— Правільна. Бо праўдзіва. Няхай прывыкаюць гэтыя дзеткі да сучаснага жыцця, асноўны прынцып якога — чалавек чалавеку воўк. Хоць будуць знаць, як бараніць сваю шкуру. — Сяргей гаварыў нядобрым, задзірыстым тонам.
— Так, ты сюды для чаго прыйшоў — палаяцца? — папікнуў яго бацька. — То ідзі на базар, да бабак сварлівых. А ў нас тут інтэлігентная размова…
— Бязглуздая ў вас размова, — з набітым каўбасой ротам грубіяніў Сяргей, — сю-сю-му-сю, саладжавы кісель. Я гэтага за жыццё да млосці наслухаўся. І вашых кніжак казачных начытаўся, і вашых хлуслівых фільмаў нагледзеўся! Гэтыя карлсаны, добрыя кракадзілы гены ды каты леапольды, байкі пра спагадлівых следчых, што чытаюць маралі зладзеям, і зладзеі робяцца чэснымі. Ха-ха-ха! — закаціўся ён здзеклівым рогатам. — І самае подлае, што я ў гэта, на сваю бяду, колісь паверыў. Ды толькі гэта не жыццё, — узвысіў голас прамоўца і злосна ўтаропіўся на бацьку, — гэта мана, фантазія. І за тую фантазію я дорага заплаціў, сутыкнуўшыся нарэшце з рэальным жыццём, якое гэтак жа падобнае на фільмы і школьныя падручнікі, як гара на камень.
— Слухай, ішоў бы ты жраць на кухню, — гаркнуў на сына бацька. — Хочаш мітынгаваць, шыбуй да Дома ўрада і там свае прэтэнзіі выкладзі.
— Ды навошта, Лёнь, дай выказацца маладому пакаленню, — паблажліва сказаў Адынец. — Мне дык нават цікава, чым яны дыхаюць.
— Вам цікава! — усклікнуў Сяргей. — Вам цікава глядзець, як мы мучымся! Што ж, глядзіце, цешцеся, што за жыццё вы нам збудавалі. І фільмы вашыя — дрэнь, з іх наіўнасці нават дзеці смяюцца, і кнігі вашы — дзярмо, з іх чорна-белымі героямі, з іх агорклым маралізатарствам і бязглуздым павучаннем, як жыць. Што, навучылі? Хрэн вы чаму нас навучылі!
— Во ідыёт, — абярнуўся Нілыч да сябра.
— Не, ён жа праўду мовіць.
— Навучылі вы нас таму, — Сяргей у запале так сціснуў рэшткі гурка, што пырснуў сок, — што мы ўжо нічому не хочам вучыцца. Абрыдла! Я хачу проста жыць, і хай мне ніхто не перашкаджае.
— Ды “проста жыць” не атрымаецца, Сярожка, — спакойна заўважыў Валерый Віктаравіч, — іначай вэрхал будзе, іначай адно аднаго на шматкі парэжаце ў змаганні за сваё “я”. Жыццё — гэта, брат, найскладанейшая сістэма.
— А я не жадаю ніякай сістэмы! Дасістэматызаваліся, хопіць! Я хачу, каб ніхто мне не чмуціў галаву, ніхто не ціснуў на псіхіку, не лез з павучаннямі. Я хачу вольнага самавыяўлення, творчай прасторы! І начхаць мне на ўсё астатняе.
— Во куды загнуў! — узяў бацька слова. — А калі табе на ўсё начхаць, то навошта ж ты на сцэну рвешся? Выйшаў бы на вуліцу з шапкай ды скамарошнічаў. Навошта ты да мяне прыстаеш, каб я табе прабіваў кінапробы? Табе ж на ўсіх напляваць!
Сяргей са злосцю свідраваў бацьку вачыма. Яго нервовы твар выяўляў складаныя пачуцці.
— Так што ты, дружа, на грамаду не плюй! — працягваў Леанід Нілыч. — А то не ўтрэшся, калі яна плюне. І законы чалавечыя не гань, бо без іх ты ніхто — базарны крыўляка, скамарох, пудзіла. Ды такіх, як ты, тысячы…
Адынцу на міг падалося, што сын кінецца на бацьку, каб ударыць па твары. Але той з бледным, мярцвяцкім тварам, заікаючыся, прамовіў:
— Не, бацька, гэта такіх, як ты, — тысячы. Гэта на цябе забудуцца хутка пасля тваёй смерці, бо ўсе твае выставы, кліенты — толькі даніна модзе. І аўтарытэтны ты толькі таму, што займаеш пэўныя пасады ў грамадстве, выкладаеш у акадэміі. Ты патрэбны людзям, можаш вырашаць іхнія лёсы, вось табой і захапляюцца. А творчасць твая ламанага шэлега не вартая…
— Адкуль такая ўпэўненасць, малады чалавек?.. — запярэчыў быў Адынец, аднак Нілыч яго прыпыніў:
— Чакай, Валера. Ва ўсякім разе, я цяпер ведаю прычыну непрыязнасці да мяне роднага сына. Ён мне зайздросціць, — з горыччу вымавіў мастак. — Зайздросціць маёй вядомасці, выстаўкам, павазе людзей. Але праўда яго, я не Мікеланджэла, не Леанарда, і талент мой сціплы. Ды ведаеш, сынку, у чым асноўная мая над табой перавага: я знаю свой паталок і дзякую Богу за тое, што ён мне прызначыў. У мяне няма тваіх непамерных амбіцый, я не лезу на недасяжныя вышыні, а калі зрываюся з нейкіх прыступак, то не вінавачу ў гэтым усё чалавецтва. І табе раю, пакуль не позна, так паступаць. Супакойся, агледзься, ацані нарэшце свае магчымасці…
— Што ты гэтым хочаш сказаць? — спадылба зіхатнуў вачыма Сяргей.
— А тое, што, можа, і ты не Міронаў?
На некалькі секунд утварылася няёмкае маўчанне.
— Апусціўшы планку, лягчэй жыць, сынок. Ты ўжо павер мне, мацёраму дзядзьку. — Нілыч падышоў да сына і хацеў быў пакласці руку на яго плячо, але той адхіліўся.