Як ні дзіўна, збіраў усё гэта Адынец не з азартнай карысці, не з жадання праславіцца, не для навуковых і культуралагічных даследаванняў, а з банальнай любові да жыцця і мастацтва.
Тады, калі большасць грамадзян былога Савецкага Саюза марнела ад сухіх лозунгаў і дэманстрацый, калі культурніцкая эліта пакутавала за так званай жалезнай заслонай, не адчуваў Валерый ні лозунгаў тых, ні заслоны гэтай не бачыў. Бо ў яго несамавітай двухпакаёўцы заўсёды лунаў дух Шэкспіра, гасцяваў Моцарт, завітваў Мальер, стала пражывалі Пушкін, Талстой, Дастаеўскі…
Адно прыкра — не было сярод іх жывых людзей, ніколі не раздаваўся прарэзлівы дзіцячы крык, не гаспадарылі на кухні шумлівыя жаночыя рукі. Так, Адынец быў перакананы халасцяк. Прычын таму шмат. У першую чаргу — тое, што нельга было ўявіць паміж гэтым дзіваком і яго раўніва, дзесяцігоддзі збіранымі калекцыямі яшчэ кагосьці трэцяга, чацвёртага, пятага… Тут і аднаму было не павярнуцца між шафаў, грувасткіх паліц, сакрэтнікаў, між скульптур і палотнаў, якія, нібы дзеці, патрабавалі да сябе нязводнай увагі, догляду і любові.
Праўда, аднойчы, даўно-даўно, ледзь не ажаніўся па мужчынскай слабасці Адынец, ды ўратаваў яго ўсё той жа рамантычна-ідэалістычны погляд на рэчы. Пакахаў ён у трыццаць гадоў адну журналістку. І здавалася, разумная была, развітая жанчына. Можна было з ёй гаварыць пра Веласкеса і Байрана, і Шылера яго любімага яна прымала як быццам… А толькі за два тыдні да вяселля, калі жылі яны ўжо як муж з жонкай, неяк поначы, собіла яго сяброўцы ляпнуць, што некаторыя мужчыны робяць нешта там так, а яшчэ і вось так і вось гэтак… Тых неабдуманых слоў хапіла, каб моўчкі ўстаў Адынец з ложа страсці, моўчкі апрануўся і пабрыў па начным горадзе да сваіх карцін, кружэлак і кніжак…
З таго часу ён ужо не дазваляў сабе ўплятаць у светлае паняцце любові цялесны аспект і жыў абсалютным аскетам. З гадамі гэтае самотніцтва і ненармальнае пазбяганне слабага полу ператварылася ў неваяўнічае жаночаненавісніцтва, якое было пастаянным яблыкам разладу паміж Адынцом і Леанідам Нілычам. Бо мастак, хоць і не “ашчаслівіў” сына мачахай, усё ж не пагарджаў жаночымі вабнотамі і заўсёды меў сяброўку жыцця. За што папракаў яго Валерый Віктаравіч і, у запале спрэчак, называў старым ханжой і “спаднічнай” душою.
Між іншым, іхнія гутаркі часцяком насілі нямірны характар, і бывала, развітваліся сябры, ажно ў дзвярах праклінаючы адзін аднаго ды надзяляючы абразлівымі мянушкамі. Але мірыліся хутка, праз пару гадзін, па тэлефоне. Бо гэтыя запальчывыя сваркі былі неад’емнай і неабходнай часткай іх інтэлектуальнага, духоўнага існавання, з’яўляліся сродкам выплескаў як адмоўных, так і станоўчых эмоцый.
Валерый Віктаравіч належаў да тае катэгорыі халасцякоў, што хваравіта педантычныя ў справах і неверагодна дбайныя да чысціні і парадку рэчаў. У яго кватэры ўсё ляжала, стаяла і вісела строга на сваіх месцах, старанна аберагалася ад пылу і бруду. Адынец быў просты і акуратны ў адзенні і наўздзіў непераборлівы ў ежы. Змесціва яго халадзільніка і цяпер, пры капіталізме, не вызначалася багаццем і разнастайнасцю. У ліхія ж часіны гайдараўскага абвалу халадзільнік і наогул збольшага пуставаў, а яго гаспадар перабіваўся з кефіру на хлеб. Таму што не мог Адынец дазволіць сабе марнаваць вольны час на беганіну па горадзе ў пошуках чагосьці пажыўнейшага, выстойваць у тлумных чэргах. І ў галодную, і ў сытую пару ён захоўваў сваю нязменную сухую камплекцыю, упэўненасць у рухах і светлы дапытлівы розум.
Чаму найболей дзівіўся Леанід Нілыч, то гэта непазбыўнай бадзёрасці, пастаяннай жыццярадаснасці Адынца. Як ні пазвоніш — у голасе яго свіціцца блазнаватае захапленне, як ні сустрэнешся — па-маладому гараць яго вочы. Нават раздражняла гэта падчас. Уважаў жа сябе Леанід Пугач за моцнага, трывалага чалавека, але і ён, бывала, упадаў у меланхолію, паддаваўся нудзе і маркоце. Так часам дапячэ жыццё — ці сын выкіне чарговае штукарства, ці напаскудзіць нехта з нядобразычліўцаў, ці палаешся з палюбоўніцай, — і падкоціць пад горла даўкі камяк, і сам сабе зробішся ненавісным, і бачыць нікога не хочацца. Тады запіраўся Нілыч у сваёй майстэрні, адключаў і тэлефон і мабільнік ды на некалькі сутак унурваўся ў працу. Або, калі ўжо зусім было моташна, кідаў усё да чортавай маці, адпраўляўся на вакзал, сядаў у любую электрычку, вылазіў на малалюдным паўстанку і брадзіў, брадзіў па лясных і палявых дарогах, па бездаражы да самае цемры… І гэта ён — чалавек, не абдзелены ні грашыма, ні славай, ні грамадскай увагаю!