Выбрать главу

Мы з Мішкам бяжым па схіле гары, уздоўж агародаў, не адрываючы вачэй ад шара, а таму раз-пораз спатыкаючыся і налятаючы адзін на другога. У натоўпе, які бяжыць ад клуба, відаць, таксама спатыкаюцца ды падаюць, бо чутныя кароткія мацюкі і вісклівыя воклічы. Бягуць за шарам не толькі мальцы, але і дзеўкі.

Шар між тым пачынае зніжацца.

- Трэба было... больш... таблецін пакласці! - задыхана гукае сябрук і, зачапіўшыся за нешта, ляціць у яму.

Пакуль дапамагаў Мішку падняцца, шар апусціўся яшчэ ніжэй. Неча­кана, каля Авадзішынай хаты, ён змяніў кірунак, паляцеў у канец агарода, і бязладны лямант і тупаценне пакрыў трэск сухога дрэва. Гэта трашчаў падгнілы штыкетнік.

- А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца-а! - прарваў ноч жаночы лямант, які быў заглушаны роспачным гусіным гаганнем.

Нечакана агарод Авадзіхі, па якім бегла чалавечая гурма, асвяціўся зыркім святлом. Мы з Мішкам нават не зразумелі, што здарылася, і застылі на месцы, і толькі, перавёўшы дых, зразумелі, што гэта занялася агнём капешка сена, якая стаяла ў канцы агарода.

Калі мы да яе падбеглі, яна ўжо дагарала, пускаючы ў цёмнае неба вогненныя завітушкі.

- Нічога не чапаць! - крыкнуў нехта пагрозлівым голасам. - Павінна пажарная інспекцыя прыехаць.

Згарэлая капешка патыхала гарачынёй, таму людзі блізка да яе не падыходзілі, і толькі Мішка, закрыўшы рукой твар, пасунуўся да кола агністага прыску, але быў схоплены за каршэнь і адсунуты ўбок.

Мы з сябруком выслізгваем з натоўпу, бяжым прэч ад вогнішча, і Мішка. пры гэтым прыкметна накульгвае.

- Што, нагу вывіхнуў? - пытаюся я.

Мішка зладзеявата азіраецца, узнімае нагу, спрабуе падхапіць пачэплены на мысок чаравіка абадок з рэшткамі згарэлых нітак, і дзьме на апечаныя пальцы. Абадок яшчэ гарачы.

- Усё, разбягаемся, - рашуча загадвае сябар, і дадае: - Калі хто будзе пытацца - кажы, што ў арэхі хадзілі!

Раніцай мяне абуджае бразгат вёдзер у двары і зычны голас Мішкавай маці.

- Ці бачыла ты тое дзіва?

- Не, я ўжо спала. Пачула толькі: бягуць па вуліцы, гарлаюць як ашалелыя. Выскачыла ў адной сарочцы. Думала, хата нечая гарыць, - азвалася маці.

У нашым двары стаіць калодзеж, і ад самага ранку каля яго бразгаюць вёдрамі ды балбочуць жанчыны.

- У Авадзіхі агароджу павалілі, бульбу вытапталі і яблыкі абтрэслі. А яшчэ і капешка згарэла. Авадзіха ўсю ноч галасіла. А карга гэтая клубная як тое ўбачыла ў небе, пабегла да старшыні ў раён званіць. Крычала ў трубку: «Прыязджайце, да нас марсіяне прыляцелі!» Зусім з глузду з’ехала.

- Дык а што там было, у небе?

- А халера яго ведае. Кажуць, шаравая маланка ляцела.

Я салодка, на поўную губу пазяхаю, куляюся на бок і абуджаюся ад абрывістага свісту. Сонца свеціць ва ўсе шчыліны, на даху цвыркаюць вераб’і, а на двары зацята кудахча курыца.

- Ну ты і дрыхнеш, - з дакорам кажа Мішка Канапелька, калі я адчыніў дзверцы гарышча. - Заварылі кашу, - ужо стоена шэпча сябар, узбіраючыся па драбінах. - Юрка Гуль малако прывёз у Азярышча, дык да яго ўвесь малаказавод збегся. Пыталіся: ці бачыў ён марсіянаў? Адваротным рэйсам карэспандэнта прывёз, з раённай газеты. А яшчэ раней участковы прыехаў на матацыкле. Сядзяць зараз у клубе і людзей па чарзе выклікаюць. Пытаюцца - што там ды як. І Мандрычыха каля іх круціцца. Нюрку маю таксама выклікалі. Пра нас з табой пыталіся: дзе мы ўчора ўвечары б^ілі ды што рабілі. Сказала: у арэхі хадзілі. Во... дарэчы... - Мішка піхнуў руку ў кішэнь, - я тут надоечы залез у ляшчыннік, набраў крыху ды схаваў ад Нюркі.

Мішка сыпануў мне ў прыгаршчы арэхаў.

- І Авадзіха ў клубе сядзіць. Сказала, што ёй шкоду аж на сто рублёў нанеслі. Мальцы вунь, чуеш, новы паркан ставяць, - знадворку і сапраўды далятала ляскатанне малатка.

- Прыходзь ўвечары пад аўтобус. Паслухаем - што людзі кажуць. А мы з Нюркай ідзем канюшыну за хатай варушыць - маці загадала.

Народу каля клуба сёння больш чым калі. І ўсе скрозь гамоняць пра начную падзею.

- Сеанс закончыўся, я ўжо дахаты ішла, аж бачу - ляціць нешта, - сіпата апавядае Мандрычыха гурту вясковых цётак. - Не магу нават сказаць - што гэта было. Свеціцца, ківаецца, і не зразумець - высока яно ляціць, ці нізка. Я яшчэ тады падумала - ці не марсіяне гэта?