Але разважаць яму доўга не давялося, бо прыбалт узяўся за справу нагэтулькі спорна, што спачатку непрыемна здзівіў, а затым і ўсур’ёз засмуціў Яраслава. Карацей, Яніс закончыў партыю на сваю карысць хвілін за пяць. Наносіў удары прыбалт без перапынкаў, не мудраваў і асабліва не прымерваўся да шароў. Было відавочна, што ён, калі сядзеў наводдаль і назіраў за гульнёй саперніка, дасканала пралічыў усе магчымыя варыянты.
Развітваючыся з першымі трымастамі даляраў, Яраслаў міжволі стараўся згледзець на абліччы саперніка якую-небудзь радасць, насмешку. Але нічога падобнага не было: Яніс суха прыняў грошы, кіўком пакланіўся і адышоў рыхтавацца да наступнай партыі.
Затое з Анатоля Гаруна радасць так і перла фантанам. Вочы яго зіхацелі, на шчаках выступіў румянец, хацелася спяваць і танчыць. Хлопец баяўся аднаго — вонкава не выдаць свайго ненармальнага ўзрушэння. Таму, калі прыслужваў за сваім сталом, усяляк стараўся паварочвацца да заклятага ворага спінай.
Наступныя дзве партыі сталіся для Яраслава кашмарам. У другой ён не набраў ніводнага ачка па той простай прычыне, што яго сапернік аніразу не прамахнуўся: упэўнена разбіўшы піраміду, ён, нібы па нітачцы, раскруціў клубок партыі да пераможнага канца. Яраслаў адно здранцвела і заварожана назіраў, як мяняе Яніс свае паставы над сталом, як пераходзіць з аднаго кута да другога, як шустрыць яго жаўтлявы кій над зялёным сукном. І пры ўсім гэтым — спакойны, амаль абыякавы выраз твару!
І што самае подлае, людзі, якія нядаўна захапляліся ім, Яраславам, цяпер зусім на яго забыліся і ледзьве ў далоні не пляскаюць гэтаму лабусу, гэтаму аўтамату па загонцы шароў у лузы. Вунь адзін, таўстапузы ў рудой камізэльцы, якога Ярасаў учора выпатрашыў на трыста даляраў, — цяпер дык відавочна ўсцешаны. А той заморак, якога Яраслаў сёння півам абліў? Каму ж, як не яму, мярзотніку, радавацца! “З дзярмом змяшаў бы!” — скрыпеў ён зубамі, пазіраючы на сутулую спіну Анатоля Гаруна, які ўвіхаўся непадалёку. Закарцела схапіць шар і шпурнуць яго ў тую рухавую, вяртлявую спіну.
Неспатоленая, несціханая злосць авалодала піцерцам. Пакуль прыбалт няўмольна вёў да завяршэння трэцюю партыю, Яраслаў пачуваўся так, нібы спуталі яму рукі і ногі, як барана, павалілі на дол, і адно застаецца чакаць яму сваёй смертухны. І не крыкнеш, што абжулілі, ашукалі Яраслава. Гэта не карты, тут усё навідавоку, сумленна. Прайграў, май мужнасць прызнаць. Ух, як жа не любіў ён цярпець паразы!
У фатальнай трэцяй партыі Яраслаў, які напачатку ўдала разбіў піраміду, запароў ужо трэці шар. Прытым шмаргануў кіем па стале, што для іграка яго класа выглядала ганебным. І зноў паласнуў па вушах чыйсьці кароткі, яхідны смяшок! І зноў Яраслаў не ўпільнаваў, хто засмяяўся.
Асаблівае ўніжэнне перажыў піцерац, калі разлічваўся з Янісам за трэцюю партыю. Аддаўшы шэсцьсот даляраў буйнымі купюрамі, ён выявіў, што ў яго кашальку адна дробязь. Давялося шнарыць па ўсіх кішэнях, збіраць дзесяткамі і пятакамі апошнюю сотню. Да таго ж — ці то ад шалу, ці то ад боязі не расплаціцца — па-здрадніцку закалаціліся рукі. І гэта бачыў не толькі Яніс, што бязмоўным манекенам паўстаў каля яго і чакаў свайго выйгрышу, а і людзі, для якіх ён яшчэ гадзіну таму быў неаспрэчным аўтарытэтам.
Нарэшце расплаціўшыся з Янісам, агаломшаны паразай Яраслаў спусціўся ў бар і, што з ім здаралася крайне рэдка, на працягу пятнаццаці хвілін выпіў за стойкай некалькі чарак каньяку. Але раздражненне не аціхала, нясцерпна хацелася адыграцца, і нішто іншае не лезла ў галаву. Да таго ж падавалася, што бармен, які дагодліва напаўняў яму чаркі, хавае за сваімі вусамі кплівую насмешку.
Так, трэба было браць рэванш. І Яраслаў, ачмураны каньяком і падбухтораны нячысцікам, зноўку пацёгся ў більярдную.
— Дзе Яніс? — схапіў ён за лацкан першага ж маркёра, што яму трапіўся.
— Не ведаю. Мусіць, на другім паверсе, — адказаў служка.
— Чорт вас усіх раздзяры! — Яраслаў павярнуў наўспят і, пераскакваючы праз тры прыступкі, паляцеў у рэстаранную залу.
— Гэй ты, бялявая! — акрыкнуў ён Ліку, якая, заўважыўшы піцерца, паспрабавала прашмыгнуць на кухню. — Стой, я табе кажу! Дзе Яніс?
— Яніс?.. — удала недаўменне Ліка і знерухомела.
— Ну гэты, такі бялявы, — падскочыў да яе і нецярпліва замахаў рукамі Яраслаў, — лабус, прыбалт, Янісам яго зваць… — І раптам успомніў: — Дык ты ж сама мне яго падсунула, курва! Гавары, а то цыцкі паадрываю!
— А… Дык ён уніз пайшоў, здаецца… да гардэроба, — нібыта пакрысе ўспамінала Ліка; па праўдзе, яна вельмі спужалася.