Выбрать главу

У няспынных гулянках грошы, некалі заробленыя цяжкай працай у Каралеўскай бібліятэцы, раставалі, нібы снег у летні сонечны дзень. Калі сродкі ўсё ж скончыліся, а ўсе каштоўныя рэчы былі распрададзеныя, Сімоне навучыўся жыць пазыкамі. 3 некалі элегантнага і станістага маладога чалавека ён паціху ператварыўся ў нахабнага агіднага п’яніцу. Яго адзенне было пакрытае ліпкім брудам, ад строгай акуратнай прычоскі не засталося і следу, а смурод быў адзіным, што паўсюль суправаджала Сімоне. Нават прыяцелі, якіх ён цяпер толькі зрэдку сустракаў дзе-небудзь на вуліцы, не пазналі яго.

Аднойчы позна ўначы Сімоне быў заспеты каля дома адным з бацькоў яго чарговай маленькай ахвяры, з якім ён так і не здолеў разлічыцца. Не знайшоўшы чым пажывіцца, раз’юшаны мужчына перарэзаў Сімоне горла. Так нерамантычна і бясслаўна перапынілася жыццё некалі жыццярадаснага і амбітнага хлопчыка, які шмат гадоў таму пагрукаў у дзверы вялікага бібліятэкара, ды які апаганіў уласнаручна сваё жыццё. Астатнюю маёмасць, якая засталася, арэндадаўца апартаментаў Сімоне ўсё ж здолеў прадаць у кошт доўгу. Была прададзеная і загадкавая кніга з бібліятэкі Антоніа, якой было наканавана ў бліжэйшы час змяніць яшчэ мноства ўладальнікаў.

Перш яна трапіла ў рукі да кнігагандляра, якога звалі Хорхе, ён неўзабаве перапрадаў яе ідальга па імені Альварэс. Той прайграў яе свайму прыяцелю Джону — ангельцу па паходжанні, які падараваў кнігу сыну Гер­берту. Праз восем гадоў, падчас знаходжання Герберта ў англійскім горадзе Эксэтар, кнігу скраў зладзюжка, якога звалі Том. Ён, у сваю чаргу, прадаў яе калекцыянеру па імені Джордж. Калі ж надышлі цяжкія часы, Джордж заклаў кнігу Бенедыкту — знаёмаму сябра траюраднага брата жонкі Элізабэт, так і не здолеўшы выкупіць яе назад. Бенедыкт, у сваю чаргу, умудрыўся яе згубіць, праязджаючы праз горад Сан-Мало, дзе кнігу падабраў афіцэр Альфрэд.

Менш чым за дзвесце гадоў кніга змяніла больш за дваццаць уладальнікаў, пабываўшы ў мностве еўрапейскіх гарадоў. У адны часы яна доўга ляжала на паліцах з іншымі кнігамі, забытая ўладальнікам, нібы дзіця, няздольнае дамагчыся бацькоўскай увагі і лю­бовь Бывалі і такія ўладальнікі, што пяшчотна перакладалі яе старонкі з дня ў дзень, спрабуючы хаця б наблізіцца да таямніцы рукапіса. Для адных яна не адрознівалася ад хламу, для іншых жа служыла рэліквіяй. Толькі некаторыя здзяйснялі нясмелыя спробы разгадаць, што на самой справе было схавана пад вокладкай, але ўсе як адзін цярпелі паразу за паразай. Пас ля доўгіх падарожжаў кніга трапіла да швейцарскага гандляра, у якога яе выкупіў і прывёз у Нясвіж Антоній Альбрэхт з роду Радзівілаў.

Уплывовы палітык і дыпламат, прадстаўнік аднаго з найвялікшых беларускіх родаў, ён наведваў у 1918 годзе еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку і Швейцарыю, для забеспячэння дыпламатычнай падтрымкі нядаўна створанай Беларускай Народнай Рэспублікі. Новы набытак мусіў заняць годнае месца ў Нясвіжскай бібліятэцы. У момант пакупкі Антоній Альбрэхт не мог ацаніць каштоўнасці кнігі, не ведаў яе паходжанне і ўзрост, але ўсё ж выклаў за яе вялікую суму. Варта было ўзяць рукапіс у рукі, як Антоній адчуваў цеплыню, што разлівалася па целе, нішто вакол у гэтыя імгненні не было здольна парушыць яго спакой і прымірэнне. Нешта таямнічае і зачаравальнае суправаджала знаходку Антонія Альбрэхта.

Пасля яго смерці ў 1935 годзе вялікую спадчыну перадапошняга ардыната Нясвіжа ўспадкаваў малодшы брат Леон Радзівіл, які і стаў новым уладальнікам кнігі. Ён славіўся лагоднасцю і адкрытасцю. Як і многія прадстаўнікі свайго роду, ён не толькі цікавіўся, але і займаўся мастацтвам. Мабыць, варта адзначыць, што па дзіўным збегу абставінаў рукапіс, знойдзены ў Швейцарыі, усё яшчэ не быў занесены ў бібліятэчныя каталогі Нясвіжскага палаца. Пра існаванне кнігі Леон даведаўся ад аднаго служачага, што працаваў у брата. Той не толькі займаўся працай у бібліятэцы Радзівілаў, але быў таксама кімсьці накшталт захавальніка кнігі. Пры жыцці Антонія Альбрэхта пра яе ведалі толькі яны двое. Леона падобныя акалічнасці здзівілі, і ён вырашыў падысці да вывучэння старажытнага рукапісу як мага больш грунтоўна, перш чым уносіць яго ў каталогі. 3 гэтай мэтай ён нават звязаўся з некаторымі еўрапейскімі даследчыкамі. Але і ў Леона рукапіс затрымаўся ненадоўга — усяго толькі на чатыры гады. Даследаванню так і не наканавана было адбыцца. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, 17 верасня 1939 года Нясвіж быў заняты салдатамі Чырвонай арміі. Леон быў арыштаваны, і яго з сям’ёй вывезлі ў Маскву, а палац, што некалі быў адным з самых багатых і пыш­ных у Еўропе, чарговы раз за ягоную гісторыю падверглі варварскаму рабаванню.