— Я ж табе прапаноўвала іх да мяне перанесці, — папікнула яго Анжэла. — І наогул, чарцяжы трэба ў футарале трымаць.
— Ды што цяпер у пусты след гаварыць, — уздыхнуў Віталь. — Канешне, я вінаваты. Прыйшоў сёння ўвечары: сядзяць пяць чалавек лыка не вяжучы. Распітыя такія, нахабныя будкі. Двое — на маім ложку. У пакоі накурана, чатыры пустыя трохлітровікі валяюцца і піўная лужына на падлозе. У мяне аж сэрца спынілася: прапалі мае чарцяжы! Рынуўся пад ложак — так і ёсць: мокры скрутак. Ды па законе подласці зборачны чарцёж, самы з іх складаны, найбольш пацярпеў. Бо абгортваў сабой усе астатнія.
— Дык, можа, высушыць яго, адпрасаваць і…
— Дзе там, Анжэла! — усклікнуў Віталь. — Я ж спрабаваў. Ён цяперака на туалетную паперу падобны. Ды прытым, прабач, на тую, якой добра пакарысталіся. Ох… — Ён аблакаціўся на стол і закрыў твар далонямі. — Капец мне, Анжэла. Я яго за тыдзень не аднаўлю, да экзамена мяне, натуральна, не дапусцяць. А калі буду чарціць (а іншага выйсця няма), то правалю і астатнія экзамены. Э-эх… Прападаць дык з музыкай. — З гэтымі словамі ён дастаў з пакета, які ўвесь час трымаў на каленях, бутэльку партвейну ёмістасцю 0,7 літра.
— Ну вось яшчэ! Знайшоў час, — здзівілася Гольцава. — Хіба гэта вырашэнне праблемы? Нап’ешся, як будзеш заўтра працаваць?
— Дык тое ж заўтра, — з адчайнай абыякавасцю сказаў студэнт, адкаркоўваючы пляшку. — Ненавіджу алкаголь і, верыш, ніколі ў жыцці не здымаў стрэсы з яго дапамогай. Але і рэдка ж мне было так пагана, як сёння…
— Ты паеш хоць, Віталік. Лягчэй стане. — Гольцава пасунула да яго талерку з нарэзанай варанай каўбасой і вяндлінай. — Хочаш, яешню згатую?
— Не, Анжэла, кусок у горла не палезе. Падай лепш пару шкляначак, калі ласка.
Гольцава з неахвотай паставіла на стол два грувасткія нязграбныя фужэры. Віталь наліў сабе поўны, ёй — палавіну.
— Вып’ем не чокаючыся. — Ён адным махам праглынуў нізкаякасны напой, зморшчыўся.
Анжэла толькі прыгубіла.
— І што ты цяпер думаеш рабіць?
— Ат! — матнуў студэнт галавой. — Пераначуем — лепш пачуем. Неяк выкручуся. Чарцяжы я да Івана занёс. Я табе гаварыў, ёсць у мяне прыяцель з тутэйшых. Харошы чалавек. Абяцаў мне пакой і поўны камфорт на тыдзень.
— А навошта да сябра? Да мяне б ехаў… — сказала Анжэла.
Яна нічога не ела, а толькі спачувальна глядзела на Віталя, які, хоць і сказаў, што “кусок у горла не палезе”, раптам прыняўся спорна ўпісваць каўбасу, вяндліну і сыр, адрываў ад лусты буйныя кавалкі хлеба і запіхваў у рот. Відаць, партвейн вярнуў яму апетыт.
— Дык Іван жыве ў двух кроках ад інстытута, а мне трэба туды перыядычна заскакваць. У мяне ж і па іншых прадметах хвасты.
— І па іншых?
— А ты думала! Праўда, кароценькія.
Калі Віталь схіляўся над талеркай, доўгая пасма валасоў падала яму на вочы, ён завучаным рухам адкідаў іх улева. Але праз колькі секунд непаслухмяныя валасы зноў спадалі з ілба. І так раз за разам.
Гольцаву заўсёды смяшыў гэты Віталікаў жэст. Так часцяком робяць эстрадныя спевакі: наўмысна адпускаюць доўгую чупрыну, якая раз-пораз захінае вочы, каб элегантным узмахам рукі збіваць яе ўбок. Але гэта робіцца на публіку. У Віталіка ж была іншая прычына: валасы зачэсваліся набок, каб схаваць застарэлы шрам над краем левага брыва, якога хлопец чамусьці дужа саромеўся.
Анжэла аднойчы не сцярпела і спыталася пра гэты шрам, пра Віталеву звычку хаваць яго пад валасамі рухам, падобным на нервовы цік. Хоць тады была ноч і пакой асвятляўся толькі слабым таршэрам, Гольцава заўважыла, як пачырванеў Віталікаў твар. Пасля няёмкай паўзы ён усё ж расказаў, што ў дзяцінстве столькі нацярпеўся з-за гэтага шрама ад равеснікаў, што камплексуе і стараецца ўсяляк хаваць гэтую хібу. Віталік нават адкрыўся, што з-за агорклага шрама ў яго да дваццаці гадоў не было сяброўкі, бо лічыў сябе ўродам і баяўся дзяўчат. Хаця і ў кніжках чытаў, і ад людзей чуў, што шрамы на мужчыне адно дадаюць яму гонару, — нічога не мог з сабой парабіць.
— Ну што — давай яшчэ па трошачкі? — Віталь плюхнуў у свой фужэр партвейну, абнавіў сяброўчын. Ад выпітага яго нос збарвянеў і неяк абвіс, у голасе з’явіліся жывейшыя, задзірлівыя ноткі.
— Давай вып’ем за тое, — студэнт падняў фужэр, — каб усё ж менш зла было на зямлі, каб подлых людзей паменшала.
— Давай, — журботна сказала Анжэла і неспадзявана для сябе выпіла ўсё налітае.
— Я ведаю, мной некаторыя пагарджаюць за мяккасць маю і дабрадушнасць, — сказаў Віталь, перажоўваючы салёны гурок. — Мяне нават слабым чалавекам лічаць. Прынамсі — тыя малойчыкі, што сёння мой чарцёж півам пазалівалі. Яны толькі б тады запаважалі мяне, каб я камусьці з іх морду за гэта начысціў. Але давай рэальна, Анжэла. Што я мог зрабіць, апроч як сабраць свае манаткі і пайсці, так бы мовіць, прыніжаным і абражаным? А крыўдна ж! Ох як крыўдна было… Я нават спінай адчуваў, як яны з мяне пасміхаюцца…