Гэтая дваццацігадовая розніца паміж імі найбольш прыгнятала Аркадзя Рыгоравіча. Каму, як не яму, ведаць, на чым грунтуюцца цесныя ўзаемаадносіны паміж мужыком і жанчынай. А тут, як на бяду, ужо ў пяцьдзесят гадоў — недаравальна рана! — пачалося рэзкае аслабленне яго мужчынскай фізіялогіі. А пару разоў дык і наогул выходзілі канфузы. Даводзілася блытана апраўдвацца стомленасцю, недамаганнем. Гэта яму, Бабаеўскаму, пра “геройствы” якога ў кулуарах тэатра ходзяць легенды!
І занепакоіўся з гэтай прычыны Аркадзь Рыгоравіч, запанікаваў, па дактарах кінуўся. Цяперака хапае розных прыватных сексолагаў. Супакоіў адзін, прапісаў таблетак дарагіх замежных, параіў не ператамляцца, не нервавацца, знізіць крывяны ціск… Знізіць ціск! Ды дзе ж ты яго панізіш, пракляты, калі такія, як Пугач, яго падвышаюць і падвышаюць. Тут або звальняйся, або памірай стоячы. І няма куды адступаць, у старую сям’ю не прымуць. З жахам, усё часцей і часцей, трызнілася Бабаеўскаму яго недалёкая, нямоглая і плаксівая, старасць. Напорыста рысавала жвавае ўяўленне рэжысёра брудны пакой і высахлага неахайнага дзеда, што сядзіць ля акна, бязмэтна ўтаропіўшы ашклянелыя вочы на вуліцу. А тое паўставаў перад унутраным вокам інвалідны дом на Дражні (Рыгоравіч неяк ладзіў там для інвалідаў і састарэлых дабрачынны спектакль). Гэтыя прапахлыя мачой, медыкаментамі і маннай кашай калідоры, гэтая казённая мэбля, гэтая жывая магіла… Гэх, доля яго гаротніцкая. Кіне, абавязкова кіне яго красуня Зарэмба, сыдзецца з нейкім плячыстым кабялём, або знойдзе сабе новага рэжысёра-сужыцеля. І паняволі апаноўвала стоеная злосць на Таццяну за яе маладосць, за яе бессаромна прыгожае цела, за тое, што жыве яна з Бабаеўскім дзеля кар’еры. І гэтак, і гэтак далей…
Але нічога, ён яшчэ пазмагаецца! Толькі трэба сябе берагчы, толькі прыняць таблетак…
Зладзеявата азірнуўшыся, Бабаеўскі наліў з графіна шклянку вады, затым вывудзіў з верхняй шуфляды стала сіні пачак, дастаў з яго ружовую капсулу, паклаў у рот і пракаўтнуў, запіўшы вадою. Пачак тут жа схаваў у шуфляду і замкнуў на два абароты ключа.
Гэта быў нейкі мудрагелісты прэпарат па амаладжэнні арганізма і павелічэнні палавой актыўнасці. Паводле слоў доктара, гэтыя капсулы робяць з мужчыны тыгра. Прымаў іх Бабаеўскі пяты дзень, але з трывогай зазначаў, што не стаў ён не толькі тыграм, але і простым шэрым ваўком не зрабіўся. Супакойваў сябе тым, што прайшоў малы тэрмін ад пачатку прыёму, што лякарствы, нават самыя дзейсныя, не могуць даваць імгненнага эфекту. Але патаемная трывога, боязь стацца нікчэмным і быць адпрэчаным, трывала сядзела ў свядомасці і апошні месяц літаральна атручвала яго жыццё.
2
Як толькі Сергей Пугач вылузаўся з дырэктарскага кабінета і паплёўся ў недарэчным сваім адзенні па калідоры, з процілеглага боку, з выхаду на лесвічны пралёт, высунулася жаночая постаць у парыку і, крыху счакаўшы, імкліва прашалахцела ў апартаменты Бабаеўскага. Гэта была Танька Зарэмба.
Але перш чым распавесці, што ж адбылося ўнутры кабінета, прыпынімся на гэтай асобе.
Родам з райцэнтра, выхаваная ў сям’і звычайных служачых, Таццяна Зарэмба ўжо ў чатырнаццаць гадоў зразумела, што будзе артысткай. Прырода не пакрыўдзіла Таню ні фігурай, ні тварам. Хутчэй наадварот, зляпіла з яе гэтакі дасканалы ўзор жаночай прыцягальнасці, заганнай прыгажосці. Была яна сярэдняга росту, з точанымі плячыма і шыяй, вузкай таліяй, стройнымі доўгімі нагамі, у меру шырокім, не вульгарным, тазам. Чарнявая, з чорнымі ж хітраватымі агністымі вачыма, са смуглым румяным тварам. Усе пералічаныя вартасці цела самі па сабе не надта рэдкія ў прыродзе, але вельмі рэдка яны спалучаюцца ў такіх цудоўных прапорцыях, як у Таццяны. Часцяком геніяльны мастацкі твор — а трэба прызнаць, Зарэмба была геніяльным тварэннем прыроды — мае невялічкую хібу, няправільнасць, якая адно надае яму сілы. Такой няправільнасцю былі дзівосныя, большыя, чым таго вымагаюць класічныя прапорцыі, Таніны грудзі.
Менавіта з-за гэтых шчодрых грудзей адчувала Таццяна пастаянную, упартую і напружаную ўвагу да сябе з боку мужчынскага полу. Ужо з пятнаццаці гадоў рэдка ўдавалася ёй прайсціся па горадзе, каб не падвергнуцца сексуальнаму дамаганню. Ляпіліся да яе ўсе — ад саплівых малалеткаў да пляшывых старых, ад самавітых сямейнікаў да валацугаў. Гэта быў бясконцы, няспынны паток юрлівых асобін, гэткая ўяўная чарга, што неадступна стаіць пад дзвярыма Танінай кватэры. Часам ёй рабілася страшна і брыдка, усё далейшае жыццё бачылася як адчайнае адмахванне, адбіванне ад гэтай зацятай чаргі. І Зарэмба некаторы час змагалася супраць яе. Але рэчаіснасць узяла сваё. На адной вечарынцы яна спазнала мужчыну: амаль гвалтам яе ўзяў прыяцель аднакласніка, студэнт. І з першага ж разу, што ў дзяўчат бывае крайне рэдка, Таццяна адчула ўсю плоцкую слодыч такіх стасункаў. Праз тры месяцы яна ўжо жыла напружаным любоўным жыццём, ухітралася мець некалькіх каханкаў адначасова. Зарэмба хутка зразумела, што гэты паток юрлівых мужыкоў, якога яна раней так палохалася, не такая ўжо і благая штука. Бо некаторыя жанчыны здольныя прынадзіць за жыццё двух-трох мужчын — не болей, і за гэта гатовыя ахвяраваць чым заўгодна. А ёй, Зарэмбе, усё даецца лёгка, гуляючы. Трэба толькі ўмела кіраваць гэтым патокам, пускаць яго ў патрэбнае рэчышча. Таму што багаты ён на мужчын, якія за тое, каб лапаць яе за грудзі, ціскаць клубы ды кусаць за жывот, будуць слацца перад ёй посцілкай, поўзаць на каленях, дадуць грошай, прададуць родную маці…