Выбрать главу

У Іспаніі ён планаваў затрымацца не больш чым на пару месяцаў, але прайшоў амаль год. За гэты час Сімоне прачытаў не толькі ўсе кнігі Каралеўскай бібліятэкі, але і ўсіх даступных прыватных збораў Іспаніі. Яго фінансавае становішча таксама кардынальна змянілася. Цяпер ён валодаў буйнымі грашовымі сродкамі, якіх, мабыць, хапіла б на некалькі гадоў падарожжаў па рэалізацыі місіі ордэна. Нягледзячы на гэта, Сімоне не спяшаўся адпраўляцца ў плаванне на іншы кантынент, знаходзячы ўсё новыя нагоды затрымацца. Так доўжылася некалькі гадоў, пакуль не мінула больш паловы адведзенага на місію тэрміну. Тады Сімоне вырашыў прабыць у Мадрыдзе яшчэ некалькі месяцаў і ўсё ж выправіцца ў плаванне. Пакідаючы Фларэнцыю, члены ордэна разумелі, што час, адведзены на місію, дастаткова ўмоўны і мог расцягвацца на некалькі гадоў. Таму спазніся Сімоне на два-тры гады пасля прызначанага тэрміну, нічога б істотна не змянілася. Маг­чыма, ён будзе нават не самым апошнім.

Прайшло паўгады, тры гады, дзесяць гадоў, але Сімоне, як і раней, працягваў працаваць у Каралеўскай бібліятэцы. Калі ён упершыню з’явіўся ў гэтым горадзе, то нават уявіць не мог, што сталіцу Іспаніі будзе так складана пакінуць. У самім Мадрыдзе не было нічога асаблівага. Яго хутчэй прываблівала новае палажэнне, якім ён не мог пахваліцца ў род­ным горадзе. Дома яму — выхадцу з беднай сям’і — даводзілася ўвесь час эканоміць, на­ват пасля таго, як Антоніа ўладкаваў яго працаваць у бібліятэку. На яго глядзелі не столькі з павагай, колькі са здзіўленнем, з якім глядзяць на дзіўнага заморскага звярка. Дома ў яго не было ні становішча ў грамадстве, ні грошай, ні славы, ні павагі. Тут жа Сімоне меў магчымасць ні ў чым сабе не адмаўляць, есці і піць, колькі і што пажадае, жыць у раскошных апартаментах. У Мадрыдзе ў яго з’явілася мноства прыяцеляў і знаёмых, якія адносяцца да яго са шчырай цікавасцю і павагай.

Але прызнацца сабе ў сапраўднай прычыне затрымкі ён не адважваўся, перабіраючы апраўданні адно за адным. Сімоне спрабаваў пераканаць сябе, што задума з ордэнам, як лічыў некалі Антоніа, пустая і дурная, што ні адзін з місіянераў, хутчэй за ўсё, так і не вернецца. Часам яго асільвалі сумневы і пачуццё віны: а што, калі яны ўсё ж вярнуліся, што, калі ён быў адзіным, хто падвёў ордэн. У любым выпадку, незалежна ад зыходу, яму не варта было здраджваць сябрам і старому настаўніку, ён мусіў быў вярнуцца ў прызначаны тэрмін. Чым хутчэй бег час, тым мацней яго асільвалі пакуты. Душэўныя пакуты апынуліся настолькі моцнымі, што Сімоне схіліўся да рашэння вярнуцца дадому, да сваіх бацькоў, якіх пакінуў у няведанні, сяброў і настаўніка, якія так і не дачакаліся яго.Мінула шаснаццаць гадоў, як малады Сімоне пакінуў радзіму. Ён адчуваў сябе тут ужо чужым. Шмат што змянілася. Вялікіх намаганняў каштавала рашэнне вярнуцца, але яшчэ большых высілкаў патрабавала сустрэча з бацькамі, Антоніа і іншымі членамі ордэна. Па прыездзе ён арандаваў сціплыя, але годныя апартаменты. Хваляванне суправаджала яго бесперапынна, што б ён ні рабіў, куды б ні пайшоў. Таму, не зацягваючы надоўга, на заўтрашні дзень Сімоне выправіўся, каб паўстаць перад сваімі блізкімі. Магчыма, ён і не адважыўся, калі б ведаў, што яго чакае.

Перш, наяго абрынулася вестка пра смерць бацькоў. Бацька спачыў праз тры гады пасля таго, як Сімоне, нічога не паведаміўшы і не развітаўшыся з бацькамі, пакінуўФларэнцыю. Маці да апошняга спадзявалася на вяртанне сына, але, так і не дачакаўшыся яго, памерла пяць гадоў таму назад. Затым высветлілася, што яго настаўнік Антоніа памёр усяго праз год пасля таго, як маладыя члены ордэна вы­правіліся ў падарожжа ў розныя канцы свету. Сімоне спрабаваў выведаць хоць што-небудзь аб вяртанні Рафаэля, Бенісіа, Умберта і Сільвіа, але ніхто з тых, каго ён распытваў, так нічога і не здолелў прыгадаць.

Засмучаны і паглыблены ваўласныя думкі, ён доўга блукаў па горадзе непадалёк ад мес­ца, дзе раней жыў Мальябекі. Сыходзячы ўсё далей ад дома настаўніка, Сімоне натрапіў на дрэва, пад якім плакаў шмат гадоў таму, пакідаючы радзіму, развітваючыся з усім, што было яму гэтак дорага. Перад вачыма пранесліся карціны ранейшага жыцця: знаёмства з Антоніа, праца ў бібліятэцы, апошні вечар з сябрамі. Успаміналася толькі лепшае, самыя цёплыя моманты. Ён зноў, як у тую раніцу, прысеў пад дрэвам. Саракагадовы мужчына плакаў наўзрыд як маленькі хлопчык. За ўсё жыццё ён плакаў тры-чатыры разы. Сімоне было горка і сорамна. Сорамна за здраду бацькам, за тое, што пакінуў іх ды збег, за тое, што так і не сказаў, як любіць іх, за тое, што ў апошні момант жыцця яны засталіся зусім адны. Сорамна за здраду не толькі сябрам, але і Антоніа. Ён ведаў, што ўжо ніколі не здолее загладзіць віну, таму адмовіўся ад задумы шукаць астатніх членаў неіснуючага ордэна. Яму было страшна ўявіць, што аднойчы лёс зноў звядзе яго з кім-небудзь з чатырох і яму давядзецца паглядзець сваёй здрадзе і ганьбе наўпрост у вочы.