Выбрать главу

Асаблівы рывок зрабіў Нілыч за апошнія пяць гадоў, калі асэнсаваў працэсы, што так рэзка адбыліся ў яго краіне, — у кантэксце сусветнай гісторыі. Гэтае падзенне жалезнай заслоны, што справакавала паток новай літаратуры, новых ісцін, каштоўнасцяў і псеўдакаштоўнасцяў у мазгі непадрыхтаваных да свабоды людзей, зрабіла моцны пераварот і ў душы заўсёды разважнага, памяркоўнага, псіхалагічна ўстойлівага Леаніда Нілыча.

Ён адкрыў, што перайначанае на яго вачах жыццё ніяк не ўкладваецца ў тыя схемы, па якіх ён прывык існаваць, і не падпарадкоўваецца ўжо тым ісцінам, у якія ён раней верыў; што тыя ісціны не ёсць аксіёмы, а толькі пробныя мадэлі жыцця, якія не вытрымалі выпрабавання часам. Свет нібы пашырыўся перад Леанідам Нілычам, стаў гразнейшым, аб’ёмнейшым і цікавейшым. Атрымаўшы доступ да раней забароненых кніг гістарычнай, эзатэрычнай і мастацкай літаратуры, ён выразна ўбачыў, што ісцін, якія руйнаваліся няўмольным часам, за перыяд існавання чалавецтва было мноства. І толькі шараговая з іх, не лепшая за ўсе астатнія, — марксізм-ленінізм.

Дзе ж праўда? Гэтае адвечнае пытанне змучыла мастака пасля падзення ягоных ідалаў. Як, чым і па якіх правілах яму цяпер жыць? І галоўнае, навошта? Чуццё гаварыла, што адказ ёсць. Ён стаў чытаць далей, насычацца базай сусветных ведаў, што былі подла ўтоены ад яго на працягу сарака гадоў свядомага жыцця. Ён кінуў маляваць карціны і стаў шукаць нейкую сакральную кропку ў гісторыі чалавецтва, нейкую падзею, што б адказала адразу на ўсе пытанні, прымірыла супярэчныя тэорыі, прасвятліла б яго паняцце аб светабудове. І прыйшоў ён туды, куды прыходзяць, у рэшце рэшт, усе шукальнікі — на дзве тысячы год назад, на Галгофу. Бо толькі там, і пакуль аднойчы, сышліся ў смяротным баі сусветныя дабро і зло, святло і цемра, праўда і псеўдапраўда. Толькі там Пераможаны стаў Пераможцам, а Забіты — Вечна Жывым…

Гэтае азарэнне ўвайшло ў мастакову душу, знітавалася з яго творчасцю. І па-новаму, зусім па-іншаму глядзеў ён цяпер на палотны Рэмбрандта і Рафаэля, Шагала і Гоі. Там, дзе з маладосці быў знаёмы кожны штрых і мазок, свіцілася тое самае: Галгофа і крыж са сваёй страшнай Ахвяраю, месца, дзе яднаюцца зямля і неба, дзе ў кропку сціскаецца час і бяжыць ужо ў іншым напрамку.

6

Багата знаёмых, кліентаў, усялякіх сяброў-прыяцеляў меў Леанід Нілыч Пугач. Ён лёгка знаёміўся, сыходзіўся з людзьмі і сам быў, што называецца, чалавекам лёгкім. Але толькі адну дружбу пранёс ён з маладосці да сённяшняга дня, толькі з адным чалавекам на свеце быў ён самім сабой, адкрытым і шчырым — з Адынцом Валерыем Віктаравічам.

Адвечар таго дня, з якога пачаўся наш аповед, Адынец завітаў да Леаніда Нілыча ў госці. Адвячорак, дарэчы, стаяў марозны і ветраны, але ў вялікай зале Пугачовай кватэры было горача — не то ад батарэй ацяплення, не то ад палкай спрэчкі, якую вялі між сабою сябры.

Адынец быў чалавекам незвычайным ва ўсіх адносінах. Пазнаёміўся з ім Нілыч у пару рамантычнай маладосці, пад час байдарачнага паходу. Неяк разгаварыліся яны ля вогнішча, і адразу ўразіў Леаніда небывалы і не абы-які для свайго ўзросту культурны досвед суразмоўніка, яго манера грунтоўна і ненавязліва адстойваць свае думкі. А быў Адынец усяго толькі маладым інжынерам.

І гутарка, што завязалася тады паміж імі на беразе возера, як бы не канчаецца і па сёння, хоць састарыліся суразмоўнікі, хоць шмат чаго памянялася ў іх жыцці, хоць жывуць яны ўжо не пры сацыялізме, а пры капіталізме.

Апрача таго, што Валерый Адынец заўсёды быў для Леаніда Пугача цікавым чалавекам і надзейным сябрам, ён яшчэ з’яўляўся як бы сувязной ніццю паміж маладосцю і сталасцю, паміж колішнім рамантычным, жанатым і шчаслівым Лёнем і цяперашнім мудрым, разважлівым, мацёрым мастаком Леанідам Нілычам.

Сам жа Адынец не змяніўся нітрохі. Вецер далёкіх вандровак па-ранейшаму гуляў у галаве гэтага эстэта, летуценніка, ідэаліста. За трыццаць год ён выслужыўся адно да вядучага інжынера і атрымоўваў у сваім СКБ мізэрную, вартую жалю зарплату. Гэтай зарплаты, аднак, хапіла, каб сабраць пакрысе адну з найбагацейшых прыватных бібліятэк сталіцы, мець зайздросны архіў нашых і замежных музычных кружэлак, процьму касет з песнямі ўсемагчымых бардаў, некалькі альбомаў рэдкіх марак з усіх куткоў свету, калекцыю старадаўніх манет і шмат чаго іншага. А змяшчалася тое багацце ў невялічкай двухпакаёвай кватэры.