Год шчасліва пражылі маладыя ў Анжэлінай трохпакаёўцы, што засталася ёй пасля рана памерлых бацькоў. Праўда, не муж насіў на руках Анжэлу, а яна гатовая была з яго пылінкі страсаць: абмывала, абшывала яго, пазбаўляла ад прыбірання кватэры, ад беганіны па прадукты і іншага. Ды ўсё спагадліва выслухоўвала ягоныя жальбы на беднасць, на несправядлівасць начальніка Аксёнкіна, на тое, што яго, Антося, не разумее ніхто.
На трэці год іх сумеснага пражывання выявілася ў мужа новая рыса: стаў ён пакутліва зайздросціць розным людзям — тым, хто ў час развалу імперыі спрытна зарыентаваўся ў рэчаіснасці і пайшоў угору. Вельмі заядала яго, няшчаснага, што многія былыя аднакурснікі паўладкоўваліся ў прыватныя фірмы, сталі галоўнымі бухгалтарамі, а тое і свае справы паадкрывалі. Цяпер раскашуюць, чэрці. А ён, які і разумнейшы і сумленнейшы за іх, вымушаны гібець на смехатворным акладзе і есці нішчымны боршч, які з года ў год — аж абрыдла! — гатуе яму Анжэла.
Гэтыя жальбы-нараканні закончыліся тым, што замкнуўся ў сабе Антось, як бы ўзлаваўся на ўсё і ўсіх, стаў прыходзіць позна, скрытнічаў. Гольцава небеспадстаўна западозрыла, што завёў муж сабе сяброўку. Аднак перажывала гэта ціха, затоена: ні спытаць, ні, тым больш, папракнуць не адважвалася яна свайго чалавека.
А ўсё аказалася куды як сур’ёзней: у адзін памятны дзень Антося арыштавалі, у кватэры правялі ператрус і знайшлі на антрэсолі пакунак са скарбамі, украдзенымі ў адной заможнай сям’і: сталовае срэбра і золата, пярсцёнкі з дробнымі дыяментамі. Як казаў адвакат, наняты свякрухай, і невялікая гэта была кража, і артыкул не такі грозны, і стаяў Антось толькі на шухеры, але запраторылі-такі яго на тры гады — падкарміцца на казённых харчах, папрацаваць на карысць дзяржавы.
Першы год раскайваўся, слёзныя лісты дасылаў. Кахаю, пісаў, ты чакай толькі. Анжэла каўтала слёзы, чакала; працуючы на паўтары стаўкі, гадавала малога Андрэйку.
Затым, праўда, лісты сталі прыходзіць усё радзей і радзей, зніклі адтуль сантыменты і слёзнасць, з’явіліся нязвыклая каснаязыкасць і прыблатнёныя слоўцы, праглядвалася падазронасць да жонкі: ці не гуляе, ці не рыхтуе яму свінню ў выглядзе разводу, адмовы ў прапісцы і падобнае. Адчувалася нават скрытая пагроза.
І вось прайшлі чарадой зімы і леты, ды явіўся аднойчы ўвечары Анжэлін законны муж: нейкі схуднелы, замацярэлы, з насцярожана-нядобрым (гэта яна заўважыла) выразам твару.
Ну, абняліся, пацалаваліся. І адразу ж, не спытаўшыся нават пра пяцігадовага сына, Антось зашыўся ў пакоі, дзе стаяў тэлефон, ды з гадзіну гаманіў там са сваёй маці. Ласкава так называў яе: “матуля”, “родненькая”. Гэта моцна заела Анжэлу, бо са свякрухай у яе былі цяжкія, напружаныя адносіны.
За вячэрай размова яўна не клеілася. Жарты ў Антося былі прымітыўныя, аддавалі пахабшчынай, вочы зеўралі пустатою. Гольцавай нават страшнавата стала: нібы прыйшоў гэта не доўгачаканы муж, бацька яе сына, а чужы, небяспечны чалавек заявіўся. Піў і еў ён прагна. Але асушыўшы паўпляшкі гарэлкі, пазмрачнеў, піць перастаў, адно безуважна калупаў відэльцам у талерцы і смаліў моцныя папяросы. Попел страсаў у шклянку. Затым прысунуўся да жонкі, агладзіў сукаватай рукой, на пальцах якой былі вытатуіраваны нейкія літары, і раптам, абхапіўшы левай за шыю, драпежна прыпаў губамі да Анжэліных вуснаў, акунуў правую кісць у яе раскошны бюст. Праз хвіліну, без усякіх слоў і цырымоній, ускінуў на рукі і занёс у спальню. Святло ў зале так і гарэла да раніцы, стол застаўся непрыбраным.
Муж мучыў яе ў пасцелі цалюткую ноч, гадзін сем. Толькі перад світаннем захроп. Анжэла ж так і ляжала з адкрытымі вачыма, тупа глядзела ў столь. Ужо займаўся восеньскі золак, праз гадзіну трэба было будзіць сына, карміць і адводзіць у садок. На работу вырашыла не ісці, узяць адгул.
Калі ўстала з пасцелі, балела ўсё цела і ламала косці, а зірнуўшы ў люстэрка, убачыла цёмныя мяшкі пад вачыма і пару сінякоў ад засосаў на шыі. У ваннай жа, прымаючы душ, заўважыла некалькі сініх плям на жываце і сцёгнах, драпіны на грудзях.
Муж прадрых сном немаўляці да першай гадзіны. Устаўшы, загадаў выпрасаваць яму кашулю і стары касцюм. З аппетытам і амаль моўчкі паснедаў, узяў у Анжэлы дваццаць даляраў (“на разжытак”) і, сказаўшы: “Вечарам буду”, — знік за дзвярыма.
Антось і сапраўды прыйшоў вечарам. Толькі позна, а першай гадзіне ночы, пад добрай чаркаю. На скулах у яго выпнуліся жаўлакі, на кашулі быў адарваны верхні гузік і віднелася цёмная пляма — верагодна, ад віна; вочы калюча блішчалі. Ён па-свойску палез у халадзільнік, вывудзіў недапітую ўчора бутэльку гарэлкі і сёе-тое з закусі. Выпіў першую чарку, а тады падазваў да сябе Анжэлу, што нясмела тапталася ў дзвярах. Усадзіў на калені, прапанаваў выпіць. Яна адмовілася.