Выбрать главу

Усё гэта, ціха жалячыся, расказваў Віталь сваёй новай сяброўцы. Зрэшты, не будзем многа пра яго гаварыць, бо ён яшчэ пра сябе выкажацца. Тым больш што акурат у той марозны студзеньскі вечар, калі разыгралася драма ў рэстаране “Ветразь”, чакала Анжэла Гольцава чарговага Віталевага прыходу.

Ён пазваніў на пачатку адзінаццатай і паабяцаў быць праз гадзінку. Жанчына вельмі ўзрадавалася гэтаму, паколькі Віталь здаваў зімовую сесію і аж з Новага года не мог да яе прыехаць. Звычайна ж ён начаваў у Гольцавай два разы на тыдзень. Часцей не мог, бо, уважаючы на буяных сужыцеляў, апасаўся за сваё месца і няхітрую маёмасць. Ужо некалькі разоў, калі Віталь ездзіў на пабыўку дадому, сужыцелі самавольна сялілі на яго ложак разнамасных прыяцеляў-алкашоў, якіх затым было надзвычай цяжка вытурыць. Гэтыя “пасяляне” спалі на яго ложку, елі яго лыжкай з яго талеркі ды, мала таго, валтузіліся з жанчынамі сумніўнай чысціні на яго просцінах… Словам, кватэра Гольцавай была запаветным прыстанкам для гэтага шматпакутнага студэнта і добрага, мяккага чалавека.

…Гадзіннік паказваў дзесяць хвілін першай, а Віталя ўсё не было. Гольцава хвалявалася. Яна нервова тупала па кухні, раз-пораз падыходзіла да акна і ўзіралася праз шыбу ў начную цемру. Іх двор быў асветлены нядрэнна, але квартал перад аўтобусным прыпынкам, цераз які мусіў ісці Віталь, сёння быў вусцішна цёмным. Яна трывожна ўслухоўвалася і быццам бы чула адтуль выгукі і п’яны рогат тутэйшых хуліганаў, якія заўсёды наводзілі на яе агіду і страх. Тут ужо двойчы забілі ціхамірных жыхароў, што вярталіся дамоў поначы. Аднаго — у суседнім доме, непасрэдна пад Анжэлінымі вокнамі: на саракагадовага мужчыну напаў нейкі вырадак з арматурынай і наводмаш, бязлітасна малаціў па грудзях, спіне і галаве, пакуль той не ўпаў мёртвым. Гэта бачылі жыхары, пад чыімі вокнамі адбываўся той жудасны гвалт. Міліцыя, якую яны выклікалі, не толькі не выратавала нябогу, але і ягоны забойца бясследна растаў у начным цемрыве.

Гэтая і падобныя жахлівыя гісторыі ўпарта лезлі ў галаву беднай Гольцавай. А яшчэ даймаў Андрэйка, які захапіўся чарговай прыгодніцкай кніжкай і ніяк не хацеў засынаць. Маці ўжо два разы заходзіла ў яго спальню і загадвала гасіць святло. Сын, бледны ад празмернага чытання, спрачаўся з ёй і капрызнічаў. Анжэла, вычарпаўшы ўсе слоўныя аргументы, вырвала кнігу з яго рук, і Андрэйка нечакана закрычаў на яе, пачаў нешта тараторыць і, як почасту з ім бывала, збіўся на заіканне, заплакаў. Расплакалася і Анжэла. Яна кожнага разу пасля такіх выпадкаў успамінала мужа, што быў прычынай гэтага заікання, і нібы перажывала нанова падзеі шасцігадовай даўнасці. А надоечы ёй прысніўся сон, ад якога яна і дагэтуль не можа прыйсці да душэўнае раўнавагі. У сне тым сярод ночы нешта стукнула, рыпнула, а затым стала нязвыкла ціха. Анжэла пакутліва ўслухоўвалася ў цішыню, і ёй падалося, што ў кватэры ёсць нехта трэці. Яна ўскочыла з ложка і, пераадольваючы жах, прадыбала ў калідор. Паспрабавала ўключыць святло, але пераключальнік заела. І тут яна ўбачыла, што з залы, дзверы ў якую былі няшчыльна зачынены, прабіваецца прывіднае блакітнае святло. Яна пракралася да шчыліны, прыпала да яе, спрабуючы зазірнуць у пакой. Раптам дзверы знасцежыліся самі, і Анжэла ўбачыла пасярод залы свайго мужа Антося, залітага месяцовым святлом; бязмоўны і страхалюдны, ён трымаў у адной руцэ крывы доўгі нож, а ў другой, за валасы, чыюсьці адсечанаю галаву. Галава была павернута да Анжэлы патыліцай, але недарэчная здагадка працяла яе існасць: гэта галава Віталіка! Ашаломленая страшнай здагадкай, яна рынулася з залы і пабегла па калідоры да спальні. Але калідор аказаўся бясконцым, ногі Гольцавай блыталіся і вязлі ў чымсьці смярдзючым і ліпкім, а ззаду гулка бухалі неадхільныя крокі яе мужа-забойцы… У гэты момант Анжэла прачнулася. Яна ляжала на левым баку, за грудзінай тахкала і замірала напалоханае жаночае сэрца…

І якраз наступнага дня прыперлася свякруха. А дагэтуль з паўгода не паказвалася і не тэлефанавала. Гольцаву як перуном жахнула: нездарма такія супадзенні. Свякруха, гэтая старая карга, апошнія шэсць гадоў упарта даймала Анжэлу сваімі прыходамі. Заявіцца, бывала, без папярэджання — паі яе чаем, вынаходзь нейкія пустыя словы, бо пра мужа Гольцава зараклася з ёй не размаўляць. І дзіўна, тая таксама амаль не ўзгадвала свайго сына, а толькі яхідна-дакорліва пазірала на нявестку ды шнырыла калючымі злоснымі вачыма па кватэры. Анжэла ведала — шукае сляды мужчыны, сынку свайму ненагляднаму плошчу зберагчы хоча. Сама ж жыве ў камуналцы, і калі вернецца сынок-забойца, то ёй хоць з дому збягай. Хоча, старая гадаўка, каб ён да Анжэлы вярнуўся, каб ізноў мучыў яе і Андрэйку. А іначай нашто ёй прыходзіць? Пра ўнука свайго адзінага амаль не спытаецца: ці не хварэе ён, як вучыцца? За шэсць год прынесла яму дзве заляжалыя, пакрытыя белым налётам шакаладкі. Анжэла іх выкінула ў смеццеправод. І сыну загадала, каб не адпіраў бабулі, калі адзін дома. Аднойчы і не адпёр Андрэйка, убачыў старую ў дзвярное вочка — і не пусціў. Доўга, напорыста, з паўгадзіны, званіла свякруха, цвяліла нервовую сістэму дзіцяці. Той мусіў патэлефанаваць Гольцавай на работу, і яна стрымгалоў, праз паўгорада, памчалася дадому, каб падраць праклятай ведзьме твар і навек адвадзіць ад іхняй сям’і. Дзякаваць Богу, не застала яна старую. Некалькі месяцаў яе не было з таго часу.