Выбрать главу

У панурай разгубленасці брыў Сяргей назад… і ўспамінаў кожнае дрэва. А вось і кіёск на рагу — ён гэтак жа прытуліўся пад ліпай. А насупраць — харчовая крама ў вуглавым доме, маленькая старамодная крама. Яны там часцяком пілі сок ці куплялі марожанае. Яна і цяпер адчынена, і можна зайсці… Але не зойдзе туды Сяргей.

Ён збочыў направа і плёўся па вузкім тратуары. Злева час ад часу шмыгалі легкавікі і грукаталі па рэйках трамваі. Усё як тады… А вось і Свіслач, і мост праз яе. Сяргей спыніўся на яго сярэдзіне і задумліва глядзеў на ваду. Так, ваду, бо лёд захаваўся толькі ўздоўж берагоў — крывыя зубчастыя палосы лёду. Чорная нячутная вада адбівала разнастайныя гарадскія агні. Вабіла да сябе. Госпадзе, яна яго да сябе вабіла!

Сяргей адхіснуўся ад біла. Але рук з яго не здымаў. Ён толькі зараз зразумеў, што свядома ішоў да гэтага моста… Дакладней, не свядома, а пад уплывам непадуладнай розуму сілы. Але ведаў, што ідзе менавіта сюды. Навошта? Ну як жа! Вось яна, чорная супакойлівая вада, што прынясе забыццё і збавенне. Яна, нібы заслона, што апусціцца пасля заканчэння спектакля, які ён, Сяргей, ужо дайграў. Аднак заслона не будзе паднята зноў, і не прадставіцца магчымасць выйсці і прыняць удзячныя воплескі. Там не будуць яму апладзіраваць. Ні ў якім разе не будуць. Дый не патоне ён бязбольна і вокамгненна, а спярша балюча ўдарыцца аб ваду, апячэцца яе смертаносным холадам, будзе бездапаможна цялёпкацца і клікаць людзей… Тых людзей, якімі пагарджаў усё жыццё, якіх лічыў за нікчэмнасцяў. А насамрэч яму важна, надзвычай важна было пачуць іхнія апладысменты, убачыць слёзы, пакуты душэўныя. Ён іграў для іх. Ён іграў з імі.

“Баязлівец! Нават гэтага ты няздатны зрабіць, — з грэблівасцю да сябе і са страхам перад сцюдзёнай плынню адыходзіў Сяргей ад біла. — Ты не можаш іграць і жыць па-людску не можаш”.

З апушчанай галавою пацёгся Пугач цераз вуліцу… Ён не чуў віскату тармазоў і аграмадзіну, што няўмольна насоўвалася на яго, убачыў толькі ў апошнюю секунду. Чорны чатырохвокі абрыс засланіў ад яго жыццё, але не выклікаў ні адчаю, ні жаху…

34

Напорыстая, дружная ішла ў той год па Беларусі вясна. Насуперак меркаванням скептыкаў, яна ў два тыдні пазмывала цёплымі дажджамі снег, што назапашваўся цэлых чатыры месяцы.

Да красавіка не толькі па паўднёвых раёнах, але і на традыцыйна халаднейшай Полаччыне зямля цалкам пазбавілася ад снегу. А ў Мінску дык яшчэ і паспелі ўпарадкаваць вуліцы і двары, прыбраць з іх зімовае смецце. Амытая дажджамі, вымеценая і вычашчаная сталіца радавала сваіх жыхароў. На вольных ад асфальту лапіках зямлі зазелянелі травы. У сярэдзіне красавіка, першым з кустоў і дрэў, выпусціў лісточкі агрэст. Паглядзеўшы на яго, сталі ўбірацца вербы, а неўзабаве і паласатыя ствалы бяроз ахуталіся пухкімі салатавымі аблачынамі.

На ўсю гэтую раскошу, дзень пры дні, апускаліся чароды птушак, што паспешліва вярталіся з выраю. Яны запоўнілі сваімі жыццярадаснымі галасамі паркі, скверы, двары.

Горад у чарговы раз перамог зіму.

Яніна Пятроўна Мачульская радавалася вясне, як і ўсе людзі, хоць назірала яе з-за шыбаў сваіх акон. У першай палове дня яна ўладкоўвалася ля кухоннага акна, паколькі там было сонечна. Яна вязала. А калі стамляліся вочы і рукі, апускала вязанне на калені і глядзела, як унізе, па шырокай вуліцы, шастаюць разнастайныя аўтамабілі, як убіраецца ў зелень пагорак на тым баку вуліцы, як рухаюцца людзі па стромых бетонных лесвіцах — на пагорку стаяла некалькі дзевяціпавярховак. Яніна Пятроўна другі месяц вязала Кастусю шарсцяны світэр. Вязала па мерках, што зняла ў апошні яго прыход, восьмага сакавіка. У той раз Кастусь прынёс і падараваў ёй новы тэлевізар “Soni”, усталяваў яго на тумбачку ў зале, паваждаўся з ім, а затым сказаў, што прыйдзе заўтра з патрэбнымі інструментамі і падключыць да кабеля. Таму што з хатняй антэнай, праз якую Яніна Пятроўна глядзела стары тэлевізар, “Soni” працаваў кепска.

З таго часу тэлевізар так і стаіць не падключаным, бо Кастусь прапаў: не прыходзіў і не званіў. Але Яніна Пятроўна яго чакала і, каб было гэтае чаканне не такім сумным, вязала яму світэр.