Выбрать главу

На кароткі час кніга трапіла ў рукі камкора Чырвонай арміі Аляксандра Міхайлавіча, які падараваў яе ў знак удзячнасці маскоўскаму навукоўцу Віктару Сямёнавічу, пад чыім кіраўніцтвам працаваў ягоны сын Юрый. Неўзабаве камкор быў прызнаны ворагам на­рода і расстраляны. Аляксандр стаў адным з многіх, хто памёр у хуткім часе пасля таго, як стаў уладальнікам старажытнай кнігі, таямніцу якой так ніхто яшчэ і не здолеў разгадаць. Ці была ў гэтым нейкая містыка або проста выпадковасць — вызначыць дакладна немагчыма.

ІІІ

Да заходу заставалася яшчэ гадзін пяць, але ён ужо чакаў Анастасію. Сёння была іх чарга рыць тунэль, і яны насуперак негалоснаму правілу збіраліся заняцца каханнем, перш чым узяцца за працу. Гэта было нават не столькі правілам, колькі лагічнай неабходнасцю: прадуктыўна займацца знясільваючай фізічнай працай пасля кахання было немагчыма. Немагчыма не толькі таму, што капаць тунэль справа не з лёгкіх, але перш за ўсё таму, што рабіць усё гэта даводзілася звычайнымі сталовымі прыборамі — відэльцамі і лыжкамі. Здабыць рыдлёўку ці іншы металічны прадмет, буйнейшы за лыжку, не было дзе.

За апошнія тры месяцы тунэль павялічыўся ў лепшым выпадку на некалькі метраў. Усё атрымалася б, магчыма, і раней, але ўмовы былі яшчэ тыя. Кожную ноч капалі хло­пец у пары з дзяўчынай, каб сустрэчы не выклікалі падазрэнняў, а выглядалі як звычайныя наведванні з мэтай заняцца сэксам. Пачыналі пасля заходу, калі ўсе ўжо спалі.

Як правіла, хлопец капаў, накладваючы зямлю ў глыбокую талерку — самую глыбокую, якую толькі магчыма было здабыць, а дзяўчына выносіла яе на паверхню. Працавалі без святла, навобмацак. Усяго ў гэтым прадпрыемстве бралі ўдзел пяць чалавек.

Першапачаткова план уцёкаў з’явіўся у Аляксандра, ім ён у адну з начэй падзяліўся з Кацярынай. Удваіх маладыя людзі ўсё доўга абдумвалі, сумняваліся, абмяркоўвалі, але неўзабаве пачалі. Праз некаторы час да іх далучыўся Міхаіл, а праз яго і Анастасія. Дзмітрый жа апынуўся ў групе ўцекачоў зусім выпадкова, пасля таго, як аднойчы выявіў вынікі іх працы. У падобнай сітуацыі было два варыянты: або ўсё прападзе марна, а яны будуць жорстка пакараныя, або ім давядзецца прыняць пятага. Быў, вядома, і трэці варыянт, але яго адразу ж адкінулі. У любым выпадку, дадатковая працоўная сіла была не лішняй.

За апошнія гады Аляксандр не раз праклінаў дзень, калі пагадзіўся на ўдзел у гэтым эксперыменце. Умовы выглядалі досыць прывабнымі. Незадоўга да васямнаццатага дня нараджэння да яго ў інтэрнат завітаў чалавек у чорным гарнітуры, строгі, але досыць добразычлівы. Спачатку той распытваў, як жывецца без бацькоў, якія планы на будучыню, а затым паступова падышоў да сутнасці прапановы. Падрабязнасці пра эксперымент мужчына ў чорным не раскрываў. Аляксандру толькі было прапанавана адправіцца на дзесяць гадоў з групай такіх жа маладых людзей, як і ён, на самыя ўскраіны краіны, дзе для іх пабудаваны невялікі гарадок. Працаваць не патрабавалася, будуць карміць і даваць усё неабходнае. Еш, чытай, глядзі фільмы — адным словам, рай. У абмен за ўдзел у эксперыменце Аляксандру паабяцалі па вяртанні даць кватэру і пажыццёвую пенсію.

Шчаслівае, забяспечанае і бесклапотнае жыццё без абавязкаў — фантастычная прапанова не толькі для маладога чалавека без бацькоў і перспектыў, але, мабыць, для любога разумнага чалавека. Нядобра, вядома, савецкаму чалавеку гультаяваць, але чаму б і не, калі выпадак натрапіўся. Да таго ж, як сцвярджаў мужчына ў чорным гарнітуры, гэта выдатная магчымасць паслужыць для будучыні сваёй радзімы, а такое сярод лю­дзей цэніцца. Таму Аляксандр практычна не раздумваючы даў згоду. Васямнаццаці гадам шэрага жыцця ў адным памяшканні наканавана было змяніцца дзесяццю гадамі ўражваючага вопыту. Пры любым раскладзе ён заставаўся ў выйгрышы.

Усё атрымалася не так проста, адной згоды было мала, трэба было яшчэ прайсці некаторыя выпрабаванні. Аляксандр не вельмі любіў рознага кшталту тэсты, заданні і выпрабаванні, але дзеля такой справы варта было пазмагацца. Праз год, пасля шэрагу скрупулёзных медыцынскіх абследаванняў, яго і яшчэ дзевяноста дзевяць маладых людзей з усіх канцоў краіны пераправілі на самалётах па ўсходнім напрамку, дзе размяшчаўся закрыты ваенны гарадок. Там Аляксандр зноў сустрэў мужчыну ў чорным касцюме, з якім ён сустракаўся перад сваім васямнаццацігоддзем.