Адразу пасля замужжа Марына адчула і ацаніла, што значыць не жыць на сторублёвую зарплату, не таўчыся ў грамадскім транспарце, не стаяць у даўжэзных чэргах па несамавітыя макароны, а лётаць на чорнай “Волзе”, атаварвацца ў спецбуфетах разнастайнымі далікатэсамі ды раскашавацца ў выгоднай прасторнай кватэры з відам на чысты сквер ля ракі. Усё гэта было непрывычна, дзівосна і радасна. Тым больш што ў хуткім часе з’явілася на свет здаровенькая дзяўчынка, названая бацькамі Вікторыяй, жыццё якой, як было заведзена ў родзе Скубачоў, абяцала быць беспакутным і сытым.
Каб нехта сказаў тады Марыне, што праз сем гадоў яна ўзненавідзіць і саліднага мужа свайго, і ўсе гэтыя выгоды да такой ступені, што зноўку перабярэцца да састарэлых хворых бацькоў, яна б проста весела рассмяялася.
Аднак не прайшло і года сытага і лагоднага існавання, як пачала Паспелава раздражняцца, няёмчыцца. Гэта выяўлялася ў перыядычным зніжэнні працаздольнасці, прыступах абыякавасці і, наадварот, у празмернай жыццёвай актыўнасці, што часам даходзіла да істэрычнасці. І прычынай таму сталіся Іван Іваныч, яго добранадзейныя бацькі і ўвогуле ўвесь лад іх жыцця, куды няўхільна ўцягвалася сама Марына.
У сям’і Скубачоў былі свае трывалыя правілы, якім тыя безагаворачна падпарадкоўваліся і дзякуючы якім заўсёды знаходзіліся на вяршыні грамадскай лесвіцы. Яны, правілы, моцна адрозніваліся ад быційнага ўкладу, да якога прывыкла Марына Паспелава з дзяцінства, які панаваў у іхняй скромнай сям’і; яны выклікалі міжвольны пратэст, раздражнялі. Скубачы сталі ўяўляцца Марыне нейкай кастай завоблачных людзей, якая не толькі не падпарадкоўваецца звычайным людскім законам, але і адкрыта грэбуе як-небудзь з тымі звычайнымі людзьмі перасекчыся.
На двары найжвавейшым чынам ішла гарбачоўская перабудова, тэлевізар дэманстраваў руйнаванне закасцянелых догмаў і норм, заклікаў да свабоды і дэмакратыі, затым распалася цэлая імперыя, а ў іхняй сям’і, як і ў іншых “наменклатурных” сем’ях, царавалі спакой і непахісная бестрывожнасць. Іван Іваныч па-ранейшаму ездзіў на работу на чорнай “Волзе”, вырашаў лёсапераваротныя для краіны задачы, па-ранейшаму поўніўся іхні халадзільнік далікатэсамі, па-ранейшаму адпачывалі яны па льготных пуцёўках на Поўдні былой імперыі. І гэта ў той час, калі пуставалі прылаўкі ў крамах, а шараговы абывацель не атрымоўваў зарплаты па два, тры, па чатыры месяцы…
Праўда, змянілася шыльда на міністэрстве, дзе працаваў Іван Іваныч, змянілася і адно слова ў назве ягонай пасады.
Яшчэ да развалу Савецкага Саюза, адразу пасля выхаду Марыны з дэкрэтнага адпачынку, уладкаваў яе муж у гарвыканкам. Яна не хацела, супраціўлялася, казала, што яна архітэктар і не можа быць простым сакратаром пры самадурным чыноўніку. Угаварыў, пераканаў, прымусіў. А праз тры месяцы даведалася Марына, што зачынілася тое праектнае бюро, дзе яна з цікавасцю прарабіла тры гады, — зачынілася і ліквідавалася як бесперспектыўнае. Містычны страх перад Іванам Іванычам пасяліўся ў ёй з таго часу. Уяўлялася, што і не з чалавекам яна жыве, а з нейкай да Бога набліжанай, усёмагутнай і ва ўсім дасведчанай істотаю.
Яна спакваля стала аддаляцца ад мужа, боязь і трапятанне перад яго аўтарытэтам паступова перараслі ва ўстойлівую непрыязнасць. Злавалі Іванавы самаўпэўненыя меркаванні, якія ён выказваў усім і ўсюды безапеляцыйным, абрыдлым ёй тонам. Дома муж быў педант і зануда. Ніколі не павышаючы на Марыну голасу, ён прыдзіраўся да кожнай дробязі хатняй гаспадаркі і неадхільна настойваў на сваім: будзь тое мыццё падлогі ці варка супу. Ён бурчаў і пілаваў яе нервовую сістэму да таго часу, пакуль не было ўсё зроблена правільна, бездакорна, як трэба. Ён ведаў, якія прадукты карысныя для здароўя, а якія не, і цаніў у ядзе не смак, а колькасць калорый і вітамінаў. У вопратцы — не прыгажосць, а трываласць, немазлівасць і адпаведнасць прынятым нормам. Усё гэта ён навязваў і дачцэ і жонцы. Калі ж яго не слухаліся, папярэджваў, што можа адбыцца нешта нядобрае, і гэта нядобрае не прымушала сябе чакаць. Аднойчы ўзімку ён параіў Марыне не апранаць боты на высокіх абцасах, бо цяпер галалёд, можна пакаўзнуцца і пакалечыцца. Яны доўга спрачаліся ў калідоры, жонка не паслухалася і выйшла за парог на высокіх абцасах. Наўздагон ён гукнуў: “Зламаеш нагу, будзеш сама вінаватая!” У гэты дзень яна сапраўды пакаўзнулася, зламала ступню і два месяцы прамучылася на мыліцах. Чорная, нямая злосць на Івана затаілася ў Марынінай душы. Увесь праведзены на мыліцах час ёй здавалася, што муж, нягледзячы на вонкавую спагаду і чуласць, унутрана задаволены гэтым няшчасным выпадкам: маўляў, будзе табе, бесталковай, навука.