— Ды я сам гэты народ, — з прыкрасцю сцепануў плячом мастак, — і сам жа прыніжаны. — Ён падышоў да аднаго з двух акон залы, сашчапіў за спінай рукі і ўтаропіўся долу — на двор.
8
Там, унізе, на абкружаным дамамі двары, было зусім цёмна. Дзень дагараў. Але на вуліцы, кавалак якой віднеўся ў прасвеце паміж двума будынкамі, было значна святлей, а на антэне адной дзевяціпавярхоўкі нават паблісквала апошняе сонечнае праменне.
Падворак перад Пугачовым домам быў прамакутны, утульны, на яго выходзілі пад’езды ўсіх чатырох пасляваенных будынін. Вясной і ўлетку тут было шумнавата, хаця народ пражываў збольшага прыстойны — мастакі, акадэмікі, прафесары, не абы-якія пісьменнікі, драматургі. Праўда, за апошнія два гады падсялілася колькі бізнесоўцаў. Але бізнесоўцы не шараговыя, не шушамець капеечная, і паводзяць сябе ціхамірна. Зачаста толькі іхнія аўтамабілі лямантуюць процівыкрадальнымі сірэнамі, калі дзятва мячом у іх трапіць, ці закране, гарэзуючы. Зрэшты, для мячоў ёсць непадалёку, за супрацьлеглым домам, стадыён. Бацькі тут усё людзі творчыя, сур’ёзныя, не церпяць шуму, і таму іх дзеці гуляюць пераважна на спортпляцоўках.
І яшчэ цэнны іх двор тым, што не забрыдаюць сюды п’яныя гаманлівыя кампаніі, ніхто не буяніць, не галосіць пасярод ночы. Было пару выпадкаў, дык хутка міліцыя прыязджала і карала хуліганаў на ўсю закрутку. Двор на адмысловым уліку ў органаў правапарадку.
На лавачках ля пад’ездаў ці ў альтанках пад дрэвамі сядзяць тут людзі выключна паважныя, добранадзейныя, цікавыя суразмоўнікі. Тут ніхто не б’е бутэлек, не вылівае на двор памыяў, не вытрасае з балконаў дываны і, ужо тым болей, не мочыцца ў кустах і пад’ездах.
Цяпер, з прычыны студзеньскай халадэчы, людзей унізе амаль не было. Сіратліва выглядалі голыя бярозы і таполі. На снезе тыднёвай даўнасці не заўважна чалавечых слядоў, тут ніхто не ходзіць па цаліку, а толькі — па ачышчаных сцяжынах-дарожках. Стаіць некалькі машын, з адной выйшаў мужчына ў кажусе і хутка знік у пад’ездзе.
Леаніду Нілычу стала сумна — ці то ад выгляду бязлюднага змрачнаватага двара, ці то ад тэмы, узнятай у размове з сябрам. Заўсёды ж умее заесці гэты Адынец за балючае. Рамантык рамантыкам, а, калі трэба, і цынізму, стары чорт, не пашкадуе. І ўсё ў яго ладна так, абгрунтавана выходзіць. Аргументамі, як гарохам, сыпле. І бачыць жа сам, што гіне культура, быдлее народ, а не — будзе даказваць адваротнае. Прымі зараз Пугач яго пазіцыю, пачні горача яе адстойваць, Адынец і гэта абвергне. Во ж дзе саплівая філасофія: не кляніся, не заракайся, не асуджай, — быццам баіцца ён заняць пэўную пазіцыю. Леанід Нілыч так не прывык.
У гэты момант у пярэдняй ляпнулі дзверы, раздаўся шоргат і нехта затупаў па калідоры ў напрамку залы.
Мастак абярнуўся, пытальна зірнуў на Адынца, які, хоць і глядзеў у пройму, працягваў бестрывожна пацягваць з фужэра віно…
У пакой, у зімовым паліто, але без шапкі і чаравікаў, уваліўся мастакоў сын — Сяргей Пугач — і, не вітаючыся ні з бацькам, ні з госцем, пакіраваў да буфета.
— Прывітанне, нашчадак! — здзіўлена аслупянеў Леанід Нілыч. — Што за пажар?
Сын буркнуў няўцямнае “Дабрыдзень”, адкрыў дзверцы буфета, выбраў бутэльку піва і спрытна яе адкаркаваў.
Быў ён у паганым настроі. Пасля памятнай размовы з Людкай Дробаш за столікам тэатральнай кавярні, дзе ён нічога не еў, Сяргей яшчэ добрых тры гадзіны лётаў па горадзе па нейкіх справах. Ён намёрзся, здарожыўся, але не вырашыў таго, што хацеў, і таму быў галодны, злосны і схільны да сварак.
— Ты б хоць з госцем павітаўся, дзеля прыліку, — папікнуў беспардоннага сына бацька.
— Даўно бачыліся, — прабурчаў той пад нос, заядаючы цёплае піва салёнымі арэшкамі.
— Гэта сучасныя норавы, — пракаменціраваў Сяргееву непачцівасць Адынец.
На што хлопец нічога не адказаў, а са смакам прыклаўся да бутэлькавага рыльца.
Піва хутка сагравала нутро. Дасмактаўшы яго, Сяргей, зноў жа моўчкі, прайшоў міма прысутных да выхаду, прамінуў доўгі калідор і скрыўся ў кухні.