Выбрать главу

Ды не ведаў Леанід Нілыч, што ў створаным Адынцом маласвеце вольны выбіраць гэты дзівак толькі прыемных сабе людзей — якія не падвядуць, не аблаюць, не здрадзяць; людзей адукаваных, высокадухоўных, лагодных. А іменна аўтараў шматлікіх раманаў, філасофскіх трактатаў, энцыклапедый, стваральнікаў разнастайных сімфоній і операў. Таму і вяселіцца яго душа, таму роўны яго настрой, таму жыццярадасны яго голас.

Але ёсць яшчэ адна тайна ў Валерыя Віктаравіча, пра якую не ведае яго найбліжэйшы сябар. Страшная тайна, якая, тым не менш, дае яму сілы жыць пабожна, удзячна і жыццялюбна.

Каля дваццаці пяці гадоў у загараднай псіхбальніцы жыве — не жыве, а марудна памірае яго брат-блізнюк, Алег Віктаравіч.

Калісьці Алег вучыўся ў тэхналагічным інстытуце і быў самым звычайным хлопцам — вясёлым, з кучай сяброў і сябровак, аматар студэнцкіх вечарынак, дыскатэк і іншых жыццёвых радасцяў. Аднак на апошнім курсе як падмянілі Алега. Ці прычынай таму няшчаснае каханне, ці здрада сябра, ці яшчэ якое душэўнае ўзрушэнне — ніхто не дазнаўся дагэтуль. А толькі абарваў ён усе знаёмствы, стаў прападаць у чытальных залах і горамі цягаць з бібліятэк розныя мудрагелістыя кнігі. Збольшага зацятай бязбожнасцю, спірытызмам аддавала тое чытво. Паглынаў яго брат запоем, нешта пісаў у сшытках, мармытаў пад нос, не выходзіў з дому і па трое, і па чацвёра сутак. Устрывожыліся бацькі, сталі распытваць Алега. Навуковую працу пішу, у аспірантуру збіраюся, схлусіў ён. Крыху супакоіліся дамашнія. Ды ненадоўга. Неяк стрэў Валера ў горадзе Алегавага прыяцеля-сукурсніка, свайго шапачнага знаёмца, і дазнаўся, што ўжо паўгода як не паказваецца ў інстытуце Алег, на сесію не з’явіўся, але акадэмічны не браў і таму найхутчэй адлічаны... А далей — усё горай: стаў брат сам з сабой размаўляць, а на роспыты бацькоў лухту нейкую несці. Што, маўляў, усё мана, што ўсё роўна памром, дык хоць трэба ратаваць свае душы… што ў апраметнай нас чакаюць — не дачакаюцца, але ён ведае выйсце… І падобную несусвеціцу. Спужаліся бацькі, пачалі псіхолагаў выклікаць розных, падпольных экстрасэнсаў вышукваць. Толькі палохалі яны сваім выглядам няшчаснага брата, толькі глыбей заганялі яго ў вар’яцкую прорву. Трызнілася ўжо Алегу, што палюе за ім нейкі каратканогі пляшывы чалавек (гэта асабліва запомнілася Валерыю), што ваюе той чалавек з кітападобнай пачварынай — дэманам, у закладзе ў якога нашыя жыцці, што бегае той пляшывы па дэманавай тушы і рэжа яе крывым нажом, а адрэзаныя кускі ажываюць, у маленькіх пачварын ператвараюцца ды кусаюць, намагаючыся пажраць, вялікую тушу. Блытана так гаварыў Алег, вісклівым голасам. І ўсё паказваў у акно, што стаіць той пляшывы каратканогі то за тэлефоннай будкай, то ў дзвярах пад’езда процілеглага дома, то ў альтанцы нібыта хаваецца… Перастаў брат есці, бо баяўся, што падсыпле яго вораг атруту, перастаў мыцца, бо не вада гэта, а пякельная вадкасць. Прымусова яго кармілі; сілком, у шэсць рук, вадзілі ў ванную, абмывалі пад душам. А сесці ў ваду не хацеў, бо той уяўны пляшывы чалавек мог і пад вадой дыхаць, дык зацягне яшчэ на дно і будзе трымаць…

Карацей, сербанулі яны ліха на ўсю закрутку. Хоць не хацелася, а прыйшлося пакласці Алега ў вар’ятню. За пяць наступных гадоў, пакуль не загнала гора бацькоў у магілу, некалькі разоў, у часы прасвятлення, забіралі яны Алега дамоў. Ды кожны раз і месяца з ім не вытрымлівалі…

І ўжо чвэрць стагоддзя (ніводны знаёмы не ведаў гэтага) кожныя два тыдні закупляў Валерый Віктаравіч валізу ласункаў і фруктаў ды адпраўляўся за горад, дзе за высокай мураванай агароджай мучыў свой век яго брат-блізнюк, яго кроў, яго вобраз і падабенства…

Апошні год было зусім туга: Алег ужо не ўставаў з ложка і амаль не пазнаваў Валерыя Віктаравіча. Але неяк пасвятлеў тварам, заўсёдныя жахі пакінулі яго гаротны розум, і здавалася, што Бог злітуецца і неўзабаве прыбярэ да сябе гэтую пакутную душу.

Валерый Віктаравіч мужна нёс свой крыж. Ён быў упэўнены, што брат узяў на сябе нейкія цяжкія грахі яго далёкіх, нязнаных продкаў, тым самым дараваўшы яму ясны розум і радаснае светаўспрыманне. Дзеля гэтага спакутаванага бледна-сіняга твару, дзеля гэтай згарбелай спіны і высахлых братавых ног не можа, ні ў якім разе не можа наракаць Адынец на свае жыццёвыя нягоды і злыбеды, а толькі — шукаць дабро, збіраць яго па крупінках.

7

— Назад у паганства! Вось як бы я ахарактарызаваў сённяшні дзень, — гаварыў, узрушана тэпаючы па зале, Леанід Нілыч.