Выбрать главу

Але, напэўна, варта вас перасцерагчы. Бо каб я гэтага не зрабіў, вы, хутчэй за ўсё, палічылі б, што асноўным матывам кнігі з’яўляецца пытанне гісторыі і тых, каго яна абышла сваёй увагай. Але ўсё ж не! Гісторыя — толькі адзін з прыкладаў.

II

Бедныя раёны Фларэнцыі ніколі не адрозніваліся асаблівай цішынёй, а ў гэты дзень да агульнага гулу галасоў, крыкаў і віскаў далучыўся яшчэ адзін. У сям’і Марка Мальябекі і Гіневры Бальдарыетта з’явіўся сын, якога назвалі Антоніа. Адбылася гэта падзея, знамянальная не толькі для сям’і Мальябекі, у XVII стагоддзі, за год да 1634 і на наступны дзень пасля 19 кастрычніка. Будзе справядлівым сказаць, што менавіта з Антоніа Мальябекі пачынаецца гісторыя кнігі, аб якой у далейшым пойдзе гаворка, але цяпер 20 кастрычніка 1633 года, і да яе з’яўлення яшчэ далёка.

Бесклапотныя гады хлопчыка доўжыліся нядоўга. Як гэта нярэдка бывала ў бед­ных сем’ях, Антоніа ўжо з дзяцінства ўладкавалі працаваць. Магчыма, менавіта з лавы бакалейшчыка пачалося знаёмства хлопчыка з кнігай. Яго штодзённыя абавязкі не адрозніваліся разнастайнасцю, любому іншаму яны маглі падацца самым сумным заняткам на свеце, але толькі не яму. Кожны дзень, працуючы ў краме, ён беражліва запакоўваў тавар для чарговага кліента. Для гэтай мэты Антоніа звычайна браў ліст, старонку з кнігі ці нават рэшткі старых бухгалтарскіх запісаў, якія ляжал! стосам недалёка ад прылаўка. Старанна разгладзіўшы старонку, хлопчык браў пучок кропу і ўкладваў яго па цэнтры. Затым плаўна здзяйсняў некалькі няхітрых рухаў, і тавар быў гатовы выправіцца ў рукі чарговага пакупніка або пасыльнага. Для хлопчыка гэта было чымсьці накшталт рытуалу, сакральнасць якога заключалася не ў саміх рухах і на­ват не ў тым, што трэба было спакаваць. Сакральнасць заключалася ў самой абгортцы.

Маленькі памочнік бакалейшчыка не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, і наўрад ці яму — сыну небагатых бацькоў — пашчасціла б гэтаму калі-небудзь навучыцца. Але няведанне пісьма не перашкаджала хлопчыку атрымліваць задавальненне ад чарнільных завіткоў. А можа, нават наадварот, загадкавасць незразумелых знакаў яшчэ больш прыцягвала ўвагу дапытлівага хлопца. Кож­ную новую старонку ён быццам смакаваў усім сваім нутром, на імгненне зліваючыся з ёй у адно цэлае. Вочы прагна беглі па радках, нос удыхаў блажэнны водар паперы і чарнілаў, а маленькія ручкі дрыгатліва абмацвалі лісток, адчуваючы кожны выгін або шурпатасць. Нешта адначасова мілае і інтымнае было ў гэтым рытуале. Быццам юнак упершыню смакуе цуд першай сустрэчы з жаночым целам. Але пачуццё захаплення і задавальнення мяшалася з нейкай горыччу. Хлопчыку так не хацелася расставацца з латкам паперы, так не хацелася аддаваць яго ў чужыя рукі. Страх, што аб’ект яго сакрамэнту можа быць кім-небудзь апаганены, прыводзіў у адчай. Для Антоніо ён здаваўся жывым, і сумна было нават уявіць, што яго могуць выкінуць ці, што яшчэ горш, кінуць у комін, каб развесці агонь. Калі б яго воля, Антоніа забіраў бы кожную старонку сабе і беражліва аберагаў ад любой пагрозы: няхай то вада, агонь ці грубыя рукі, здольныя апаганіць крохкую рэліквію.

Магчыма, яго мог чакаць лёс старога гандляра, непісьменнага вар’ята, што нюхае і мацае старыя паперкі з незразумелымі крамзолямі, калі б аднойчы хлопчыка не заўважыў кнігагандляр, які працаваў непадалёк. Той быў гэтак уражаны трапяткім стаўленнем юнага памочніка бакалейшчыка да рознага кшталту паперак, якія цяпер выкарыстоўваліся ў якасці пакавальнага матэрыялу, што неўзабаве ўзяў хлопчыка да сябе ў вучні. Рыжабароды гандляр даўно адчуў у бязграматным Антоніа нешта дзіўнае, нейкую здольнасць, нейкую таямніцу, што родніць яго з кнігамі. I пацвярджэнне гэтага пачуцця не прымусіла сябе доўга чакаць.

Хлопчык упітваў як губка ўсё, чаму вучыў яго гандляр і ўжо зусім хутка навучыўся чытаць, разумець сімвалы, якія яшчэ нядаўна здаваліся чымсьці загадкавым. Аднойчы ган­дляр узяўся паказваць Антоніа літары і тлумачыць іх значэнне, і той адразу ж здолеў усё паўтарыць, як быццам вучыўся грамаце ўжо даўно. Здзіўлены і ўзрушаны, ён кінуўся да адной з паліц і дастаў Біблію. Вялікую важкую кнігу ён паклаў перад хлопчыкам і той пачаў бегла чытаць тэкст, пераскокваючы ад радка да радка. 3 кожным днём здзіўленне і захапленне хлопчыкам расло. Хутка высветлілася, што ён памятае ўсё, што прачытаў. Ан­тоша мог маментальна ўспомніць дакладнае размяшчэнне любой з тысяч кніг з дакладнасцю да пазіцыі на канкрэтнай паліцы. Амаль за месяц ён вывучыў не толькі ўсе назвы кніг, але і назвы раздзелаў кожнай з іх. Для кнігагандляра гэты юны памочнік бакалейшчыка аказаўся не толькі каштоўным набыткам для кніжнай крамы, але, у першую чаргу, асабістай радасцю.