Выбрать главу

— Ідзіце, Пугач… Гэта апошняе вам маё папярэджанне.

Сяргей, з ледзь улоўнай крывой усмешкай, павярнуўся і патупаў у сваім нехлямяжым каптане лёкая да выхаду. Нават са спіны ён здаваўся Бабаеўскаму занадта ганарлівым і непакорлівым.

“У, мардасіна! — зноў прачнуўся не дарэшты ўтаймаваны гнеў, але рэжысёр спахапіўся і пачаў сябе ўлагоджваць: — Спакойна, толькі спакойна…” — Ён прыклаў пальцы да соннай артэрыі і баязліва прыслухоўваўся да сардэчных тактаў, што пакрысе радзелі і прыходзілі да нормы.

Яшчэ не хапала яму траціць нервы на такія пусцяковіны! У свае пяцьдзесят год ён толькі і адчуў смак жыцця, калі нарэшце кінуў агорклую састарэлую жонку і сышоўся з маладой белацелай Таняй Зарэмбай. Таму здароўе цяпер вой як спатрэбіцца! Тым больш што сышоў з сям’і Аркадзь Рыгоравіч нядобра, са скандалам. І не ў жонцы тут справа: з гэтай псіхапаткай ён даўно, ужо гадоў дзесяць, як на нажах. А апошнія два гады дык хоць зусім дамоў не прыходзь — так замучыла дробязнымі прыдзіркамі, рэўнасцю. Як жанчына яна даўно яму нецікавая. А ён творчы чалавек, між іншым! Яму патрэбны імпэт, бадзёрасць, страсць, калі ўжо на тое пайшло. А іначай які ён да халеры рэжысёр! І вось тут падвярнулася Зарэмба са сваім пышным бюстам… У-ух! Прайшоў год іхняй сувязі, а пры адной згадцы пра гэтую частку цела вар’яцее ён, пяцідзесяцігадовы галава сямейства, нібы юнак у пару палавога выспявання. Канешне, здраджваў ён жонцы і раней, здраджваў заўсёды. Не тое каб вельмі часта, але былі такія перыяды жыцця, уласцівыя кожнай творчай асобе, калі ну нішто не вяселіць, не вабіць, усё астабрыдла. Гэты настрой, гэты назапашаны стрэс рэжысёра, а затым і кіраўніка тэатра ён здымаў не рыбалкай і не гарэлкай — жанчынамі. Балазе ахвочых хапала, толькі дай знак! Але рабіў гэта Аркадзь Рыгоравіч без усякіх прыкмет кахання, любові, паважаючы толькі цялесны аспект. Таму жанчын (пераважна актрыс) выбіраў маладых, гарачых, пачуццёвых да бессаромнасці. З імі лёгка было сыходзіцца, лёгка развітвацца, лёгка сыходзіцца зноў. Дый не патрабавалі яны нічога, апроч гэтай ліхаманкавай валтузні ў яго кабінеце — у няўрочныя часы, а тое і ў перапынках рэпетыцый, перад спектаклямі. Дзеля жыццёвага тонусу. Каб спорылася праца ды не пакідала творчае натхненне. Такую псіхалагічную ўстаноўку, такое апраўданне сваім любоўным прыгодам шмат гадоў даваў сабе Бабаеўскі і таму пазбег ён згрызот сумлення і ў вочы жонцы і дзецям глядзеў адкрыта і шчыра. Дзяцей ён любіў, жонку цярпеў і разлічваў гэтак прычакаць паважаную, добрапрыстойную старасць.

І трэба ж было такому надарыцца, што ў пяцьдзесят гадоў з’ехаў ён з глузду настолькі, што, пакінуўшы чатырохпакаёвую ўтульную кватэру і двух сыноў-студэнтаў, перасяліўся да трыццацігадовай актрысачкі ў варты жалю аднапакаёвы катух. Пакахаў, стары чорт! Пакахаў напраўду, страсна, раўніва, учэпіста.

А пачыналася ўсё з таго ж банальнага цела! З таго ж бюста, з тых жа ручак і ножак! Утрэскаўся, уляпаўся, угруз па самую макаўку… Старэеш, старэеш ты, брат Бабаеўскі. Сантыментаў хочацца табе, дружа, ласкі, ціхіх сямейных вечароў з каханым чалавекам, паэтычнага інтыму… Не задавальняюць ужо цябе гэтае хапатлівае лажанне пад спадніцы, паспешлівае зрыванне адзежын, гэтае звярынае навальванне ўсім сваім грузам на мініяцюрных Анжэл, на крутабёдрых Наташак. Хочацца, каб і па галоўцы нехта пагладзіў, і згатаваў нешта смачненькае, і гальштук паправіў перад работай, і… Карацей, усяго таго хочацца, чаго ўжо даўно-даўно не дадае яму законная жонка.

Так што нічога не заставалася Бабаеўскаму, як сысці з дому і сужыцельстваваць са сваёй падначаленай. Хлопцы падраслі, разважаў ён год таму назад, на ногі пастаўлены, у інстытуты ўладкаваны, дый грашыма ён іх не пакрыўдзіць… Але выйшла неспадзяванка: праклялі яго сыны, адракліся ад роднага бацькі; ды яшчэ і ў прэсу гэты скандал прасачыўся. Тады, у эйфарыі свайго любоўнага захаплення, не надта бедаваў з тае прычыны Аркадзь Рыгоравіч. “Свінюкі няўдзячныя! Ну і хрэн з імі! — адмахваўся ён тады ад гэтай праблемы. — Чакай, папросяць яны ў мяне грошай”. Але не толькі грошай не папрасілі няўдзячныя нашчадкі, а і знаць яго не хацелі і за год не пазванілі ні разу. І Рыгоравіч ім не званіў — не дазваляў гонар. Тым больш што дайшла да яго пагудка, нібыта распаўсюджваюць пра яго сыны па горадзе розныя мярзотныя плёткі, так узненавідзелі роднага бацьку.

І вось, праз год пасля разрыву з сямействам, затрывожыўся апальны яго галава, не на жарт задумаўся пра сваю будучыню. Міжволі паўставалі непажаданыя, вярэдлівыя пытанні перад пяцідзесяцігадовым Аркадзем Рыгоравічам. Нішто не вечнае пад гэтым небам і калісьці (а магчыма, і нядоўга чакаць) састарыцца ён, Бабаеўскі, зблажэе. Страціць ён пасаду і дырэктара драмтэатра, і рэжысёра. Выпруць яго адтуль маладыя і дужыя. І ўжо як само сабой зразумелае ўяўлялася яму страшная перспектыва расстання з маладой і прыгожай Таццянай. Бо будзе ёй у яго шэсцьдзесят гадоў усяго толькі сорак… На які хрэн ёй нямоглы пенсіянер?