У шостым класе Гаруну стала асабліва невыносна цярпець здзекі гэтага вырадка, які год ад года адно здаравеў і ўжо ледзьве не ўдвая пераўзыходзіў Анатоля вагою. Рос і псіхалагічны комплекс Гаруна перад сваім катам, пры адным гуку голасу якога хлапца разбірала дрыготка. Ён усур’ёз думаў пра тое, каб угаварыць бацькоў перавесці яго ў іншую школу. Але дзе ўпэўненасць, што на новым месцы не знойдзецца чарговы аднакласнік-сатрап, што не будуць там гэтак жа зацята цкаваць Анатоля? Чуццё падказвала, што так будзе паўсюдна. Таму што ведаў, ох ведаў хлопец сваю прыроджаную, да поту ў далонях, баязлівасць, няздатнасць пастаяць за сябе. Але жыццёва неабходна было нешта мяняць. І Анатоль знайшоў выйсце.
Ён упарта, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, пачаў шукаць сабе сяброў-прыяцеляў з шэрагу дужых, але не такіх агрэсіўных, як ненавісны здаравіла, аднакласнікаў і вучняў старэйшых класаў. У ход пайшлі ліслівасць, подкуп, запабяганне, дапамога на кантрольных; Гарун даваў спісваць хатняе заданне патрэбным людзям, частаваў іх у буфеце ласункамі, а галоўнае — стараўся не адыходзіць ад іх ні на крок. Яго ўжо ляпалі па плячы “крутыя” хлопцы-равеснікі, весела аклікалі і здароўкаліся старшакласнікі, яго пачалі цаніць. І здаравіла, Анатолеў закляты вораг, тут жа адстаў. Такія людзі звярыным нюхам адчуваюць сілу ці слабасць і не соваюцца туды, дзе можна сустрэць адпор або атрымаць па карку. Больш за тое, праз паўгода Гарун наладзіў хітрамудрую інтрыгу і, сам застаўшыся ў цяні, нацкаваў на здаравілу двух старшакласнікаў, якія бязлітасна яго адмяцелілі. Пасля таго выпадку закляты вораг і зусім зрабіўся рахманым.
З той пары Анатоль заўсёды ставіў сябе на такія жыццёвыя пазіцыі, дзе меней за ўсё можна падвергнуцца гвалту, фізічнаму і маральнаму здзеку, перад якімі ўсё-ткі непазбыўна камплексаваў. Канешне, было б найлепей увайсці ў інтэлігенцкае асяроддзе, дзе пераважаюць не звярыныя, а чалавечыя ўзаемадачыненні. Але, апрача ўсяго, не выйшаў Гарун і розумам — праваліў ён у свой час дзве спробы паступіць у ВНУ. Тады канчаткова ўцяміў Анатоль, што яго козыры — хітрасць, абачлівасць, уменне ладзіць з уплывовымі і моцнымі людзьмі.
Калі хто думае, што месца рэстараннага служкі, якое займае Анатоль, ёсць месца несамавітае, непрэстыжнае і малааплатнае, то гэта памылка. Рэстаран “Ветразь” з’яўляецца адной з самых вядомых, дарагіх і прыстойных устаноў нашага велізарнага горада. Толькі тут ёсць більярдная зала на пяць сталоў, што размешчана асобна, на трэцім паверсе вытанчанай архітэктуры будыніны. Зала працуе па шаснаццаць гадзін у суткі, бывае — усю ноч, сюды збіраецца самая заможная публіка, і, зразумела, тут круцяцца не самыя малыя грошы. Залу, апроч прыбіральшчыц, абслугоўвае дзевяць чалавек, што працуюць па мудрагелістым графіку. Але ў кожны момант тут знаходзіцца не менш як тры высокакваліфікаваныя маркёры. У іх абавязкі ўваходзіць: сачыць за парадкам і правільным падлікаў ачкоў, папярэджваць канфлікты, падаваць і мазаць крэйдай кіі, расстаўляць шары, выконваць разнастайныя заказы кліентаў і іншае. Адно тут найстражэйшым чынам не дазваляецца — прыносіць спіртныя напоі, уключаючы піва. Бо більярд — гульня тонкая, вымагае бездакорнай каардынацыі. Да таго ж стаўкі тут бываюць нежартоўныя, а буйныя грошы здатныя спараджаць буйныя ж канфлікты, у якіх алкаголь добры памочнік. Адным словам, надпіс перад уваходам у залу “Унос спіртнога строга забаронены” ёсць святое правіла не толькі для персаналу, што абслугоўвае більярдную, але і для сталых яе наведвальнікаў, і для ўсіх добранадзейных грамадзян. Канешне, і раней здараліся недарэчнасці і непаразуменні, аднак іх удавалася ціхамірна гасіць.