Выбрать главу

Яны б так і развіталіся ля яе пад’езда, каб бабулі, што нязводна бавяцца тут на лавачцы, голасна не абураліся нахабным, на тры гадзіны запар, адключэннем электрычнасці. Зразумела, ліфт не працаваў. А Гольцава жыла пад самым дахам, на дзевятым паверсе. Абыходлівы малады чалавек, даведаўшыся пра гэта, не мог пакінуць жанчыну на вырак лёсу і пацягнуў валізы наверх. Анжэла ж у сваю чаргу, без усякай задняй думкі, таксама не магла не аддзячыць такога чулага хлопца хаця б чаем з булачкамі. Віталь, млява пасупраціўляўшыся, згадзіўся. Пакуль распранаўся, мыў рукі, ішоў на кухню па вузкім калідорчыку, убачыў, што і краны цякуць, і кепска функцыянуе зліўны бачок у туалеце, а пераключальнікі святла працуюць з сур’ёзнымі збоямі. За чаем Віталь далікатна пацікавіўся ў гаспадыні, у чым прычына такога дамашняга заняпаду, на што тая ўздыхнула і спярша неахвотна, а потым усё больш шчыра і горача распавяла выпадковаму знаёмцу аб сваёй нядолі. Да таго ж адкрыла, што ўпраўдом хам і дзяляга, а сантэхнік не бывае цвярозым, і ад яго прыходаў вада цячэ яшчэ больш. І гэтак далей…

Студэнт паспачуваў і без ваганняў прапанаваў — калі, вядома, яе гэта не бянтэжыць — сваю сціплую дапамогу: тое-сёе адрамантаваць, прывесці да ладу. Праўда, зараз ён спяшаецца на лекцыю, а вечарам трэба рыхтаваць курсавую, але заўтра, пасля абеду, ён неадменна прыйдзе да Анжэлы і, па меры магчымасці, штосьці зробіць.

Ён не падвёў, прыйшоў наступнага вечара і ўзяўся выпраўляць хібы заняпалай Анжэлінай гаспадаркі. Адзінаццацігадовы Андрэйка, сын Гольцавай, не адыходзіў ад яго ні на крок, цікаўна за ўсім сачыў, падаваў патрэбныя інструменты. Працы аказалася прорва. Трэба было ссунуць некаторыя шафы на кухні і ў жылых памяшканнях, паколькі за дзевяць гадоў за мэбляй назапасіліся горы пылу і бруду. Акрамя таго, узнікла неабходнасць выбіць усе дываны, што былі прыціснуты да падлогі грувасткімі шафамі, а цяпер з-пад іх вызваліліся. Словам, яны не ўправіліся за адзін вечар, і спатрэбілася яшчэ некалькі прыездаў дабрадзейнага студэнта, каб прывесці кватэру ў больш-менш гожы выгляд.

За гэты час студэнт здружыўся з Андрэйкам, а самае важнае, паміж ім і Анжэлай устанавілася трывалая сімпатыя. Яна разрасталася пры кожным спатканні, і неяк суботнім днём, калі Андрэй быў у школе, спраўдзілася тое неадхільнае, што бывае паміж маладымі мужчынам і жанчынай і дзякуючы чаму тысячагоддзямі жыве чалавечы род, жыве і не зводзіцца…

Пасля гэтага Віталь, які быў маладзейшы за Анжэлу аж на дванаццаць гадоў, стаў час ад часу начаваць у яе кватэры. Дарэчы, пры спакойным стаўленні да гэтага Андрэйкі, якому мяккі і абыходлівы характар мамінага сябра яўна быў даспадобы. Мабыць, спрацаваў тут кантраст паміж лагодным Віталем і шалёным, бязлітасным родным татам, якога сын і дагэтуль не мог успамінаць без агіды і жаху.

Анжэле ж Гольцавай мужчына быў крайне патрэбны. Змучаная адзінотай, вярэдлівымі ўспамінамі і бязрадаснымі думкамі душа была гатовая прыняць любога, хто дасць ёй цяпло, пяшчоту і ласку. Літаральна за месяц у Анжэлы выправілася паходка, у жэстах і голасе з’явілася нармальнае жаночае какецтва, зноў засвяціліся вочы, зарумянеў твар… І толькі празмерная паўната ніяк не спадала, бо ад добрага настрою ўзрос апетыт. Аднак тое ўжо была не паўната друзлай малапрывабнай кабеты, а пышнай сімпатычнай маладзіцы, на якую зноў сталі аглядвацца мужчыны.

Віталь жа, як выявілася ў хуткім часе, сам меў нямала праблем і таксама адчуваў моцную патрэбу ў сяброўцы жыцця, якой можна было б распавесці пра сваё набалелае, прытуліўшыся ўночы, абагрэць і душу і цела.

Быў ён родам з глухога мястэчка пад Полацкам, адкуль усе маладзёны, хто не хоча прапасці і спіцца, уцякаюць на злом галавы. Адслужыўшы ў войску, выправіўся і Віталь у сталіцу ў пошуках свайго шчасця. Але паступіў ён не ў тэатральны, не ў мастацкі, не ў медыцынскі, а ў банальны політэхнічны інстытут, на самую малапрэстыжную спецыяльнасць. Даводзілася зубрыць супраматы і тэорыі механізмаў, карпець над бясконцымі мудрагелістымі чарцяжамі. А ўмоў для гэтага не было, таму што пасялілі студэнта ў самы заняпалы інтэрнат, у пакой да заядлых гулякаў і бузацёраў. У пакойчыку ледзьве змяшчаліся тры казённыя ложкі і кульгавы столік, на якім не тое што чарціць — есці было немагчыма. Сужыцелі пастаянна вадзілі сюды п’яныя хаўрусы: з раўлівымі песнямі, гітарай і дзеўкамі. Віталю ўсе чатыры гады, каб сяк-так выконваць вучэбную праграму, давялося туляцца па чытальнях, бібліятэках, прыяцелевых кватэрах. Нярэдка, калі позна вечарам вяртаўся ў інтэрнат, заставаў там разнастайных алесяў, васілёў і наташак, якія спакойна сабе дрыхлі на яго ложку пасля чарговай гулянкі. Дый не толькі дрыхлі…