, — згадзіўся Косця. — Пачакаем Міхася. Сёння ў нас паездка на лодцы. А ён яе таксама будаваў.
— Паездка — паездкай, а я не хачу дзяліць свае думкі на службовыя і святочныя,— сказала Вера.— Чытаю я пра людзей моцных, адданых Радзіме. Ну, пра такіх, для каторых ідэя перш за ўсё, і зайздрошчу ім. Хочацца мне хоць кропельку на іх быць падобнай.
— Але ты ў брыгадзе будаўнікоў вельмі добра працавала, значыць нечым таксама на іх падобная, — заўважыў Сяргей.
— Многа ты ведаеш, — нечакана раззлавалася Вера. — Працаваць добра — адно. А адчуваць у сабе патрэбу працаваць яшчэ лепш — другое.
— Можна падумаць, што ты за доўгім рублём пагналася, — сказаў Сяргей.
— Грошы што! За бацькавай спіной мне іх не трэба, — паківала галавой Вера. — А ці ведаеш, чаму я сюды прыехала? Думаеш, будаўніцтва захапіла? У інстытут не ўдалося паступіць. Рашыла, папрацую разам з бацькам два гады, тады па-за конкурсам прымуць.
— Гэта ўсё роўна, — загаварыў Косця, — кожнага з нас сюды прывялі свае дарогі. Важна тое, што і як мы тут робім. У краіне нашай хутка ціхага месца не застанецца. У Сібіры, на Далёкім Усходзе, на Поўначы — толькі і чуеш, што нешта новае пабудавалі, нешта новае адкрылі. Каб вы ведалі, як не хочацца адстаць ад усяго гэтага! Каб мог, здаецца, усюды пабываў бы, не экскурсантам, а рабочым. Нам яшчэ і пры камунізме пажыць прыдзецца. Якімі мы туды прыйдзем? Вось у чым справа...