Выбрать главу

Чорту ведама, чым бы скончылася гэтая сямейная разборка, каб у дзвярах не раздаўся настойлівы, працяглы званок.

“Замрыце тут, а іначай…” — загадаў муж такім голасам, што адразу стала ясна, як можа быць “іначай”. Ён шчыльна зачыніў спачывальню і падыбаў да ўваходных дзвярэй, куды нехта настойліва званіў і стукаў. “Хто?” — пачула Анжэла яго хрыплы голас.

Аказалася: дружкі; выклікалі па нейкай тэрміновай справе. Яны пашапталіся ў калідоры і неўзабаве зніклі.

Раніцой выявілася, што Андрэйка стаў заікацца. Забягаючы наперад, скажам, што потым яго доўга лячылі ў розных неўрапатолагаў, лагапедаў і псіхіятраў. Залячылі. Але і дагэтуль — мінулася шэсць гадоў — у хвіліны моцных душэўных узрушэнняў з болем заўважае Анжэла, як зрываецца і вібрыруе сынаў голас, наскакваюць адно на адно словы… І тады ўспамінаецца тая страшная ноч.

Бог злітаваўся з яе, і праз тыдзень мужа арыштавалі.

На гэты раз не адкараскаўся ён малым тэрмінам, а атрымаў на поўную закрутку — дванаццаць гадоў. Адбіраючы грошы, адкалашмаціў ён з хаўруснікамі пажылога дзядзьку, а той вазьмі ды сканай праз пяць дзён у бальніцы. Адным словам, забойства з абцяжваючымі абставінамі. Запраторылі Антося ў калонію строгага рэжыму. І гэта яшчэ прамаўчала на судзе Анжэла, які асвенцым наладзіў ёй муж за месяц сумеснага пражывання, а то б падкінулі яму гадкоў.

Усё адносна пад гэтым небам. І жыццё, што настала пасля другой мужавай пасадкі, — жыццё адзінокай маці, якое раней яна лічыла гаротным з гаротных, падалося Анжэле Гольцавай ледзьве не раем.

Праўда, даймала свякруха. Дакучліва званіла па тэлефоне і папракала за тое, што не адказвае Анжэла на мужавы лісты, не падтрымоўвае яго маральна. Падтрымоўваць пачварыну, якая выйдзе і зноў пачне яе мардаваць! Ну не! Анжэла цвёрда рашыла абарваць з Антосем усякія сувязі. З сынам пра бацьку не размаўляла; ён стаўся для іх больш чым нябожчыкам: пра тых хоць успамінаюць зрэдчас. Цяпер аднаго хацела яна — каб загнуўся яе законны ў той калоніі, каб ніколі з яе не выбраўся. Тым больш што праз паўтара года прыйшло паведамленне, што накінулі яму яшчэ пяць гадоў — за панажоўшчыну. Ва ўсякім разе можна было спадзявацца, што калі вылузаецца Антось на волю, то ўжо прыйдзе не зухам, не малайцом, які збівае сына і гвалціць жонку, а драхлай развалінай, імпатэнтам.

Але падчас верадзіла яе душу трывожнае: што як уцячэ муж з калоніі ды заявіцца неспадзеўкі? Проста халодны пот прабіваў тады Гольцаву, і ліхаманкава шукаў яе розум выйсце. І не знаходзіў. Менавіта гэты ўчэпісты страх перашкаджаў Анжэле зрабіць правільны крок: развесціся з агорклым бандытам, памяняць кватэру, пастарацца знайсці новага мужчыну, каб забыць, забыць усё даастатку. Яшчэ ж паўжыцця наперадзе! Тым больш і сяброўкі так раілі. Але па прыроджанай сваёй бязвольнасці, ад жаху перад магчымай помстай кончанага зэка, ад успамінаў пра яго кулакі не магла наважыцца Анжэла на развод.

Адно што зрабіла: вярнула сабе дзявочае прозвішча — Гольцава. І не так для сябе, як дзеля сына, якому належала ісці ў школу. Не хацелася Анжэле, каб па некалькі разоў на дні гучала там услых ненавіснае прозвішча, каб аклікалі па ім сябрукі-прыяцелі яе Андрэйку.

А сын рос разумным, кемлівым хлопчыкам, вучыўся амаль на выдатна. Адно што хвалявала — надта дамасед ён, нібы людзей цураецца. Равеснікі на вуліцы дурня валяюць, у футбол гойсаюць, а ён сядзіць, у кнігі занураны. Прычым чытае ўсё не па ўзросце. У чацвёртым класе да Купера, да “Трох мушкецёраў” дабраўся. Хіба гэта нармальна? І ўрачы кажуць, што не: гуляць трэба болей, на свежым паветры знаходзіцца, у школе і так мазгі дзецям будзь здароў замарочваюць. Вось і зрок у яго дрэнны, ужо мусіць надзяваць акуляры, а ў акулярах дзецям цяжэй — дражняць іх бязлітасныя аднагодкі, уціскаюць. Хаця Андрэйка не зломак: і ростам удаўся, і дужасцю, так што дасць, калі трэба, здачы. Але адзіночка ён, адзінокім цяжэй жывецца. Каму, як не Анжэле, гэта ведаць…

Пасля апошняй пасадкі мужа, на працягу першых двух гадоў, яшчэ рабіла яна вялыя спробы знайсці сабе сябра. І кандыдаты, здаецца, былі, і лёгкі флірт, аднак да сур’ёзных спраў не даходзіла. Зашчоўкнулася нешта ў Гольцавай, не давярала яна больш мужчынам, баялася іх. Так і пражыла шэсць гадоў адна.

12

І ўсё ж, прыкладна паўгода таму, у Анжэлы Гольцавай з’явіўся мужчына. Пазнаёмілася яна з ім выпадкова, калі вярталася з далёкага рынку, па выхадзе з аўтобуса: нейкі хлопец вызваўся памагчы дацягнуць дадому ёмістыя валізы з прадуктамі. Выгляду ён быў зусім някідкага — сярэдняга росту, са светлымі валасамі і невыразным тварам — і таму не выклікаў у Анжэлы недаверу, як, зрэшты, і асаблівай сімпатыі. Па дарозе, а дом Гольцавай адлягаў ад аўтобуснага прыпынку на добры кіламетр, яны разгаварыліся. Аказалася, хлопца завуць Віталь, ён студэнт чацвёртага курса політэхнічнага інстытута, у гэтым раёне выпадкова — едзе ад сябра.