Яго суразмоўнік, наадварот, патанаў у выгодным крэсле і быў як быццам зусім бестрывожны. Левая яго рука расслаблена ляжала на мяккай парэнчы, а правая трымала фігурысты фужэр з чырвоным віном, якое Адынец пакрысе і пацягваў.
— Што ты маеш на ўвазе? — прыжмурыўся ён, пазіраючы на каржакаватага барадача Нілыча.
— А тое, браце, што адбываецца вакол нас за апошняе дзесяцігоддзе, — раздражнёна махнуў Нілыч рукою. — Гэта ж кашмар несусветны! Маральныя каштоўнасці хрысціянства знішчаюцца на нашых вачах, а мы толькі ў ладкі пляскаем: ай дэмакраты, ай малайцы!
— Старая песня, — з нудою ў голасе зморшчыўся Адынец. — І не надакучыла табе з пустога ў парожняе пераліваць…
— Не, не надакучыла. І не надакучыць, пакуль будуць на экранах выпендрывацца тупагаловыя выскачкі, пакуль будуць яны…
— А ты не глядзі! — перабіў яго Валерый Адынец.
— Як “не глядзі”?
— А не ўключай тэлевізар, і годзе.
— Я яго, лічы, і так не ўключаю. Патрэбны ён мне як мёртваму прыпаркі! — гарачыўся Леанід Пугач. — Моладзь шкада. Што ж з яе вырасце на гэтых пошлых ток-шоу, баевіках, парнусе? На гэтай мярзоце, што выліваецца на кволыя галовы нашых сыноў, дачок, унукаў…
— Це, це, це, це, — пагардліва адмахнуўся ад яго суразмоўнік. — Чу-улі, Леанід Нілыч, усё гэта мы тысячу разоў чу-улі.
— Аднаго не зразумею, навошта было развівацца ад малпы да чалавека, стагоддзямі душыць у сабе паганскія звычкі, каб на парозе трэцяга тысячагоддзя ад нараджэння свайго Збавіцеля ўсё адрынуць, распрануцца дагала і зноў, як у добрыя старыя часы, скакаць вакол вогнішча?
Адынец ніяк не хацеў падхапіць гэтую тэму і ад таго яшчэ больш распаляў Леаніда Нілыча.
— Ты ж паглядзі, Валер, што наўкол вытвараецца. Я ніколькі не перабольшваю, калі кажу, што мы да паганства вяртаемся. Людзі, мабыць, толькі таму пабудавалі цывілізацыю, стварылі шэдэўры мастацтва, што год за годам, на працягу тысячагоддзяў выціскалі з сябе жывёльны пачатак. І першы да гэтага крок — вопратка. Не прыкрываючы голае цела, нам немагчыма прыглушыць юр, а не прыглушыўшы яго, не можам мы мысліць, бо юр ачмурае... Нездарма ж раней ажно ўлетку людзі ў пальчатках хадзілі.
— Ага! Тыя, хто жыў за кошт чужой працы. Лайдакі, свалачное панства.
— Не свалачное панства, а шляхетнае панства. Таму і думкі ў іх былі высокія, і на жанчыну яны глядзелі як на боскую таямніцу, і паводзіліся далікатна, што цела сваё хавалі пад вопраткамі. А цяпер?! У школу — на заняткі для спасціжэння мудрасці! — ходзяць у данельга кароткіх спадніцах, у празрыстых майках. А потым бядуе нейкая матуля, што згвалціў яе пятнаццацігадовую дачку аднакласнік. Ды няўцям ёй, бесталковай, што тая дачка два гады распаляла яго маладую жарсць сваім какецтвам, сваімі аголенымі нагамі. І дагулялася!
— Лоўка завярнуў! — тэатральна пляснуў у далоні Адынец. — Поспехі робіш, Нілыч.
— Смейся, смейся, зубаскал. — Пугач падышоў да часопіснага століка, наліў сабе паўфужэра віна і мігам яго пракаўтнуў. — Паглядзім, што ты далей прахіхікаеш. — Ён зноў пусціўся шпацыраваць па зале. — Дык вось, дабраўшыся да вяршынь інтэлекту, чалавецтва не знайшло нічога лепшага, як зноўку павярнуць да сваіх каранёў, то бок да язычніцтва. Зноўку ўзнялі на п’едэстал фалас і яму пакланяюцца. І вяршэнствуюць душамі ўжо не літаратары і асветнікі, як было сто гадоў назад, а галапупыя эстрадныя зоркі, плячыстыя героі баевікоў, сексбомбы эратычных трылераў…
— Дзякуючы тваёй жа цывілізацыі.
— Не зразумеў… — здзівіўся Леанід Нілыч.
— А ты падумай. — Валерый Адынец з’едліва ўсміхнуўся. — Памазгуй, брат славуты мастак, пакумекай. І можа, дапнеш нарэшце, што якраз дзякуючы тэлевізарам, магнітафонам, інтэрнэтам і верхаводзяць народнымі масамі ўжо не мысляры, не навукоўцы, а эстрадныя выскачкі. Ці не так?
— Яно так… канешне… Але ж не для таго прыдумляліся электронныя сродкі зносінаў, каб народ разбэшчваць. Упэўнены, дзеля дабра вучоныя шчыравалі…
— Це, це, це, це. — Адынец лянотна і пазяхліва, з выглядам інтэлектуальнай перавагі глядзеў на прыяцеля.
— Я ж памятаю, колькі радасці было, калі я тэлевізарам абзавёўся. Гэта быў рывок у прастору, духоўны ўздым, увесь пад’езд да мяне збягаўся. А каляровы тэлевізар! О, як я радаваўся, калі ўбачыў блішчастыя чырвоныя шлемы зборнай СССР па хакеі: чырвоная форма на белым лёдзе! Ды я, нібы хлапец, ад шчасця трымцеў. А цепер: гэты тэлевізар, гэтае акно ў свет, ворагам робіцца найлюцейшым!
— Заеўся ты, значыць. Трэба, відаць, цябе зноў на сталінскае радыё пасадзіць ды павадзіць на дэманстрацыі. Тады б ацаніў ты гэтага “найлюцейшага” ворага.