Выбрать главу

— Дык навошта тады жыць? — не то спытаўся, не то сцвердзіў Сяргей. — І пакуль я жыву, — сказаў ён пасля невялікай замінкі, — то, прабач, буду ставіць сабе планкі самыя высокія ды іх пераскакваць.

— Глядзі, не разбіся, — сур’ёзна сказаў бацька.

— А разаб’юся, то туды мне і дарога, — нявесела ўсміхнуўся сын. — Адным дурнем менш будзе. — Ён павярнуўся і выйшаў з залы.

— Твая справа… — задумліва прамармытаў услед яму Нілыч і, ужо зусім пад нос, прабурчаў: — А мой галаўны боль.

9

Дзень у Анатоля Гаруна, маркёра більярднай залы рэстарана “Ветразь”, выдаўся нялёгкі. А праўдзівей, такога кепскага дня не было яшчэ за чатыры гады Анатолевай службы.

Ужо трэція суткі ў рэстаране гуляў і сваволіў адзін нягоднік.

Прывялі яго з сабой два мясцовыя аўтарытэты — зладзюгі буйнога маштабу, — нешта там яны адзначалі. Як заўсёды, наладзілі страшэнны гармідар, кідаліся грашыма, паілі ўсялякіх дармаедаў і прастытутак. У тры гадзіны ночы целаахоўнікі пагрузілі іх, у поўнай непрытомнасці, на машыны… Але толькі гэтых двух, тутэйшых. Іхні ж таварыш (па чутках — бывалы піцерскі злодзей) у п’янцы ўдзелу не браў, а практычна ўвесь вечар і ноч правёў у більярднай.

Пачынаў ён спачатку сціпла, трымаўся досыць прыстойна і прыемна адрозніваўся ад сваіх сябрукоў, якіх, дарэчы, тым не менш вельмі цаніў дырэктар рэстарана, бо пад час іхніх загулаў прыбытак вырастаў амаль удвая.

Дык вось, згаданы спадар аказаўся не раўнуючы більярдным карыфеем і апусціў некалькіх паважаных заўсёднікаў на буйныя сумы. Як потым выхваляўся — агулам каля тысячы долараў. І па меры таго як разыгрываўся і багацеў гэты госць, ён усё больш смялеў, хамеў, патрабаваў да сябе ўвагі і рабалепства з боку рэстараннай абслугі.

На другі дзень ён заявіўся адразу пасля абеду, заказаў у галоўнай зале тры столікі, куды назбіраў рэстаранных шлюх, дробных жулікаў, наркаманаў, а затым паіў і карміў іх на выйграныя грошы цалюткі вечар. Там біўся посуд, раздаваліся адборныя мацюкі, бабскае хіхіканне і грубы мужыцкі рогат. Піцерац моцных напояў не піў ды амаль што і не сядзеў у гэтым хаўрусе, бо мэтанакіравана “высаджваў” з грошай більярдных аматараў. У залу ён заяўляўся перакусіць, адпачыць і паслухаць дыфірамбы, якія спявала яму загуляўшая на яго ж грошы кампанія. Асабліва шчыравала Марынка, танная прастытутка. Прывычная алкагалічка, ачмурэлая ад французскага каньяку, яна злавіла кураж і проста-такі збівала з ног афіцыянтак сваімі бязглуздымі, супярэчлівымі заказамі. Заказы яна рабіла загадным тонам, выкрыквала “Гэй, ты!”, “Ф’ю, як там цябе…” і падобнае. А Пашка Смаржок, рэстаранны блазан, падонак, запабягаючы перад піцерскім карыфеем, сваім карміцелем, раз-пораз падлятаў да аркестра і, крыўляючыся, заказваў песні ў яго гонар, выхопліваў у музыкаў мікрафон і называў яго “бацюхнам”, “блізкім сябрам” і “мілым, дарагім чалавекам”.

Рэстаранная публіка была вельмі незадаволена такімі паводзінамі. І ахоўнікам даўно б пара выкінуць і більярдыста і яго хаўрус на вуліцу, ды нельга было гэтую мярзоту кранаць, паколькі прывялі сюды неспакойнага госця людзі, пад прыкрыццём якіх, у прынцыпе, “Ветразь” існаваў. Усе супрацоўнікі гэта ведалі, а тым больш — дырэктар, Ашот Гаспаран, які даў строгае ўказанне ўсяляк залагоджваць піцерца, патураць ягоным капрызам і іншае.

А госць не сунімаўся. На другі дзень ён выйграў яшчэ больш і на трэці карміў і паіў удвая большую колькасць народу, удвая больш было шуму, і абстаноўка станавілася злаякасна нездаровай. У выніку ўзнікла сварка паміж адной прыстойнай кампаніяй і збродам, што гуляў на більярдыставы грошы. Сварка мерылася перарасці ў тузаніну, якую з цяжкасцю ўдалося папярэдзіць. Ды не зусім: праз дзесяць хвілін у прыбіральні, пры нявысветленых абставінах, нехта расквасіў нос аднаму хлопцу з вышэйпамянёнай прыстойнай кампаніі. Хтосьці выклікаў па тэлефоне нарад міліцыі, і Ашоту давялося мець доўгую непрыемную размову з лейтэнантам у сваім кабінеце, даваць грошы.

Але і гэта б яшчэ не бяды, начхаць бы Анатолю Гаруну і на рэстаранных наведвальнікаў, абражаных паводзінамі піцерцавага хаўрусу, і на Ашотавы грошы, якіх у таго прорва. Уся рэч у тым, што гэты прыхадзень з гадзіну таму моцна абразіў самога Анатоля: прылюдна плюхнуў яму ў твар півам, аблаяў “сукай” і “шмаравозам”.

Анатоль, будучы чалавекам маленькім, тым не менш заўсёды балюча перажываў прыніжэнні сваёй годнасці. Яшчэ ў дзяцінстве, з прычыны разнастайных хвароб, ён адстаў ад сваіх равеснікаў у цялесным развіцці і нязменна падвяргаўся фізічнаму і маральнаму ўціску з іх боку. Ажно да шостага класа, дзень пры дні, яго мучыў адзін здаравіла. Пабіўшы некалькі разоў, ён панаваў над Анатолевай воляй і вытанчана, з бязлітаснай вынаходлівасцю малалетка здзекаваўся з Гаруна. Нават і зараз не можа без трымцення ўспомніць Анатоль, як тэрарызаваў яго той аднакласнік загадамі, хамаватымі падколкамі, абразлівымі мянушкамі. Ды ўсё пры дзяўчатах. Анатоль ведаў, што ў іхніх вачах ён раб, бязвольны пігмей, паганка. Даводзілася хавацца на перапынках па ўсялякіх закутках школы, або наогул збягаць на вуліцу і блукаць па раёне, — настолькі не выносіла яго ранімая душа тых здзекаў. Колькі разоў карцела кінуцца на здаравілу і малаціць, малаціць сціснутымі да болю кулакамі па ненавісным таўсматым твары, ударыць у пах каленам!.. А там — будзь што будзе. Аднак ведаў Анатоль, што з прычыны сваёй баязлівасці не тое што кінуцца на мучыцеля, а нават запярэчыць яму не насмеліцца. О, як ненавідзеў сябе за гэта Толік! Ад затоенай крыўды на сваю фізічную кволасць ён на пераменках, употай, скусваў да крыві рукі, а дома, на адзіноце, заходзіўся істэрычным плачам злоснага карліка і біўся лбом аб сцяну.