Выбрать главу

— Гэта яшчэ навошта? — падазрона зірнуў на яго сапернік.

— А калі хто прайграе першыя дзве, у яго застанецца шанц амаль усё адыграць у трэцяй, — патлумачыў Яніс. — Але, паўтараю, толькі тры партыі. Вы чулі, спадары? — Ён ізноў звярнуўся да акаляючых.

— Так… чулі… тры партыі… каб усё сумленна…

— Вы згодныя з маімі ўмовамі, Яраслаў? — Яніс пільна і нават строга зірнуў будучаму саперніку ў вочы.

— Ды згодны, згодны. Давайце распачынаць. — Піцерцу карцела як найхутчэй збіць гонар з гэтага самаўпэўненага лабуса; да таго ж ён няўтульна пачуваўся, калі змушаны быў размаўляць на прыстойнай (не прыблатнёнай) гаворцы, якую неяк няўзнак навязаў яму прыбалт.

— І яшчэ, — роўным голасам дадаў пунктуальны Яніс. — Права першага ўдару я звычайна разыгрываю жэрабем.

— Ды што за праблема! — нецярпліва ўзмахнуў рукой піцерац. — Ды я вам саступаю разбіваць першаму. Давайце ж толькі хутчэй!

— Не, — сур’ёзна сказаў гэты невыносны педант, — толькі жэрабем. Так будзе справядліва. Іначай я не магу пачынаць.

— Ды ладна, ладна… — Тут Яраслаў хацеў мацюкнуцца, але невядомая сіла яго стрымала, і ён прабурчаў: — Як вам заўгодна.

Яніс спрытна зняў пінжак, аддаў яго маркёру і застаўся ў чорнай камізэльцы. Піцерац ужо даўно быў у адной кашулі. Ад вялікага згушчэння народу ў празмерна нагрэтай зале было душнавата і на мясістым твары Яраслава блішчалі кропелькі поту.

Анатоль Гарун, стаіўшыся за спінамі прысутных, з нянавісцю пазіраў на гэты таўсматы твар. Яго вар’явала, што піцерац не абцірае пот насоўкай, як усе людзі, і той перыядычна капае на кашулю, стол і падлогу.

Кінулі жэрабя манетай. Прычым манету падкідваў старонні чалавек. Упала яна на сукно стала і вызначыла першым разбіваць піцерцу. Перш чым нанесці ўдар, ён прыдзірліва агледзеў і падправіў піраміду, затым карцінна адышоўся ад стала, прысеў, заціснуў кій паміж каленямі і жвава пацёр далонь аб далонь. А тады імпэтна наблізіўся да стала, элегантна прыгнуўся, нацэліў кій і няўлоўным тычком стукнуў па шары. Той смачна ўрэзаўся ў піраміду, слізгануў па адным з першых шароў і накіраваўся раўнютка ў правую бакавую лузу.

У памяшканні, дзе на колькі секунд устанавілася цішыня, пасля ўдалага шара раздаўся шэпт захаплення. Гарун адвярнуў твар ад стала і пакутліва зморшчыўся. І толькі Яніс застаўся як быццам зусім абыякавы. Ва ўсякім выпадку, ніводзін мускул не таргануўся на яго бледным халодным твары. Ён адно адышоўся яшчэ далей ад стала, даючы магчымасць саперніку дзейнічаць у поўную волю.

А Яраслаў, натхнёны выдатным пачаткам, раскачагарыўся і стаў заганяць шары адзін за адным. Тым больш што піраміда разбілася на рэдкасць удала, і асобныя шары раскаціліся на стопрацэнтныя пазіцыі.

Ух, як хваляваўся ў гэты час Анатоль Гарун. Ён нават забываўся на свае службовыя абавязкі і пару разоў атрымаў вымову ад кліентаў, што гулялі на суседнім стале і якіх ён мусіў абслугоўваць. Рукі Гаруна падрыгвалі, на нервовым абліччы раз-пораз праступалі сляды страшнай унутранай барацьбы, ён нават крадком свідраваў вачыма шары, якія мерыўся даслаць Яраслаў у лузу, каб сурочыць. Але гэта не дапамагала. Піцерац яўна злавіў кураж і ўпэўнена набліжаўся да перамогі.

Яму заставалася набраць толькі два ачкі, і якраз выпала выдатная магчымасць гэта зрабіць. Два шары сталі ў надзвычай зручныя пазіцыі — гэта было бачна нават Гаруну, з няблізкай адлегласці. Але Яраслаў ці то не заўважыў іх, ці то рашыў казырнуць, а толькі перайшоў ён на супрацьлеглы бок стала і прыцэліўся на два збліжаныя шары. Вопытны Гарун адразу скеміў, што піцерац хоча загнаць дубль, забіць, так сказаць, двух зайцоў разам: патрапіўшы паміж шарамі, меркаваў накіраваць адзін у найбліжэйшую бакавую, а другі — у далёкую кутнюю лузу. Гэта быў рызыкоўны і ў дадзеным выпадку малаапраўданы ход. Але Яраславу, які злавіў фарт, рупела эфектна завяршыць партыю.

Ён налёг на стол, зажмурыў адно вока і, як заўсёды, упэўнена ўдарыў.

Але тут адбылося штосьці дзіўнае. Накіраваны ў далёкую лузу шар трапіў у яе, нават не закрануўшы борціка. Але другі, што знаходзіўся ў лічаных сантыметрах ад бакавой лузы, папоўз да яе няўклюдна, тыцнуўся ў адзін край, у другі ды так і замёр, не праваліўшыся.

Піцерскі злодзей ад неспадзеўкі нават мацюкнуцца не здолеў. І тут жа, у замагільнай цішыні залы, леваруч ад яго, раздаўся кароткі радасна-трыумфальны ўскрык, які вокамгненна заглух, нібыта чалавеку заткнулі рот.

Угневаны гэтым выгукам, Яраслаў стрэльнуў вачыма ў той бок, адкуль ён данёсся. Але на піцерца глядзелі адны спагадлівыя, здзіўленыя ягоным промахам вочы людзей. Яніс жа, пра якога ўсе часова забыліся, ужо падыходзіў да стала справа і, бясспрэчна, крычаў не ён. Тады хто ж? Яраслаў гатовы быў морду разбіць за гэты радасны выкрык.