Выбрать главу

СЯРГЕЙ БЕЛАЯР

МАРНЫЯ СПАДЗЯВАННІ-2

Раніца выдалася цяжкай.

Трыццацідвухгадовы менеджар аўтасалона «Чатыры колы» Яраслаў Логаш з цяжкасцю разляпіў павекі, падняў галаву і павёў каламутным позіркам па пакоі, намагаючыся зразумець, дзе знаходзіцца. Змучаны алкагольнымі парамі мозг адмаўляўся працаваць. Думкі блыталіся, ніяк не хацелі падказваць адказ. Галава расколвалася, як быццам па ёй усю ноч білі кувалдай. У роце нібы каты нагадзілі. Аднак горш за ўсё было адчуванне агульнай слабасці. Мужчына не мог паварушыць ні нагой, ні рукой. Цела як быццам прапусцілі праз камнедрабілку, затым закінулі ў малатарню, пасля чаго выціснулі, але забыліся страсянуць. Любы рэзкі рух неадкладна адклікаўся болем, ад якога хацелася выць. Толькі шыя нейкім цудам утрымлівала вагу чыгуннай даўбешкі, у якую ператварылася чарапная каробка.

Так і не здолеўшы зразумець, дзе знаходзіцца, Яраслаў адкінуўся на падушку. Заплюшчыў вочы. Слабасць на час адступіла, але пазіцый так і не пакінула. Нагадвала пра сябе цяжарам у канечнасцях і калаццём у жываце. На шчасце, страўнік не бунтаваў, не спрабаваў вывяргнуць з ся­бе змесціва. Адна толькі думка пра тое, што прыйдзецца ўставаць і бегчы ў туалет, дзе чакаў верны фаянсавы «сябар», выклікала жах. Сіл на такі подзвіг проста не было.

Яраслаў праляжаў без руху яшчэ некалькі хвілін. Затым зноў паспрабаваў уключыцца ў рэальнасць. Коштам неймаверных намаганняў менеджару ўдалося ўспомніць, што ён дома і ўзгадаць некаторыя падрабязнасці ўчорашняй вечарыны. Дзень нараджэння каляжанкі — Светкі Скварцовай — атрымаўся на «ўсе сто». Гарэлка, віно, шампанскае і піва цяклі ракой. Калегі бліскалі розумам і красамоўствам, прамаўлялі тосты, жартавалі, адорвалі дам кампліментамі... Усё было добра да таго часу, пакуль нехта з прысутных не прапанаваў змяшаць алкаголь. Масы ідэю падхапілі з захапленнем і энтузіязмам. Намяшалі «кактэйль». Прыняліся хлябтаць яго. «Ёрш» адразу ўдарыў па мазгах, пазбаўляючы розум ад любых кайданоў маралі. І панеслася... Дзікія танцы, п'яны стрыптыз на стале. Як і з кім ён вярнуўся, Логаш нават пры ўсім жаданні ўспомніць не мог. Адказ губляўся недзе ў глыбінях падсвядомасці.

Разам з успамінам прыйшла смага. Менеджар паспрабаваў праглынуць, аднак перасохлы стрававод наадрэз адмовіўся прымаць ліпкую, падобную на патаку сліну. Страўнік неадкладна адгукнуўся незадаволеным буркатаннем. Яраслаў прыўзняў галаву і паспрабаваў знайсці поглядам бутэльку, кубак ці тазік. Усё, што заўгодна, але толькі з вадой. Надзеям не наканавана было спраўдзіцца. У пакоі не было ні адзінай пасудзіны з каштоўнай вільгаццю. Логаш вылаяўся. Зноў апусціў галаву на падушку, стараючыся не думаць аб смазе. Аднак жаданне арганізма аказалася куды мацней за самаўнушэнне. Горла імгненна сціснула шчамлёткамі. Паветра, што ўрывалася ў лёгкія, стала гарачым і непрыемным. Язык драпаў паднябенне. Адчуванне памыйніцы ў роце ўзмацнілася. Трэба было тэрмінова прымаць меры для выратавання.

«Трэба дабрацца да кухні або ваннай», — прамільгнула ў галаве менеджэра. Логаш глыбока ўдыхнуў. Паспрабаваў сесці. Атрымалася з цяжкасцю. Як ні імкнуўся мужчына не рабіць рэзкіх рухаў, аднак пад скляпеннямі чарапной каробкі ўсё ж такі выбухнула граната. Прыйшлося патраціць некалькі імгненняў на тое, каб даць мозгу магчымасць справіцца з млосцю.

Адкінуўшы прасціны, Яраслаў апусціў ногі на падлогу, закрануўшы пры гэтым попельніцу. Крыштальны сподак перавярнуўся. Недакуркі і запалкі высыпаліся.

— Халера! — змрочна рэзюміраваў мужчына, гледзячы на наступствы катастрофы. «Як не своечасова». Зрэшты, калі гэта непрыемнасці былі своечасовымі? Падавіўшы раздражненне, Логаш вырашыў, што заўсёды паспее прыбраць смецце пазней. Зараз былі справы куды больш важныя.

Яраслаў устаў. Як аказалася, мужчына пераацаніў свае сілы. Мозг быў не гатовы да такіх рэзкіх перамен. Цела адразу ж павяло. Давялося ўхапіцца за край ложка. Зноў браць тайм-аўт.

Як толькі галава перастала кружыцца, а слабасць прайшла, Яраслаў зрабіў першы крок. На нагах выстаяў, што давала надзею на паспяховае завяршэнне місіі. Наступным этапам было надзяванне тапак. Левы знайшоўся адразу, варта было толькі памацаць нагой па падлозе, а вось пра­вы кудысьці знік. Патраціўшы дзве ці тры хвіліны на яго пошукі, менеджар «Чатырох колаў» махнуў на згубу рукой. Як быў — у адных сямейных тру­сах у кветачкі — павольна пакрочыў да ваннай. Маршрут аказаўся не з лёгкіх. Мала таго, што па меры набліжэння да крыніцы жаданне напіцца расло ў геаметрычнай прагрэсіі, дык яшчэ і ногі так і хацелі здрадзіць. Даводзілася дапамагаць сабе рукамі. Логаш нагадваў дзіця, якое робіць свае першыя крокі. Аналогія менеджара зусім не бянтэжыла. Яго думкі займала вада. Халодная. Асвяжальная. Такая смачная...