— Так, Ліка, ёсць справа, — дзелавіта шапнуў ёй Анатоль, калі яны засталіся сам-насам, і насцярожліва стрэльнуў вачыма па баках.
— Толькі давай шпарчэй, — таксама дзелавіта адказала яму Ліка Табольчыц, маладзіца гадоў дваццаці сямі, — а то з ног збіваюся.
— Ты бачыла, што Яніс прыйшоў? — коратка шапнуў Анатоль.
— Так, я сама яго абслугоўвала. А што?..
— Ну, значыць, нашае шчасце, — ухмыльнуўся Гарун і яшчэ раз жулікавата агледзеўся. — Прыбытак падзелім пароўну, — падміргнуў ён суразмоўніцы.
Дзяўчына заінтрыгавана пазірала на хлопца.
— Слухай сюды, — Анатоль нахіліўся да Лікі і зашаптаў скарагаворкай у самае вуха…
Праз хвіліну яны разышліся ў розныя бакі.
А яшчэ праз дзесяць хвілін Ліка з’явілася ў більярднай і, віхляючы сцёгнамі, рашуча падышла да стала, дзе стоўпілася ладная колькасць народу. Там якраз завяршаў сваю чарговую партыю піцерскі злодзей. Ліка прычакала момант, калі ўдар перайшоў да яго праціўніка, і кранулася рукой пляча піцерца.
Той здзіўлена абярнуўся да яе.
— Ёсць чалавек, які хоча з вамі памерацца, — ледзь чутна, з загадкавым выразам твару кінула афіцыянтка.
— А хто ён такі, каб гэта хацець? — пыхліва, з вышыні свайго немалога росту зірнуў більярдны карыфей на гэтую пігаліцу.
— Самы моцны сапернік, якія тут бываюць, — знарок голасна, каб пачулі тыя, хто стаяў паблізу, адказала Ліка.
Тут яна пацэліла ў самую кропку, бо пасля гэтых слоў фанабэрлівы більярдыст ужо не мог спасаваць; за тры дні, прабаўленых у “Ветразі”, ён дамогся поўнага сабе пакланення, і тое, што прапаноўвала афіцыянтка, было замахам на яго трон.
— Ну гані яго, мілка, сюды, — нядбайна махнуў ён рукою і, змераўшы стол вопытным позіркам, сказаў: — Я закончу хвілін праз пяць.
Ягоны сапернік якраз запароў лёгкі шар. Піцерац узяў працягнуты яму маркёрам кій і, ужо прыстасоўваючыся да ўдару, кінуў афіцыянтцы:
— А грошы ў яго хаця б ёсць?
— Выйграеце — пабачыце, — адказала тая і заспяшалася да выхаду.
— Ну-ну, — з’едліва хмыкнуў більярдыст і хвосткім ударам даслаў шар у лузу.
Неўзабаве, прайшло хвілін дзесяць, у залу ўвайшоў стройны чалавек у чорнай тройцы. Да яго адразу падскочыў бліжэйшы маркёр, а па зале прашалахцеў паважлівы шэпт. Многія абарочваліся ў яго бок, некаторыя прывітальна ківалі, але ніхто не здароўкаўся за руку. То быў Яніс — малады чалавек гадоў трыццаці пяці, сярэдняга росту, з саламянымі валасамі і цвёрдым падбародкам тыповага прыбалта. Высакалобы яго твар нельга было назваць прыгожым, тым больш што над левым брывом віднеўся невялікі застарэлы шрам, які ўносіў дзіўную асіметрыю. Але было ў гэтым твары нешта адухоўленае, шляхетнае, як і ва ўсіх манерах памянёнага спадара — у яго паставе, голасе, далікатнай стрыманасці ў рухах. Яніс быў з тых людзей, што адразу, богведама чаму, выклікаюць павагу. І хоць быў ён тут, можна сказаць, сталым наведвальнікам, ніхто не насмельваўся трымацца з ім запанібрата, тыкаць і, тым больш, хаміць, грубіяніць.
Яніс падышоў да піцерца, які нядаўна закончыў партыю і цяпер разваліўся ў прывольным крэсле, адпачываючы.
— Добры вечар, — сказаў ён з характэрным для прыбалтаў расцягваннем і прапяваннем галосных. — Мяне завуць Яніс.
— Вечар добры, — адказаў піцерскі злодзей і, нечакана для сябе, падняўся і працягнуў руку: — Яраслаў.
Яніс суха парукаўся з ім сваёй халоднай далонню і з расстаноўкай прамовіў:
— Мне сказалі, вы не супраць правесці са мной партыю. Таму хачу найперш давесці пра ўмовы, на якіх я гуляю. Калі яны вас, Яраслаў, не задаволяць, то проста разыдземся па розных сталах. Згода?
— Чаму ж не задаволяць… — хітравата зірнуў на яго піцерац. — Давай…це, выкладайце вышыя ўмовы. — (За тры дні ён яшчэ нікога не называў тут на “вы”.)
— Умовы мае вельмі простыя: я згаджаюся гуляць не болей як тры партыі, гэта ўсе тут ведаюць. — Яніс абярнуўся да людзей, што згрудзіліся каля іх.
— Так… Праўда… Ён гуляе па тры партыі… Гэта праўда… — адразу ж раздаліся разнамасныя галасы.
— Ну, тры дык тры, — паблажліва ўсміхнуўся Яраслаў. Яго пачынала няёмчыць гэтая цырымонія, ён быў чалавек справы.
— Агульная мая стаўка, — як аўтамат працягваў Яніс, — звычайна не перавышае тысячы долараў.
— Гэта мала, — рашыў казырнуць піцерац. — Давайце па пяцьсот. Тры партыі, па пяцьсот кожная.
— Ладна, — пасля трохсекунднай паўзы згадзіўся прыбалт. — Але з адной агаворкай: першая — трыста, другая — пяцьсот, трэцяя — семсот.