Выбрать главу

10

Аднак зараз, праз гадзіну пасля нанесенай Гаруну смяротнай крыўды, нечакана з’явілася магчымасць адпомсціць.

Спусціўшыся па справах у вялікую залу, Анатоль згледзеў там аднаго знаёмца. Так, гэта быў ён — Яніс. Акрамя імені, пра яго ў “Ветразі” ведалі хіба тое, што гэта класны більярдыст і крайне неразгаворлівая, таямнічая асоба.

Яніс паяўляўся тут зазвычай а дзесятай гадзіне вечара, не больш як два разы на месяц. Ён заказваў у зацішным куце залы столік, куды яму прыносілі лёгкую рыбную закуску і нязменную шклянку гранатавага соку; прычым загадзя расплачваўся і даваў шчодрыя чаявыя. Яніс няспешна вячэраў, на месцы выкурваў адну цыгарэту і паважна паднімаўся ў більярдную. Столік заставаўся за ім. У більярднай ён бавіўся не больш за дзве гадзіны, спускаўся назад, выпіваў фужэр “Бардо”, што чакаў яго на стале, выкурваў яшчэ адну цыгарэту, спускаўся ў фае, адкуль ужо не вяртаўся. І так штораз.

Анатоль таму так дасканала ведаў павадкі Яніса, што ў “Ветразі” пра яго хадзілі легенды. Першая адметнасць памянёнага спадара была ў тым, што ён ніколі не прайграваў. Ва ўсякім разе, ніхто не згадае такога выпадку. Другая адметнасць — гэта тое, што Яніс знікаў гэтак жа нечакана, як і з’яўляўся. У любую пару года ён прыходзіў у нязменнай чорнай тройцы, таму не меў справу з гардэробам і часцяком, выйдучы на вуліцу нібыта перакурыць, знікаў бясследна. Спачатку думалі, што ён жыве недзе непадалёк. Але неяк адзін рэстаранны заўсёднік убачыў, як каля Яніса, што задумліва прагульваўся ўздоўж прылеглай вулачкі, рэзка спынілася чорная іншамарка, той спрытна заскочыў у яе, і машына рванула з месца. Як выяснілася пазней, кожнага разу яго забірае новае аўто. Гэта яшчэ больш падагрэла інтарэс да Яніса.

Гуляў у більярд Яніс выбітна. Манера яго была някідкая, разважлівая, халодны прыбалтыйскі твар не выяўляў пры гульні ніякіх пачуццяў. Рот ён адкрываў крайне рэдка і выключна па сутнасці справы. Забітым шарам не радаваўся, не бедаваў ад прыкрых промахаў, якія, трэба сказаць, надараліся нячаста. Гэта быў нібы не чалавек, а дасканалая, безадказная машына. Многія падазравалі ў Янісе заезджага прафесіянала, які сумяшчае тут трэніроўку і магчымасць падзарабіць; некаторыя, уважаючы на яго шляхетныя манеры і маўклівую ганарлівасць, — замежнага дыпламата ці арыстакрата. Карацей, якіх толькі домыслаў не спараджала гэтая напраўду нешараговая, прыцягальная асоба.

І яшчэ. Яніс ніколі не праводзіў больш як тры партыі, агульная стаўка ў якіх не перавышала паўтары тысячы долараў. Але мог гуляць і на чыста сімвалічную, дробную стаўку. Гэта давала падставы меркаваць, што яму прыносіць асалоду сам працэс, а не канчатковы вынік, што більярд не ёсць для яго галоўнай крыніцай даходаў. Праўда, некаторыя заўсёднікі схіляліся да думкі, што “Ветразь” — гэта не адзіны Янісаў “палігон”, што ёсць яшчэ не адно месца ў горадзе, дзе ён дэманструе свае таленты, і што быццам бы нехта яго бачыў у іншых більярдных залах.

Анатоль Гарун, які трэці год назіраў за выбітным більярдыстам і часцяком прыслужваў яму пры гульні, пільнаваўся версіі, што той быў высакакласным прафесіяналам. З Янісавых выйгрышаў нямала перападала Гаруну на чай, нават калі той непасрэдна яму не прыслужваў. Словам, для Гаруна гэта быў выгадны і звышпаважаны кліент, а цяпер нібы само наканаванне пасылала яго Анатолю, каб выпатрашыць грошы з агорклага піцерскага злодзея, збіць з яго пыху і тым самым ускосна адпомсціць за выплюхнутае ў твар піва, за “суку” і “шмаравоза”.

Гарун ніколі не дараваў крыўдаў. Ён мог насіць іх у душы гадамі, па-мазахісцку іх смакаваць, прытым ветліва ўсміхаўся і нават сябраваў са сваімі крыўдзіцелямі. Але нічога не забываў, быў напагатове і пры першай жа магчымасці, як толькі пакаўзнецца, захістаецца яго вораг, — Анатоль наносіў неадхільны ўдар. Наносіў, вядома, спадцішка, почасту чужымі рукамі, нярэдка — ананімнымі паклёпамі, нагаворамі. Толькі тады ён мог засынаць са спакойнай душою, толькі тады не грызла яго неспагнаная злосць і не даймалі думкі пра ўласную несамадастатковасць, калі быў пакараны яго вораг.

…Маркёр яшчэ раз зірнуў на Яніса, што ціхамірна закусваў у сваім куце, уважліва агледзеў залу і накіраваўся на кухню.

Там ён наблізіўся да купкі афіцыянтак, што завіхаліся каля стойкі, стаўляючы на падносы заказаныя стравы. Злёгку крануў адну з іх, мініяцюрную бландзінку, за плячо і, калі тая да яго абярнулася, зрабіў знак адысціся. Сам жа каля яе не спыняўся, а прайшоў далей і скрыўся ў цесным выгінастым калідорчыку. Хутка за ім працокала і згаданая афіцыянтка.