Выбрать главу

Увесь астатні дзень ён правёў у апартамен­тах, нерухома седзячы за сталом. Сімоне, не адводзячы вачэй, глядзеў у акно. На вуліцы і ў пакоі станавілася цямней, але ён нават не запаліў камін, працягваючы глядзець у цемру. У поўным змроку ён прасядзеў да самай раніцы, пакуль першыя промні ранішняга сонца зноўку не асвятлілі пакой. Усё вакол знікла, усё адышло для яго ў нябыт, у той час як унутры адбываліся найглыбейшыя змены, пасля якіх ранейшаму Сімоне мелася памерці і адрадзіцца зноў, нібы Феніксу. 3 ім былым загінулі ранейшая цікавасць да жыцця, амбіцыі, азарт. Усю ягоную сутнасць паглынула суцэльная беспрасветная меланхолія.

Сімоне больш нічога не трымала ў гэтым горадзе, і ён прыняў рашэнне вярнуцца ў Іспанію. Перад ад’ездам яму хацелася ў апошні раз убачыць бібліятэку, кожную кнігу якой ён ведаў бадай на памяць. Усе кнігі сваёй багатай бібліятэкі — амаль пяцьдзясят тысяч кніг і рукапісаў — Антоніа завяшчаў гораду. Цяпер яны захоўваліся ў фларэнтыйскай Лаўрэнцыяне. Як і дваццаць сем гадоў таму, дрыготкія рукі перабіралі старонкі. Сімоне прынюхваўся да паху кніг, адчуваючы сябе трынаццацігадовым хлопчыкам. Унутры станавілася цёпла і лёгка.

На адной з паліц яго ўвагу прыцягнуў вялікі рукапіс у чорным пераплёце, якога раней не было ў доме Антоніа. Магчыма, ён набыў яго незадоўга перад смерцю. Тэкст быў напісаны лацінскімі літарамі, але не на латыні. Штосьці ў ім здавалася незвычайным, але Сімоне ніяк не мог зразумець, што менавіта. Ён хутка гартаў кнігу, спрабуючы зразумець хаця б слова. У некаторых месцах трапляліся ўрыўкі, напісаныя не толькі лацінскім пісьмом, але і нейкімі невядомымі яму знач­кам!. Толькі цяпер у яго паўстала здагадка, што ўрыўкі або закадаваныя, ці пісаліся з выкарыстаннем некалькіх моў. Няўжо Ан­тоша ўсё ж такі здолеў распрацаваць новую пісьменнасць? Але што гэта ў такім выпадку? Калі апісанне сістэмы пісьма, то чаму яно было такім аб’ёмным? Калі ў руках у яго была тая самая кніга, дзеля якой быў створаны ордэн, то чаму яго таварышы вярнуліся так рана, і чаму яна апынулася тут? Сімоне задаваўся дзясяткамі пытанняў, забыўшыся на некаторы час аб нядаўняй меланхоліі. Рукі мужчыны адолела дрыготка, быццам яны валодалі найвялікшай таямніцай на зямлі.

Наступную ноч Сімоне зноў не спаў, няспынна думаючы пра сваю знаходку. На наступны дзень ён цвёрда намерыўся займець дзівосны тэкст. У бібліятэцы, як і ўсюды, не абыходзілася без людзей, нячыстых на руку. Таму Сімоне было нескладана, падкупіўшы аднаго з наглядчыкаў, вынесці схава­ны пад вопраткай рукапіс. У той жа дзень ён пакінуў Фларэнцыю назаўсёды і адправіўся ў Іспанію, на сваю новую радзіму. Кнігу, як гэта нярэдка робяць з каштоўнасцямі, Сімоне схаваў як мага глыбей сярод рэчаў. Зноў прыняцца за яе вывучэнне ён рызыкнуў толькі па прыездзе.

Сімоне закінуў працу ў бібліятэцы, марнуючы ўвесь час на спробы разгадаць рукапіс. Праходзілі дні і месяцы, а ён, з усёй сваёй эрудыцыяй і начытанасцю, так і не здолеў прасунуцца. Меланхолія, некалі заглушаная знаходкай, цяпер ізноў адраджалася, усё мацней паглынаючы Сімоне. Толькі віно было здольна трохі яго разварушыць, надаць смак новаму жыццю. Неўзабаве ён ужо піў на працягу амаль усяго дня. Перш цнатлівы і аскетычны бібліятэкар прыняўся, апоены віном, шукаць суцяшэнне ў картах і жанчынах.

Ён прачынаўся ўжо не на світанні, а бліжэй да поўдня, праводзячы яшчэ некаторы час у ложку, зрэдку прыпадымаючыся, каб запіць брыдкі прысмак выпітага напярэдадні. Затым Сімоне падымаўся, спусташаў бутэльку віна і адпраўляўся гуляць або наведваў адну са сваіх любімых блудніц. Часам і іх яму станавілася мала. У такія перыяды ён бадзяўся па самых бедных раёнах у пошуках бацькоў, гатовых за вялікую плату аддаць чужынцу сваю дачку на апаганьванне. Тыя ў сваю чаргу, знаходзячыся на мяжы існавання, нярэдка згаджаліся, хапаючыся за апошнюю магчымасць выжыць, і прыводзілі ўласных дачок у апартаменты Сімоне, дзе той сілай авалодваў як дзяўчатамі, так і дзяўчынкамі. Самай малодшай з яго ахвяр было каля васьмі гадоў, а самай старэйшай пятнаццаць.