Выбрать главу

Гандляра зацікавіла, як доўга і як шмат з прачытанага можа захоўвацца ў гэтай маленькай галаве, і праз некаторы час ён вырашыў праверыць хлопчыка, спытаўшы яго пра першы прачытаны ўрывак з Бібліі, і той у дакладнасці ўсё аднавіў. Настаўнік хлопчыка не мог стрымаць захапленне, і кожнаму распавядаў пра незвычайныя здольнасці свайго вучня. Многія пачалі прыходзіць у краму выключна для таго, каб асабіста пераканацца ў тым, што здавалася такім незвычайным, нават цудоўным. Прыходзілі як звычайныя прафаны, так і вучоныя мужы горада. Не было чалавека, якога б Антоніа пакінуў абыякавым. Асабліва дзіўна выглядала гульня, калі хлопчыку задавалі тое ці іншае пытанне, а ён імгненна даваў на яго адказ і нават называў кнігу, нумар старонкі і абзац, дзе знаходзіўся ўрывак з патрэбнай інфармацыяй. 3 павелічэннем патоку наведвальнікаў павялічвалася і кліентура самой крамы. Справы ішлі ўсё лепш і лепш. Гандляр не мог і чакаць такога эфекту, калі рабіў прапанову гэтаму юнаму дараванню.

Немалую ролю ў развіцці Антоніа адыграла знаёмства з выбітным бібліятэкарам Мучыа Эрміні. Той бясплатна навучаў яго мовам: латыні, грэцкай, старажытнаяўрэйскай. Акрамя таго, Мучыа шчодра дзяліўся з Мальябекі асаблівасцямі і таямніцамі свайго рамяства, даючы яму мноства парадаў па працы з кнігамі. А той, як і раней, усё так жа старанна і трапятліва ўбіраў у сябе новыя веды і навыкі. I ўжо праз некалькі гадоў, дзякуючы незвычайным здольнасцям у спалучэнні са спрыяльнымі ўмовамі іх развіцця, Антоніа Мальябекі можна было смела назваць адным з самых адукаваных людзей Фларэнцыі.

Слава пра Антоніа распаўсюджвалася так хутка і так далёка, што неўзабаве дайшла да Казіма III — герцага Тасканскага з роду Медычы — які прызначыў яго сваім бібліятэкарам, а з часам і захавальнікам Лаўрэнцыяны, найбагацейшай фларэнтыйскай бібліятэкі. Яго жалаванне складала восемсот ліўраў на год, але Антоніа быў гатовы працаваць і бясплатна, бо для яго адкрылася самая сапраўдная скарбніца, у якой ён праводзіў увесь час і не мог насыціцца, чытаючы з раніцы да вечара. Не выязджаючы за межы горада, Антоніа здабываў каталогі найбуйнейшых бібліятэк свету, сістэматызуючы іх згодна з распрацаванай ім сістэмай. Праз некаторы час для яго ўжо не засталося невядомых кніг ці аўтараў. Ён мог нават на памяць назваць уладальніка той ці іншай рэдкай кнігі.

Але для Антоніа Мальябекі і гэтага рабілася мала. У сваім доме ён збіраў асабістую бібліятэку з кніг ды рукапісаў. Кніг было так шмат, што яны займалі ўсю прастору, у якой неўзабаве стала досыць складана перасоўвацца нават худому чалавеку. Здавалася, дом мог існаваць без сцен, бо стосы кніг цалкам паўтаралі ўсе ягоныя контуры ды распасціраліся да самай столі. Яны знаходзіліся на першым і другім паверсе, на падлозе і на ложку, яны былі паўсюль. Праз некаторы час іх было так шмат, што нават гаспадару дома даводзілася дзяліць ложа з кнігамі. Фігура незвычайнага бібліятэкара не магла застацца незаўважанай, слава пра яго хутка распаўсюджвалася далёка за межы Фларэнцыі. Да Антоніа прыязджалі з усіх частак Еўропы: хто пагутарыць з вялікім бібліятэкарам, а хто проста паглядзець на дзівоснага кніжніка. Многіх абстаноўка дома і ўклад жыцця яго гаспадара прыводзілі ў жах. Тут было цесна і душна, здавалася, гаспадар тут не чалавек, а кнігі. Не ў меншай ступені наведвальнікаў дзівіў неахайны, у запэцканых вопратках уладальнік бібліятэкі.

Гэта і нядзіўна, бо чытанне было галоўным заняткам Мальябекі. Ён падоўгу не мыўся, не пераапранаўся, не стрыгся, вельмі сціпла і амаль мімаходзь перакусваў штонебудзь накшталт хлеба з яйкам, ды зусім не спаў. Рукавы кашуль, якія ён заношваў да лахманоў, былі запэцканыя тытунём. Валасы хаатычна разыходзіліся ў розныя бакі. Калі б гэта было магчыма, ён ніколі б не еў, не піў, не мыўся, не апаражняўся і нікуды не выходзіў бы, каб нішто не адцягвала яго ўвагі ад любімага занятка. Антоніа гняла неабходнасць адкласці кнігу, як гэта бывае, калі на некаторы час даводзіцца расстацца з родным дзіцём. Таму нават есці і мыцца ён прызвычаіўся з кнігай у руках.

Жыві ён хоць дзвесце гадоў, распарадак Антоніа зусім не змяніўся б. Мабыць, справа была не ў часе — кнігі ён не чытаў, але літаральна праглынаў — чым больш ён аддаваў ім часу, тым больш яны яго паглыналі. Ён быў падобны да азартнага гульца, які ўвесь час прайграе і бярэ ў пазыку. Кнігі сталі яго заганнай жарсцю, а час — грашыма. Як гэта бывае ў падобных выпадках, то цяжка было разабраць, ці з’яўляліся аб’ектам гэтай прагі самі кнігі ці ўсё ж веды, якія яны змяшчалі.