Выбрать главу

— Даўно?! — злосна тарашчыўся на яе Яраслаў.

— Ды хвілін пяць, мусіць.

— Ат! — махнуў ён рукой і пабег да выхаду з залы.

Тут трэба сказаць, што за час, пакуль Яраслаў у роспачы жлукціў каньяк, Ліка паспела падысці да Яніса, што вярнуўся да свайго століка, узяць у яго сто даляраў (умоўлены працэнт з выйгрышу) і, мала таго, нават аддаць пяцьдзесят даляраў Гаруну, які і без тых грошай быў на сёмым небе ад шчасця.

Усё адбылося прывычна, упраўна і незаўважна для акаляючых.

Яніс жа выпіў заўсёдны келіх “Бардо”, ціха ўстаў і прывідам выслізнуў з залы, у супрацьлеглым куце якой, за стойкай бара, бедаваў і заліваў пройгрыш каньяком піцерскі злодзей.

Словам, калі піцерац выскачыў у фае, Яніса ўжо і след прастыў.

— Гэй, стары! — кінуўся Яраслаў да пажылога самавітага швейцара. — Тут Яніс не паяўляўся?

— А хто гэта такі? — спытаўся добра абучаны вартаўнік.

— Ну, прыбалт, бялявы такі, у більярд тут гуляе заўсёды, — нерваваўся Яраслаў.

— А хто яго ведае… — няпэўна буркнуў швейцар. — Хіба мала сюды народу спускаецца.

— Дык на які хрэн ты тут пастаўлены, ёлуп! — насунуўся на яго піцерац. — Гавары, падла, праходзіў Яніс ці не! А то ўраз мардасіну размяжулю. — Ён схапіў дзеда за каўнер, націснуў кулаком на кадык.

Перапалоханы такім паваротам, крыху прыдушаны, швейцар зашаптаў:

— Ну, праўда ж… не ведаю я дакладна… Ну спускаўся… ён пару разоў перакурыць… мо і на вуліцу прашмыгнуў.

— Дык выходзіў ці не? — штомоцы тузануў яго піцерскі злодзей. — Гавары, плесня смярдзючая!

Вакол іх ужо сабралася колькі чалавек, але ніхто не наважваўся ўступіцца за швейцара.

— Ну выйшаў. Дык што з таго? — сіпеў дзед. — Я ж яму не пастух. — Ды адпусці ты каўнер, шалёны!

Піцерац адштурхнуў дзеда прэч і грозна звярнуўся да акаляючых:

— Хто бачыў прыбалта?

— Малады чалавек, — аклікнуў яго нехта збоку траскучым голасам; гэта быў гардэробшчык. — Яніс ужо не вернецца, ён прыйшоў сюды без верхняй вопраткі. І заўсёды без яе прыходзіць. А скандаліць тут не трэба, — загаварыў ён ужо смялей, бо па прыступках спускаліся два плячыстыя мардатыя ахоўнікі.

— Усё нармалёва, хлопцы, — правільна ацаніўшы сітуацыю, кіўнуў ахоўнікам Яраслаў, калі тыя наблізіліся.

Ён з цяжкасцю ўтаймаваў гнеў, зашпіліў і паправіў пінжак ды зноў падняўся па лесвіцы ў рэстаранную залу.

— Апусцілі падонка… Так яму і трэба… Не лезь у чужую стайню… Малайчына лабус… — запанаваў у фае зларадасны перашэпт.

Але Яраслаў не чуў гэтых слоў.

Гэты вечар ён завяршыў катастрафічна. Зразумеўшы, што сёння Яніса не знайсці, ён наважыў пільнаваць яго тут заўтра і паслязаўтра, а пакуль падняцца ў більярдную, каб адыграцца на нейкім ёлупні. Але выпіты каньяк і душэўны разлад ад ганебнай паразы адыгралі не на яго карысць, і ўдача канчаткова адвярнулася ад піцерца. За тры гадзіны ён прайграў яшчэ пяцьсот даляраў, і толькі паручыцельства мясцовых аўтарытэтаў, да якіх Яраслаў дазваніўся па мабільніку і звязаў з Ашотам, дазволіла яму выдрацца сухім з гэтае калатнечы: сябрукі паабяцалі за яго заплаціць.

У дадатак да ўсяго — па прынцыпе: чым горш, тым лепей — Яраслаў, які заўсёды кепска пераносіў алкаголь, перад самай раніцай набраўся як жаба твані, у беспамяцтве быў пагружаны на аўто і дастаўлены ў свае апартаменты ў гасцініцы “Інтурыст”.

У “Ветразі” яго больш ніколі не бачылі.

11

Анжэла Гольцава была жанчына мажная, дзябёлая і бязвольная. У трыццаць пяць гадоў з-за паўнаты, нездарова пухлага бледнага твару і нейкай агульнай недагледжанасці наўрад бы хто даў ёй менш за сорак. А між тым яшчэ ў дваццаць пяць яе цела было ўсяго толькі схільнае да паўнаты, твар прамяніўся гарэзным румянцам, а валасы былі не зляжалыя, а пышныя і блішчастыя. Развітыя формы заўсёды прываблівалі да яе кавалераў, падабалася ім і Анжэліна памяркоўнасць: у тым плане, што можна было лёгка да яе падступіцца.

Стаўшы жанчынай ужо на другім курсе інстытута, Гольцава ажно да дваццаці пяці гадоў не магла выйсці замуж. Нават тыя яе сяброўкі, у каго не было прыкметнага поспеху сярод хлопцаў, адна за адной браліся шлюбамі. А ўсё ад таго, што былі яны, не ў прыклад Анжэле, хітрыя ды ўчэпістыя.

Але нарэшце пашэнціла і Гольцавай. Праўда, жаніх, Антось, аказаўся не высокі ростам, не волат, пра якога яна даўно і патаемна марыла, а нават з рэдзенькімі бясколернымі валасамі, з праплешынамі. Дый не хакеіст, не афіцэр, не кінаакцёр, а ўсяго толькі эканаміст — як ён сябе называў. А па праўдзе, шараговы бухгалтар.

Ну ды нішто. Галоўнае, ён кахаў Анжэлу, і ад гэтага кахання неўзабаве, і паўгода пасля вяселля не прамінула, нарадзіўся Андрэйка, прыгожанькі такі, здаровенькі хлопчык.