— А яны зараз вучацца?
— Не, паўгода таму паспяхова атрымалі дыпломы. І, упэўнены, занялі не апошнія месцы ў нашым грамадстве. Бо мараль: памры ты сягоння, а я заўтра — яна самая надзейная.
— Гэта не мараль.
— Не, Анжэла, для іх — мараль, то бок жыццёвыя прынцыпы, якіх яны няўхільна пільнуюцца. Калі трэба ім будзе пажраць адно аднаго — і зжаруць, не трывожся… — Віталь абхапіў галаву рукамі. — Тут жа страшнае што — безвыходнасць. Безвыходнасць у тым, што нам з імі жыць, і нікуды тут не падзенешся… Больш за тое, быць нам давеку пад іх уладаю, таму што такія гарлахваты — заўжды наверсе, заўжды верхаводзяць, іх нельга ўявіць падначаленымі, нейкімі там дробнымі клеркамі. Нават пры поўнай адсутнасці мазгоў — яны начальнікі, яны чыноўнікі, яны ўладары нашых лёсаў. Нават калі й не вылечу я з інстытута, калі неяк зачаплюся за горад (што досыць праблематычна) — усё адно буду рабом такіх вось мардасін, чалавекам на пабягушках. Да скону. А вылечу, вярнуся дамоў — тады зусім мне хана! Сап’юся, як мой бацька і брат. Брацельнік старэйшы мой, я табе раней не казаў, цяпер інвалід, аднаногі. А якім малайцом быў! Усё гарэлка… Раней трактарыстам працаваў, дзевак меў колькі душа пажадае; у мясцовым клубе, калі якая сварка ці бойка, — ён першы. І прасіла маці, і маліла яго: жаніся, Сяргей, — усё дарэмна. Зірне на яе, дурнавата ўсміхнецца — і да крамы. А там сябрукі, блатхата, шлюхі… Прыцягнецца дамоў перад світаннем, пару гадзін падрыхне, здаровы бугай, і на работу, за трактар. Так штодзень. Хіба гэта нармальна для трыццацігадовага чалавека?
Анжэла моўчкі і не вельмі ўважліва слухала.
— Пакуль не дагуляўся Сярога наш… — унурыўшы пагляд у стол, гаварыў Віталь. — Неяк зімой напіўся да ачмурэння і заваліўся ў сумёт ля плота. Так да ранку і пралежаў, бядак… Адну нагу адмарозіў — адрэзалі па калена; другую, дзякуй Богу, выратаваць удалося. А яшчэ — двухбаковае запаленне лёгкіх. Словам, тры месяцы брацельнік мой па бальніцах праваляўся, выйшаў на мыліцах. А тут: вясна, красавік, зеляніна бярэцца, вішні зацвітаюць, птушкі прыляцелі… І як бы — не для яго гэта ўсё. Прывык жа мой Сярога над усім верхаводзіць, усё сілай ды нахрапам браць; за здароўем сваім магутным і не заўважаў ён, які гэты свет цудоўны, колькі ў ім і без гарэлкі, і без баб сэнсу ёсцека… — Віталь уздыхнуў. — Цяпер ужо другі год інваліднічае. Цяжка яму, бо не прывучыўся ён за жыццё ні чытаць, ні галавой думаць. Ляжыць, добра калі тэлевізар уключыць. А больш — у столь глядзіць, маркоціцца. Папівае, але ціха цяпер, без буйства, з бацькам на пару. Бацька ж мой, Анжэла, таксама выпіць не зломак. Звычайна не многа п’е, пагаманіць любіць за чаркаю, палітыку абмеркаваць, футбол… Але колькі разоў на год так запівае, што не дай Божа. Электрык ён, спецыяліст, якіх у нашым мястэчку нямашака, таму і не гоняць яго з работы, церпяць… Карацей, і братава інвалідства, і бацькавы запоі, і маё безнадзейнае студэнцтва — усё кладзецца на маміны плечы. Яны ж свае грошы прапіваюць амаль дарэшты, і каб не хатняя гаспадарка, якую мама цягне практычна адна, то я б, Анжэла, вучыцца не змог. Стыпендыі цяпер смяхотлівыя. А так то сала, то каўбасы свойскай маці падкіне, то яшчэ чаго. Праўда, каб адзін я жыў, а то і сужыцеляў кармі — Сашку з Пецькам, — апетыты ж у іх будзь здароў, асабліва калі пад чаркай. А пад чаркай яны заўсёды. Эх… — Віталь пацёр далонню асавелыя вочы. — Але як бы ні кепска мне жылося ў інстытуце, усё ж буду за яго зубамі трымацца. Таму што як уяўлю сябе ў нашай хаце, з братам-інвалідам ды з састарэлым запойным бацькам, то хоць вешайся. Бедная, бедная мая мама…
Недарэчны, прарэзлівы ў начной цішы тэлефонны званок данёсся з калідора. Гольцаву аж перасмыкнула; яна вокамгненна падхапілася з месца і кінулася з кухні, баючыся, каб званок не разбудзіў і не напужаў сына.
— Ало! — нервова шапнула яна ў трубку.
Маўчанне. Злавеснае маўчанне было ёй адказам. Дзіўны, містычны страх скаваў Анжэлу. Ёй здалося, што нехта схапіў абцугамі за яе страўнік і выварочвае.
— Ало… — ледзьве вымавіла яна. — Хто гэта?
І тут, нібы адказваючы на паўторнае пытанне, у трубцы раздаліся кароткія, бяздушныя, як сама смерць, гудкі.