Выбрать главу

— Ды ладна табе, што за размова… — супакойлівым голасам пачала Гольцава; ёй, па праўдзе, хацелася закругляцца ды ісці спаць.

— А рэч, мілая мая, у тым, — Віталь пацягнуўся па пляшку і наліў ужо толькі сабе, — што такія, як яны, мяне лічаць за нікчэмнасць, за камара, якога можна раздушыць адным пальцам. І раздушылі б, паспрабуй я толькі абурыцца наконт чарцяжоў, ад якіх, можа, усё маё жыццё залежыць. Гэта ж недачалавекі нейкія! Сядзяць пяць мардасін, адна за адну шырэйшая, з во такімі сківіцамі, — ён паказаў далонямі памер, — і жалезабетоннымі лбамі. Гэтакія сытыя, укормленыя бульдогі. І самае страшнае, Анжэла, што яны — студэнты! Хай сабе не гуманітарыі, не музыкі, але яны будучыя інжынеры — будаўнікі, так сказаць, еўрапейскай дзяржавы. Яны не ходзяць на лекцыі, ніколі не робяць курсавых, не рыхтуюцца да экзаменаў, а тым не менш ціхамірна здаюць сесію за сесіяй, атрымоўваюць дыпломы… А я, — Віталь нервова адкінуў валасы з ілба, — і на лекцыі хаджу, і бібліятэкі наведваю, і над курсавымі гарбачуся, а ў выніку вылечу з інстытута я, такі дбайны, а не яны, каму на вучобу начхаць і нас…ць.

— Ну неяк жа яны вучэбную праграму здаюць.

— Здаюць, зразумела. Чаму б не здаваць! Курсавыя яны купляюць за грошы, а на залікі ды экзамены ходзяць да таго, пакуль выкладчыку не надакучаць іхнія тупыя фізіяноміі, і ён не падмахне ім па “траяку”. І выходзяць праз пяць гадоў з нашага інстытута інжынеры, якія за гэты час добра папілі піва, уволю пераймелі жанчын, удосыць наскакаліся на дыскатэках, але не прачыталі ніводнага падручніка! Пра мастацкую літаратуру не буду казаць — яны яе проста ненавідзяць. І вось ідуць яны ў жыццё. Добра калі не па спецыяльнасці. Найхутчэй — гэта будучыя дзялкі, круцялі, бандыты. Але ж некаторыя, мізэрная з іх колькасць, уладкуюцца ў СКБ і пачнуць праектаваць механізмы, дамы, віядукі, дарогі. Якія ў нас дамы і якія дарогі, я думаю, табе не трэба казаць. — За размовай Віталь ужо размахваў рукамі; апроч носа, у яго цяпер збарвянелі і шчокі.

— Давай я табе чаю налью. — Анжэла ўсур’ёз апасалася, што яе сябар зусім з’едзе з рэек.

— Не хачу чаю, і партвейну болей не буду. — Віталь з грэблівасцю адсунуў локцем бутэльку, яна пахіснулася і ўпала б, каб Гольцава яе не падхапіла. Бутэльку яна рашуча схавала ў халадзільнік.

— Дзе ж ім ведаць пра апорныя канструкцыі, — працягваў разгарачаны студэнт, — калі ўся іхняя апора — піва, гарэлка ды бабы. Вось чым яны сілкуюцца ўсе пяць гадоў. А не будзе ў іх гэтай пажывы, то яны чалавека прыб’юць, а сваё возьмуць. Я табе, Анжэла, не казаў, а ў нас паўтара года таму найжахлівейшы выпадак здарыўся. Перад летняй сесіяй пазычыў адзін з такіх “супермэнаў” грошы ў прыстойнага студэнта. Прыйшоў тэрмін — не аддае, сабака. А таму хлопцу грошы да зарэзу патрэбныя: прыйшла тэлеграма — з бацькам дрэнна, трэба тэрмінова ляцець дадому. Пайшоў ён да свайго даўжніка, а там сядзіць прыкладна такая кампанія, як і ў мяне сёння: п’юць, жаруць, заліваюцца рогатам тры бязмозгія быдляніцы. Той і так, і гэтак упрошваў вярнуць грошы, ды хіба можа чалавек з малпай паразумецца? Я падрабязнасцяў, канешне, не ведаю, але раззлаваў ён гэтую п’яную хеўру, і нехта з гарачкі заехаў яму бутэлькай па галаве. Хлопец упаў, знепрытомнеў. Тыя ў ачмурэнні падумалі, што забілі яго. Заўваж, толькі падумалі! Але каб не рызыкаваць, яны вось што зрабілі: завалаклі нябогу на адзін паверх вышэй (а былі яны на дванаццатым) разбілі шыбу на лесвічным пралёце і скінулі чалавека з гэтакай верхатуры. Маўляў, сам сігануў.

— І што?! — вылупіўшы вочы, з жахам спыталася Гольцава.

— Вядома, насмерць. — Віталь сціснуў кулакі на стале, і па яго твары прабегла сутарга. — А можа, яго толькі аглушылі бутэлькай? Як цяпер дазнаешся?..

“Глядзі, як супадае! — напалохана думала Анжэла. — І сон мой жудлівы, і свякруха прыперлася, і цяпер гэты расказ…”

— Во як хвацка гэтыя зухі распарадзіліся чалавечым лёсам! Шух — і няма дваццацігадовага хлопца… Ды мала таго, нічога ніхто не даказаў, хоць апошні ёлупень у інтэрнаце цяпер ведае, як гэта было. Сужыцелі ж таго хлопца зналі, каму ён грошы пазычыў, да каго ў той вечар адправіўся… “Самагубства” — канстатавала правасуддзе, бо бацькі ў гэтых вырадкаў аказаліся не ўломкі і падкупілі ўсіх каго трэба. Хадзіла пагалоска, што ў аднаго з тых трох нават асабняк у правінцыі прадалі, каб выплаціць хабар. Правільна! Чаго не зробіш дзеля выратавання бясцэннага нашчадка свайго! Толькі хацеў бы я паглядзець, — скрывіў страшную ўсмешку Віталік, — як цяпер жывуць тыя вылюдкі: ці не прапаў у іх апетыт, ці не мучыць іх начамі бяссонне? Не! — бухнуў ён кулаком па стале. — І не глядзеўшы, ведаю, што і з апетытам яны жаруць, і з насалодай баб топчуць, і нават прастуда іх не бярэ.