Выбрать главу

Міхась Южык

МАРЫЯНЕТКІ І ЛЯЛЬКАВОДЫ

раман

“Яшчэ трохі, і свет ужо не пабачыць Мяне;

а вы пабачыце Мяне, бо Я жыву,

і вы будзеце жыць” (Іаана 14 : 19).

1

— Не! Ну гэта ж няможна болей цярпець! — ускрыкнуў галоўны рэжысёр, ён жа дырэктар драмтэатра “Кіцеж” Аркадзь Бабаеўскі. — Я спыняю! Чуеце, я спыняю гэты агідны фарс! Перапынак!

Ён ускочыў са свайго крэсла, павярнуўся да акцёраў спінай і жвава рушыў да выхаду з залы. Але раптам, нібы падстрэлены, спыніўся, павярнуўся да сцэны і кінуў:

— Пугач, чакаю вас праз пяць хвілін у сваім кабінеце. — І пайшоў, ужо не азіраючыся.

Акцёры пачалі гаманліва разыходзіцца па грымёрных, а памянёны Пугач, малады чалавек гадоў трыццаці ў вопратцы старасвецкага лёкая, панурыўшы голаў, паплёўся ў бок службовых памяшканняў.

Неўзабаве ў кабінеце галоўнага адбыўся наступны дыялог.

— Скажыце, Пугач, — гаварыў чырванатвары таўстун Бабаеўскі, разваліўшыся ў мяккім крэсле. — Скажыце па праўдзе… Вам што, надакучыла ў мяне працаваць? — І з непрыхаванай нелюбоўю ўтаропіўся на свайго падначаленага.

Тут варта зрабіць некаторыя паясненні. З усёй трупы толькі да Сяргея Пугача звяртаўся Аркадзь Рыгоравіч на “вы”. Гэты афіцыйны зварот як бы трымаў яго на належнай дыстанцыі ад нялюбага акцёра, ганарлівы характар якога раздражняў Бабаеўскага з першых жа дзён іх супрацоўніцтва. Калісьці, гады тры таму, галоўны на рэпетыцыі моцна накрычаў на Пугача, аблаяў, і той прылюдна асадзіў яго, папрасіўшы выбіраць словы і называць яго на “вы”. З тае пары Бабаеўскі, які быў запанібрата амаль з усімі акцёрамі, знарочыста, напаказ звяртаўся да хлопца на “вы” і пры гэтым зрабіўся непамерна патрабавальным і прыдзірлівым да Сяргеевых службовых абавязкаў. Пугач стаў іграць у яго малазначныя, непрэстыжныя і нават абразлівыя ролі.

Вось і зараз смешна выглядала гэтая пара: мажны самаўпэўнены Бабаеўскі ў крэсле і нехлямяжы ў мудрагелістай старадаўняй вопратцы, хударлявы, быццам недакормлены Пугач. Праўда, зазначым, што да роляў другога-трэцяга плана Сяргей дайшоў збольшага па сваёй віне, з’явіўшыся колькі разоў на рэпетыцыі п’яным, а аднойчы сарваў і спектакль. Пасля гэтага здарэння тры месяцы ён знаходзіўся па-за штатам, а затым быў пастаўлены Бабаеўскім на ролю маўклівага слугі Івана. Гібеў ён на такіх іванах і па сённяшні дзень.

Пугач ужо з год прыкладаў каласальныя намаганні, каб знайсці сабе месца ў іншым тэатры, бо разумеў, што жыцця яму тут не будзе. Але ў сталічныя трупы было не прапіхнуцца, у правінцыю ж з’язджаць не хацелася. Ён са студэнцкіх гадоў быў напалоханы апавяданнямі рускіх класікаў аб нядолі правінцыйных акцёраў. Аднак надзеі не губляў, не спыняў пошукаў месца пад сонцам, а пакуль мусіў трываць здзекі Бабаеўскага, якога цярпець ненавідзеў.

— Дык я слухаю вас, — з’едліва пазіраў знізу ўверх Аркадзь Рыгоравіч на чалавека ў лёкайскай вопратцы. — Чаму вы не жадаеце выконваць вашыя службовыя абавязкі?

— Чаму… жадаю… — прабурчаў спадылба Сяргей, цярэбячы фалды каптана.

— Слухайце, Пугач, — раздражнёна зморшчыўся рэжысёр, — вы нармальны чалавек, ці не?

— А што такое? — насупіўся падначалены.

— А тое “такое”, што я вас звольню да дзёўбанай маці, калі яшчэ хоць раз палезеце за рамкі дадзенай вам ролі! Якога ражна вы ў трэцяй дзеі шпацыравалі на заднім плане з разумным тварам, а пасля ўселіся на крэсла і пастуквалі абцасамі?!

Акцёр прамаўчаў.

— Ці не вам заўчора было сказана стаяць слупам…. Чуеце, слу-пам на заднім плане і не торгацца, не парушаць цішыню, бо ў гэты момант доўжыцца паўза ў ключавым маналогу галоўнай гераіні. — (Галоўную гераіню іграла трыццацігадовая Танька Зарэмба, сужыцелька Бабаеўскага.)

— Дык навошта ж чалавек на заднім плане, калі ён стаіць слупам?

— Маў-чаць! — гаркнуў галоўны, прыўскочыўшы з крэсла. — Не разважаць! — Ён скамячыў на стале нейкую паперыну і злосна вытарашчыўся на Пугача.

Той дзёрзка (так здалося рэжысёру) паглядзеў на начальніка.

— Работа артыста — таксама творчасць… — заўважыў ён.

Пасля гэтых слоў Бабаеўскі адчуў, што кроў хлынула ў галаву, і не на жарт спужаўся, што яго разаб’е паралюш. Нядаўна ўрач, яго добры знаёмец, з прычыны паўнакроўя папярэджваў яго аб наступствах. Канешне, Аркадзь Рыгоравіч ненавідзеў гэтага сугнея Пугача, але ж не на шкоду свайму бясцэннаму здароўю!

Ён неяк абмяк, апусціўся ў крэсла і асцярожна, каб не спарадзіць голасам павелічэнне ціску ў мазгавых сасудах, ціха і абыякава прамовіў: