Але нядаўна, гадзіну таму, надарыўся выпадак, проста неверагодны па сваім нахабстве і подласці.
У піцерскага більярдыста сёння быў асаблівы шанцунак. Паводле прыблізных падлікаў Гаруна, да дзевяці гадзін вечара ён выйграў ужо тысячы паўтары. Вакол яго сабралася ладная колькасць цікаўных, сярод якіх былі, відаць па ўсім, людзі грашавітыя. Апанаваны прагай “нарэзаць” як мага больш даляраў, піцерац амаль не спускаўся ў рэстаранную залу, каб адпачыць. Гадзін у восем Анатоль змеціў у яго руцэ бляшанку піва і хацеў быў зрабіць заўвагу, але не асмеліўся. Да таго ж ён не адказваў за стол, дзе гуляў гэты нахабнік; там упраўляўся Хведзька Кандыбін, які таксама ніякіх заўваг піцерцу не рабіў.
Падагрэты півам і салідным выйграшам, більярдыст быў у гуморы. Ён яўна пазіраваў перад цікаўнымі, што згрупаваліся каля яго стала, гуляў на публіку. Жэсты яго, трэба прызнаць, былі элегантныя, рухі вывераныя, голас зычны, упэўнены, пастава відная. Гэта быў дзяцюк гадоў сарака, чырванаморды, укормлены, крамянага здароўя. Гарун ненавідзеў такі чалавечы тып, бо заўжды пасаваў перад здароўем і дужасцю. А чортаў піцерац, нібы ўчуўшы гэта, пастаянна, ужо на працягу трох дзён, мардаваў беднага Анатоля дробнымі прыдзіркамі, заказамі ды загадамі. То кій яму крывым падасца, то крэйда мокрай, то збегай яму ўніз па цыгарэты, то пакліч каго-небудзь, то нешта камусьці на словах перадай. І менавіта Гаруна падзываў, нібыта больш не было ў зале абслугі! Ды прытым так уладарна, падлюга, абразліва выкрыкваў: “Гэй, чалавек! Ну ты, сутулы!” Ды за ўсю службу тут ніхто так не звяртаўся да Анатоля.
І вось сёння: здаецца ж, закрыў Гарун вочы і на піва яго, і на паводзіны празмерна шумлівыя, дык не прыставай жа ты, абразіна, да чалавека. Аж не! А палове дзевятай усчаў піцерац братацца з адным бізнесоўцам, якога толькі што выставіў на даляраў трыста. Суцяшаў, абдымаўся, даваў свае каардынаты, абяцаў памагчы, “калі што”, а ў дадатак выклікаў да сябе Анатоля і безапеляцыйным парадкам загадаў прынесці два куфлі піва, каб “абмыць новую дружбу”. Гэта было ўжо занадта. Гарун узяў афіцыйны абыякавы тон і далікатна давёў, што гэта ніяк немагчыма, таму што ў іх не дазваляецца насіць спіртныя напоі ў більярдную, што, калі спадар жадае, можа спусціцца ўніз і заказаць што заўгодна… Ён не дагаварыў, бо гэты бандзюган страшна змяніўся з твару, адной рукой ухапіў яго загрудзікі і, прасіпеўшы: “Раздушу, падла, па сценцы размажу!” — выплюхнуў з бляшанкі, што трымаў у левай руцэ, рэшткі ліпкага піва Гаруну ў твар. Анатоль быў гатовы заплакаць ад крыўды. А піцерац тузануў яго ў грудзі і, на смех прысутным, загадаў: “За півам, бягом марш!” — і брыдка вылаяўся.
Ашаломлены Анатоль павярнуўся і пабрыў да выхаду. На хаду дастаў насоўку і як мог абцёр твар, кашулю і пінжак ад мярзотнай вадкасці. Яму падалося, што разам з півам на яго твар выплюхнуліся і сліні гэтага падонка. “Бягом, я сказаў!” — куражыўся той услед.
Гарун прыспорыўся да выхаду, але накіраваўся не ў залу, а ў кабінет Ашота Гаспарана, дырэктара, з рашучым намерам паскардзіцца на піцерскага більярдыста, запатрабаваць, каб таго заклікалі да парадку. Ашота ў кабінеце не аказалася. Анатоль спусціўся на другі паверх і высветліў, што дырэктар ужо з’ехаў у няпэўным напрамку. Распалены несціханай крыўдай, хлопец набраў нумар яго мабільнага тэлефона і далажыў сітуацыю.
Ашот, які ў той момант застольнічаў з прыяцелямі, быў дужа незадаволены званком такой нікчэмнасці, як Гарун. Ён сурова вылаяў бесталковага падначаленага, абазваў “асліным хвастом” і загадаў імчацца ў більярдную і выконваць усе жаданні дарагога кліента, а інакш заўтра Гаруну не паздаровіцца, і гэтак далей. На заканчэнне паабяцаў, што калі той яшчэ раз адарве яго ад важных спраў сваімі пусцяковымі праблемамі, то можа шукаць іншае месца працы.
Зусім замаркочаны хлопец пабрыў у бар, наліў два куфлі піва і, сцяўшы зубы, аднёс іх свайму крыўдзіцелю. Усе бачылі яго ўніжэнне.
Пасля гэтага Гарун запёрся ў прыбіральні і зарыдаў, як школьнік. Было пакутліва шкада сябе, бо жыццё яшчэ раз нагадала Анатолю, што ён чарвяк, якога можа раздушыць кожны багаты дый проста бязлітасны і дужы чалавек. Змываючы пад кранам слёзы і соплі, хлопец бедаваў над тым, які ён слабы, адзінокі, нікім, апроч маці, не любімы чалавечак. А матуля, для каго ён сапраўды дарагі і любімы, вось ужо паўгода ляжыць у паралюшы, і няма ніякіх спадзяванняў, што акрыяе. А калі пакіне яго мама, за якой і цяжка і пакутна яму даглядаць, то ўжо зусім ніводнай блізкай душы не застанецца на зямлі ў трыццацігадовага Анатоля. Адны ворагі, ашуканцы, зласліўцы. Ён нават сям’ёй не змог абзавесціся, таму што не кахаюць яго жанчыны, такога нясмелага, і прымушаны Гарун купляць іхнія ласкі за грошы. А хочацца, жудасна хочацца ўтульнага сямейнага агменю, дзяцей хочацца. Анатоль вельмі любіць дзяцей…