Выбрать главу

Так грыз сябе цэлы год Леанід Нілыч. Працаваць не мог, перажыў творчы крызіс. Цяпер перад сынам, перад малым Сяргеем, гатовы быў ён укленчаны поўзаць за здраду ягонай маці, за недастатковую любоў да яе. І знаходзіў ён у малым мілыя сэрцу рысы твару і характару нябожчыцы. Пакляўся тады сабе Леанід, што ніколі не ажэніцца ён паўторна, што абароніць Сяргея ад мачахі, што ў блін разаб’ецца, а зробіць сына шчаслівым.

Сваё слова стрымаў — не ажаніўся ні з кім, хоць жанчын абысці за наступныя дваццаць пяць гадоў, вядомая рэч, не ўдалося. Не, з год, пакуль выдзіраўся з душэўнага мораку, ён на іх не глядзеў і ні аб чым заганным не думаў. Але так ужо зладжаны чалавек, што не можа ён пакутаваць вечна: або памірае ён, або жыве ды імкнецца да радасці, да шчасця, да асалоды. Вярнуліся да Леаніда і творчае натхненне, і пахі фарбаў, кветак, зеляніны, жаночых духоў. Бо не пераставаў яго магутны сялянскі арганізм прасіць ежы, паветра і сонца, не пераставалі ў ім выпрацоўвацца пэўныя гармоны. Прырода брала сваё. Але душа! Душа яго засталася там, з Ірынай, і ніхто не здолеў заняць яе месца.

Азіраючыся назад, з вышыні пяцідзесяці трох гадоў, бачыў мастак як бы расколатасць, размежаванасць свайго жыцця на дзве палавіны: да і пасля трагедыі. Зусім іншымі крытэрыямі і каштоўнасцямі вызначаліся гэтыя жыцці. Белае стала чорным, а чорнае белым. Праўда, з цягам часу чорнае крыху пасвятлела і пашарэла белае, размыліся межы, прытупіўся боль, але новым, напраўду новым і памудрэлым чалавекам стаў Леанід не цяпер, не год дзесяць таму, а тады — пасля Ірынай гібелі.

Раней, да трыццаці гадоў, шкура на ім гарэла: хацелася і ў Саюз мастакоў, хацелася грошай і славы. І радаваўся ён па-дзіцячаму сваім поспехам, быў чуйны і раўнівы да крытыкі і ўхвалы. Важна, надзвычай важна было тады, каб ведалі сябры, ведалі яго і жончыны родзічы пра гэтыя часовыя, мімалётныя поспехі. Была ў іхняй сябрыне маладых мастакоў задзірыстая творчая канкурэнцыя, бравада, фатаўство, паказушнае вальналюбства, жаданне адзін аднаго пераплюнуць, каб усе апладзіравалі.

Усё знікла разам з Ірынай… І калі праз год выйшаў-такі спакутаваны Лёня на творчую арбіту, то не хвалявалі яго больш ні Саюз мастакоў, ні выставы, ні кар’ера, ні грошы. Але, як почасту бывае ў жыцці, дамагаемся мы з дзіўнай лёгкасцю якраз таго, да чаго найменей імкнёмся. Таму што не перажываем за гэта, а менавіта перажыванні, нецярплівая прага дасягнуць мэты з’яўляюцца нашымі першымі ворагамі.

Дамагаўся Леанід Нілыч чаго-кольвек толькі таму, што цвёрда ведаў: жыццё — гэта рух наперад; без паступальнага руху, без развіцця яно ёсць балота. Дапамагала і выратоўвала Леаніда ад многіх нягодаў тое, што заўсёды, нават у пару славалюбнай маладосці, ён цвяроза ацэньваў свае магчымасці — не “мнил себя гением”. Нейкім прыроджаным чуццём, яшчэ на пачатку творчага шляху, уразумеў ён адну простую ісціну: нішто ў жыцці на сподачку не падносіцца, за ўсё трэба змагацца, усё трэба браць з боем. Каму ж, як не яму, хутарскому хлопцу, які калісьці прыехаў пакараць сталіцу, было ведаць, што ўсе месцы пад сонцам даўно заняты ў такой жа зацятай барацьбе, што ніхто іх проста так не саступіць. Ніхто не раскрые гарачыя абдоймы ад захаплення Леанідавымі талентамі, не ўсцеліць яму дарогу кветкамі, не пападае ніцма. А наадварот, будуць браты-мастакі, учуўшы моцнага канкурэнта, усяляк замінаць яму дабрацца да запаветнага п’едэстала, каб не адабраў ён у іх хлеб і славу. І наконт талентаў сваіх трэба маўчаць моўчкі, калі не хочаш быць спляжаным яшчэ на сваім зачатку. Трэба непрыкметным шэранькім конікам караскацца на вяршыню грамадскай піраміды і, толькі набраўшы пэўную вышыню, набыўшы і вагу і сувязі, заявіць людзям пра свае творчыя здольнасці. А іначай паляціш ты з гэтае піраміды потырч, няшчадна разаб’ешся аб дол.

Усё гэта ўцяміў сабе Леанід Нілыч. Ён ішоў угару паступова, не ўсцешваўся часовымі поспехамі, не бедаваў ад няўдач, нікому не зайздросціў, ні з каго не зларадстваваў. Ён ніколі не падводзіў ні таварышаў-мастакоў, ні заказчыкаў. Ён уважаўся за абсалютна неславалюбнага, неамбіцыйнага чалавека, гэткага цягавітага, добрага рамесніка — і не болей. Але менавіта таму і любілі, і давяралі яму браты па пэндзлі, абіралі на розныя пасады ў Саюзе мастакоў, прабівалі яму памяшканні для выстаў і прэзентацый.

Грымнула гарбачоўская перабудова, і тут не знячэвіўся, не прапаў Леанід Нілыч. Бо, як аказалася, асноўны капітал — гэта не грошы, не талент, а сувязі. А сувязяў і знаёмстваў з патрэбнымі людзьмі было ў яго досыць. Да таго ж за гады творчай дзейнасці склалася свая кліентура, і бывала, што напісаную за адну ноч карціну ўдавалася прадаць за пяцьдзесят, за сто долараў. Ён стаў модным мастаком, харызматычнай постаццю. І самае дзіўнае, што, малапрыкметны напачатку, яго талент як бы ўзрос, падужэў, раскрыўся. Леанідавы палотны, год ад году, дзякуючы нястомнай, уседлівай працы пачалі набываць усё болей адметныя, вартыя рысы.