Выбрать главу

Ці меліся дзе-небудзь гэтыя самыя “таем­ныя веды”, пра якія мроілі стваральнікі ордэ­на, ці ўдасца распрацаваць унікальную тэхніку шыфравання і ці скончыцца наогул у канчатковым выніку поспехам іх задума, ніхто не мог сказаць дакладна. Было ў гэтай ідэі досыць недаказанасці, абсурднасці ды глупства, што калісьці ўлавіў Мальябекі, і што з гадамі перастала заўважацца, пакінуўшы толькі на паверхні амбіцыі, заснаваныя на надзеях і летуценнях. Але ў той перыяд перспектывы ор­дэна здаваліся досыць вясёлкавымі, а яго чле­ны адчувалі сябе першапраходнікамі і нават у пэўным сэнсе героямі.

Праз год, праведзены ў практычных зборах, Сімоне склікаў усіх членаў ордэна ў доме Мальябекі, які ўжо даўно ператварыўся для юнакоў у нешта кшталту святыні. Некалькі свечак, здольных у імгненне знішчыць гэтае месца і працу ўсяго жыцця яго ўладальніка, асвятлялі сход, надаючы яму належную загадкавасць. Ужо заўтра яны меліся адправіцца ў дарогу. Гэта была іх апошняя сустрэча ў бліжэйшыя гады.

Найперш Сімоне зачытаў статут ордэна. Затым зноў агучыў план далейшых дзеянняў яго членаў. Рафаэлю выпала адправіцца на поўдзень, Бенісіа на паўднёвы ўсход, Умбер­та на паўночны ўсход, Сільвіё на поўнач, Сімоне на захад. Так, прасоўваючыся ўсё далей і далей, ордэну, нібыта імперыі, што заваёўвае новыя тэрыторыі, трэба было захопліваць усё больш шырокія тэрыторыі чалавечых ведаў. Мальябекі ж належала за гэтыя гады завяршыць распрацоўку сістэмы пісьменства будучай кнігі.

Як і ў кожнага ордэна, у іх былі і свае атрыбуты. Сімоне падрыхтаваў і ўрачыста ўручыў кожнаму члену ордэна, у тым ліку Антоніа, залатыя пярсцёнкі з гравіроўкай імя яго ўладальніка і сімвала ордэна: кнігі, апраўленай цярновым вянком. Атрымаўшы знак адрознення, кожны прамаўляў клятву вернасці агульнай справе. Па завяршэнні ўрачыстай часткі сходу ўсе шасцёра перайшлі да больш ці менш нязмушаных гутарак, што суправаджаліся паглынаннем сціплай трапезы і двух бутэлек віна. Чым бліжэй адчуваўся канчатак вечара, тым мацней нарастала ў кожнага з іх пачуццё трывогі. Нават віно не было здольнае расслабіць. Здавалася, выпі яны хоць па бутэльцы, ап’яненне так і не наступіла б.

Яны ўсклалі на сябе адказную місію. Хваляванне і страх няпэўнасці з кожнай секундай усё глыбей пускалі карані. Ніхто, нават іх усёведны настаўнік Мальябекі, не мог дакладна ведаць, што будзе там, у самым канцы, ніхто не мог сказаць, што будзе з кожным з іх праз два гады, год і нават месяц. Не было тут сэрца, у якім бы асцярога няўдалага зыходу не пусціла парасткі, але ніхто не адважваўся агучыць хвалюючыя пачуцці. Справа была не ў тым, што яны кагосьці баяліся, але хутчэй разумелі, што нават адно неасцярожнае слова здольнае разбурыць веру кожнага ў агульную місію, што зблізіла іх. Бо менавіта яна зрабіла іх не проста ордэнам, але сям’ёй. Разбурыць веру, хай і хісткую, значыла страціць сям’ю, сяброў, страціць гэтых людзей, што сталі адзін для аднаго самым дарагім у жыцці. У любым выпадку ім трэба было расстацца. Але гэта было найменшым з дзвюх бед. Бо пасля вяртання яны стануць яшчэ бліжэй. Толькі прадчуванне будучай сустрэчы здольна было іх крыху падбадзёрыць.

больш за іншых трывога раздзірала Сімоне. Ён спрабаваў удзельнічаць у абмеркаваннях, паводзіць сябе нязмушана, але падоўгу, захоплены думкамі, нібыта застываў, гледзячы ў адну кропку. Магчыма, думаў ён, некаторыя не вернуцца, згінуўшы ў чужых краях. Нека­торыя ж, расчараваўшыся альбо паддаўшыся спакусам, пакінуць ордэн. Зыход задуманага, як яму здавалася, цалкам ляжаў на яго плячах. Ён, можа, быў бы і рады адмовіцца ад за­думанага прадпрыемства, але адступаць было ўжо занадта позна. Ніхто, вядома, яго не асудзіў бы. Члены ордэна хутчэй з удзячнасцю і палёгкай прынялі б яго рашэнне застацца дома, у Фларэнцыі. Але Сімоне нёс адказнасць перш за ўсё перад самім сабой, перад сваім рашэннем. Ён ведаў дакладна: зрабі ён так — больш не здолеў бы жыць у ладзе з самім сабой. Няўдалы вынік быў бы ў любым выпадку лепш, чым адмова пад ціскам уласнай няўпэўненасці і нерашучасці.

Гэтай ноччу ніхто не мог пахваліцца моцным сном. А Антоніа Мальябекі і зусім прасядзеў да раніцы, не заплюшчваючы вачэй. Ён не быў, як звычайна, паглынуты чытаннем або роздумамі пра кнігі, яго душу паглынулі настальгія і горыч у прадчуванні будучага расстання. Магчыма, яго вучні не хацелі заўважаць, што ён занадта стары для падобных задумак, але Антоніа быў упэўнены, што больш ніколі не ўбачыць сваіх хлопчыкаў. Таму ён трапятліва смакаваў апошнія імгненні, пакуль яны знаходзяцца побач з ім.