А іншым разам наляціць, апануе туга Леаніда Нілыча, перанясе яго гадоў гэтак на трыццаць назад, і наноў, балюча перажыве ён тыя падзеі…
І ўсё было тады не так, і ўсё было лепей, таму што былі яны маладыя, таму што кахалі, і жыццё ўяўлялася няспыннай квяцістай стужкаю… Ён любіў сваю жонку, ва ўсякім разе цяпер пастаянна пераконвае сябе ў гэтым. А тады… Тады была страсць, тады былі першыя творчыя поспехі і народзіны першынца — сына. І блаславёны той час, калі чалавек не задумваецца пра сэнс існавання, пра глыбіню сваіх пачуццяў, правільнасць учынкаў, а проста жыве, проста дзейнічае, проста кахае.
Яны былі на рэдкасць розныя з Ірай. Ён мастак, непаседа, любіў кампаніі. Яна матэматык, як казалі — таленавіты. Працавала ў Акадэміі, пісала нейкую пакручастую дысертацыю, цяжка пераносіла застоллі і Леанідавых шумных, зухаватых прыяцеляў. Але хто сцвердзіў, што толькі блізкія па інтарэсах людзі ствараюць шчаслівыя шлюбы? У іх сям’і панавалі спакой і паразуменне. І пражылі б яны, магчыма, доўгае і ўзаемаўдзячнае жыццё, і мелі б яшчэ дзяцей… Ды, напэўна, прызначана было Ірыне ў нябесных дакументах пражыць усяго дваццаць пяць…
А жыла яна, як ні дзіўна, так, нібы адмерана ёй гадоў дзевяноста. Бо напрарочыла ў маладосці Ірыне — будучаму кандыдату матэматычных навук! — нейкая шарлатанка доўгае жыццё, здаровую старасць, а неўзабаве — і сустрэчу са сваім нарачоным, які, аказалася, па ўсіх прыкметах супаў з Леанідам Нілычам. І захапілася з таго часу Іра гараскопамі, свята паверыла ў сваю шчаслівую зорку. Вылічвала па іх: калі ісці на адказную справу, а калі дома адседжвацца, калі выпадзе ёй удача, а калі не… Вось і падгадала сабе паехаць у камандзіроўку ў Тбілісі, спадзявалася прабіць новую распрацоўку… І была ўпэўненая, што праб’е.
Аднак занадта складаны Сусвет, каб ахапіць яго гараскопамі… Запрасілі там яе ў горы на шашлыкі. Вярталіся зацемна. І тысячу ж разоў раней пралятаў над той цяснінай бывалы вадзіцель, і яшчэ б столькі разоў праехаў, ды собіла яму памыліцца менавіта тады, калі ў кабіне, на заднім сядзенні з прыяцелямі, знаходзілася Леанідава жонка, яго каханая Іра…
Леаніду Нілычу толькі праз два тыдні пасля трагедыі прывезлі урну з сімвалічным прахам. Казалі, што і даставаць там не было чаго — кіламетровая глыбіня, камянюкі. І як найстрашнейшае вылучае цяпер яго памяць нават не раптоўную звестку пра Ірыну гібель, а тое тыднёвае стаянне урны з парэшткамі ў калідоры. Балазе Сярожка, якому ледзь споўнілася тры гады, мала чаго разумеў… Эх, не хацелася зарываць у зямлю яе прах, але і глядзець на урну было невыносна. Помніцца, апанаваны адчаем, два разы прымаў Леанід яе з трумо і хаваў на антрэсоль. І неўзабаве, змучыўшыся душою, вяртаў назад — да вазы з кветкамі.
Пакутлівы год пражыў мастак пасля гібелі жонкі. Магільнымі чарвякамі, днём і ноччу, заядалі яго згрызоты сумлення. Усё малазначнае ды неістотнае, што дзеелася пры яе жыцці, набывала цяпер надзвычайны сэнс. І здавалася, што недастаткова ласкавы і чулы быў Леанід з нябожчыцай, многага не дадаў, у многім пакрыўдзіў. Ды што там пакрыўдзіў! Якраз у апошні год і пачаў ён ад яе падгульваць, тыповаму мужчынскаму эгаізму паддаўся. Здалося, бач ты, яму, што замала ўвагі стала надаваць ягонай асобе Ірына — усё больш за кніжкамі ды за сшыткамі прападала, на канферэнцыях розных, калоквіумах. А калі адрывалася ад навук — усё сына лашчыла ды песціла. І не спытае ніколі, як там у яго, Леаніда, творчыя поспехі. А мастакі — народ датклівы, раўнівы да свайго рамяства… Гэх! І пачалося ж з пусцяковіны. Ну зусім не па сваёй волі здрадзіў ён жонцы. Хлопцы, у нос ім перцу, падставілі. Запрасілі ў лазню на выхадныя ды не сказалі, што і плыўчых туды маладых гарачых завабілі. І выйшла такая неспадзяванка, што толькі мужчына і зразумее, — нельга было адступіць, не асарамаціўшыся. Як не паказаць, што і ты не ў кулак смаркаешся, у рэшце рэшт?.. І тым не менш, сорамна было потым, балюча. Месяц не мог глядзець Ірыне ў вочы. А яна і не падазравала, бедная: усё дыферэнцыравала там на сваіх паперынах. А далей… Ці то ў смак увайшоў трыццацігадовы Леанід Нілыч, ці то зноў падаткнуў нячысцік, а толькі ўжо наступную жанчыну ніяк выпадковай не назавеш. І ў рэстараны ён тую актрысачку вадзіў, і рамантычныя букеты дарыў, і ў акно па пажарнай лесвіцы лазіў. Неяк поначы і сарваўся ён з тае лесвіцы, паламаў галёнку і два месяцы на мыліцах праскакаў.
Леанід Нілыч, на той час чалавек няверуючы, але забабонны, успрыняў гэта як знак, папярэджанне: годзе, спыніся, будзе горай. І спыніўся ён, і зарокся не блуднічаць болей. Сям’і аддаўся. Дальбог, так кахаў жонку, як і пад час мядовага месяца не здаралася, усе хатнія справы ў яе перахопліваў, на каленках з сынам поўзаў, у салдацікі ды параходы гуляючы. І думалася, перахварэў ён, усё прайшло, забыта, будзе лепей і лепей… Гэх, не спыніш, не пераматаеш назад, як у кінематографе, жыццёвую стужку. За ўчынак кожны, за слова неабдуманае, нават за подлую думку — плаці пажыццёва.