— Вышэйшыя адназначна.
— Добра. Так і запішам. А вось цяпер слухай. — Валерый Віктаравіч ізноў скрыжаваў рукі і прыўзняў падбародак. — Я сцвярджаю, што чалавек, па сваёй прыродзе, заўсёды быў нізкай, блудлівай, хлуслівай і зайздрослівай істотаю. І прынцып, якім ён адвеку кіруецца, ёсць дасягненне ўласнае асалоды. Усё пытанне ў тым, ці дазволіць грамадства яму гэтую асалоду атрымаць. Бо кожная з асобін грамадства таксама імкнецца да асабістай асалоды. Адсюль і натуральны адбор. Адсюль і перавага дужага над слабым і багатага над бедным, адсюль і выбіраем мы пародзістых жанчын, а не розных там вырадкаў. А жанчыны, акрамя фізічнай пароды, яшчэ глядзяць і на нашы жыццяздольнасць, уменне зарабляць грошы, а значыць, утрымліваць будучую сям’ю. Ужо ў гэтым ты мне павер!
— Веру! Аднак не згодны з тым, што выключна натуральны адбор кіруе чалавечай супольнасцю…
— Вось! Слушна, — зноў узяў вяршэнства Адынец. — І менавіта таму, што існуюць яшчэ іншыя, духоўныя, каштоўнасці, мы і называемся людзьмі, а не быдлам. Але! — Ён узвысіў голас. — На пэўных этапах свайго развіцця чалавечая супольнасць можа кіравацца выключна жывёльным аспектам. Паясняю: пасля развалу Савецкага Саюза зруйнаваліся не толькі духоўныя ідэалы, але і ежы, элементарнага хлеба, можна сказаць, не стала. І што было рабіць: шукаць іншыя ідэалы і паміраць з голаду? Тут ужо не да парасят, калі свінню смаляць! Галоднаму не да кніжак, не да тэатраў, не да высокадухоўнасці. Трэба было целы свае тленныя ратаваць. І кінулася грамада здабываць тую банальную пажыву — па-іншаму і быць не магло.
— Ну, а цяпер? Цяпер жа часы разрухі мінуліся, — свідраваў Леанід Нілыч позіркам суразмоўніка. — Пара, так бы мовіць, зноў людзьмі станавіцца.
— І станем! Не спяшай, станем! Ты ж зразумей, што семдзесят гадоў камуністы мучылі нашы блудлівыя, прагныя да асалоды целы, нашы вольналюбівыя душы прыгняталі яны сваім цемрашальствам. А тут — гоп! — і адкрыліся нам свабоды заходнія небывалыя: музыка не ўрачыстая, а забаўляльная; адзенні не саўдэпаўскія нехлямяжыя, а зграбныя целалюбівыя вопраткі; жаніцьба не па штампе ў пашпарце, а грамадзянскім шлюбам — маўляў, жыві, пакуль кахаецца, а разлюбіў, то хоць і каленам пад зад. Пацярпі, Нілыч, — куражыўся Адынец. — Дай жа наесціся! Мучылі нас ідэалогіямі, кармілі нас замест сексу і ежы абяцаннямі пра светлую будучыню, дык ужо не крыўдуйце, што мы цяпер наталяемся. А насыціўшыся, гэтак гадоў праз дваццаць, мы і пра культуру падумаем, пра літаратуру і мастацтва ўспомнім. Карацей, станем такімі ж паважнымі і добрапрыстойнымі, як амерыканцы, французы і немцы.
— Хрэн калі мы станем такімі! — фыркнуў мастак.
— А я гавару — станем. І ўжо становімся, ужо наядаемся мы гэтымі баевікамі, эротыкай, жахамі. І неўзабаве захочацца нам душэўнага, лагоднага, сентыментальнага. Ужо — а я сачу за гэтым, Нілыч — з’яўляюцца маладыя эстрадныя спевакі і спявачкі, што нясуць у масы прыстойнае слова і высокую музыку. І кіно наша, перахварэўшы на хамства і пошласць, пакрысе паварочваецца да традыцый савецкага кінематографа.
— Не ведаю. — Леанід Пугач устаў з крэсла. — На мой погляд, дык сучасная эстрада нічым не адрозніваецца ад сакавіцкага кацінага ляманту, калі самцы раз’юшана клікаюць самак. “Прыйдзі, бо я цябе хачу!” — вось асноўны матыў гэтых шматтысячных песень. Або: “Ты кінуў мяне, і таму мне дрэнна!” І пад гэты прымітывізм вар’ююцца тысячы на стадыёнах, і пускаюць соплі мільёны тэлегледачоў. Жах!
— А я сцвярджаю, што і такія прымітыўныя песні надзвычай неабходныя грамадству. Таму што яны найбольш расслабляюць маладзёнаў, даюць выйсце іхняй прыроднай агрэсіі. І, наскакаўшыся пад гэтую бязглуздую музыку, юнак прыйдзе дамоў улагоджаным і будзе добрым сынам, братам, дбайным вучнем.
— Ды ну?
— А ты ведаеш, што менавіта з прычыны недахопу забаўляльных відовішчаў за савецкім часам працвітаў тэрарызм настаўнікаў над вучнямі, бацькоў над сынамі, мужоў над жонкамі? Што ў кожным класе быў свой падпольны пахан, шэрая скацінка і “апушчаныя” — самыя безабаронныя, фізічна кволыя вучні. Пра ПТВ я і казаць не буду! А гэтыя бойкі раён на раён, вуліца на вуліцу паміж падлеткамі? Ды тады можна было быць збітым проста за тое, што ты з чужога раёна, нетутэйшы. А адбіранне грошай старшакласнікамі ў маладзейшых вучняў! І ўсё гэта рабілася пад вонкавай абалонкай добрапрыстойнасці, паміж камсамольскімі сходамі і піянерскімі лінейкамі. А чаму? Таму што душыла гэтая ідэалогія агрэсіўную чалавечую прыроду, штучна заганяла яе ўглыб, не давала натуральнага выйсця. На Захадзе — гэта спорт, разнастайныя шоу, дыскатэкі, канцэрты, каханне без забабонаў, для інтэлектуалаў — магчымасць сябе праявіць у навуцы, літаратуры, мастацтве, магчымасць заняць у грамадстве месца, адпаведнае свайму таленту і працавітасці. А пры Саветах?! Усе гэтыя народныя дзеячы мастацтваў, пра якіх народ і блізка не чуў! Гэх, не спяшай асуджаць, Нілыч, не грашы перад Богам. Не прыніжай наш няшчасны народ…